Віктар Ганчарэнка: «У Калізеі я адчуў подых часу…»


Французскі пісьменнік-гуманіст Антуан дэ Сент-Экзюперы неяк заўважыў, што кожны чалавек – велічыня, справа толькі ў маштабах яго асобы. Таму перад сустрэчай з нашым земляком Віктарам Міхайлавічам ГАНЧАРЭНКАМ прыкметна хваляваўся. Згадзіцеся: правінцыяльны журналіст і лепшы футбольны трэнер краіны – велічыні мала супаставімыя. Аднак у час нашай гутаркі з задавальненнем пераканаўся ў тым, што мой суразмоўца, нягледзячы на ўсе тытулы і рэгаліі, па-ранейшаму застаўся такім жа сціплым і тактоўным чалавекам, добразычлівым і разумным субяседнікам, якім яго і ведаў раней. Зрэшты, мяркуйце самі.

– Віктар Міхайлавіч, віншуем Вас з другім запар званнем лепшага трэнера года па футболу ў Беларусі. Якія пачуцці зараз адчуваеце?

– Атрымаць такое прызнанне прыемна кожнаму. Аднак не лічу яго нейкай асабістай заслугай, а расцэньваю як высокую ацэнку арганізацыі ўсіх спраў у нашым БАТЭ, зладжанай і ў вышэйшай ступені прафесійнай работы трэнерскага і медыцынскага штабоў каманды, цудоўнага падбору выканаўцаў і спецыялістаў. Усе працуюць на вынік, і ў такіх умовах намнога лягчэй праявіць сябе любому трэнеру. Таму ні ў якім разе не аддзяляю сябе ад калег.

– Як расцэньваеце вынікі мінулага сезона?

– Агульная думка такая: мы зрабілі крок наперад. Хаця без негатыву не абышлося, і асабліва крыўднымі для нас сталі паражэнні ад “Эвертона” ў Мінску і “Вентспілса” ў Латвіі. У гэтых сустрэчах мы мелі адчувальную перавагу, якая ніяк не ўвасаблялася ў забітыя мячы. Тым не менш, у гульнях з балгарскім “Літэксам” каманда прадэманстравала свой сапраўдны характар і вярнулася на звыклы і, лічу, высокі ўзровень.

Парадавалі перамогі над АЕКам і “Эвертонам” і, канешне ж, чарговы тытул чэмпіёна Беларусі.

– Які дэбют атрымаўся больш складаным – у Лізе Чэмпіёнаў або ў Лізе Еўропы?

– Канешне, у пазамінулым годзе нам было куды цяжэй упершыню выступаць у самым прэстыжным еўрапейскім турніры, ды яшчэ ў кампаніі з “Рэалам”, “Ювентусам” і “Зенітам”. Але мы дастойна вытрымалі гэты экзамен і, што яшчэ больш важна, набылі неацэнны міжнародны вопыт, які добра дапамог нам у гульнях Лігі Еўропы-2009.

– Есць думка, што апошні турнір па падбору сапернікаў, фінансавых магчымасцях і глядацкай цікаўнасці намнога саступае Лізе Чэмпіёнаў Еўропы…

– Так, цікаўнасць гледачоў тут на парадак ніжэй. Аднак лічу, што тая ж “Бенфіка”, з якой мы сапернічалі на групавой стадыі Лігі Еўропы, і сёння б склала дастойную канкурэнцыю і “Рэалу”, і “Чэлсі” або “Мілану”.

З другога боку, на лютаўскай стадыі плэй-оф Лігі Еўропы хапае каманд з гучным іменем: “Ліверпуль”, “Ювентус”, “Аякс”, “Валенсія”, “Марсель”, мінулагодні ўладальнік гэтага трафею – данецкі “Шахцёр”, той жа казанскі “Рубін”, які перамогай над “Барселонай” (ды яшчэ на яе паляне!), даказаў, што здольны на многае. Так што ранг гэтых спаборніцтваў па-ранейшаму высокі і перамога ў ім гэтак жа прэстыжна.

– Вам давялося пазнаёміцца з многімі знакамітымі ў футбольнай Еўропе трэнерамі: Клаўдзіа Раньеры, Мануэлем Пелегрыні, Лучана Спалецці, Леанідам Слуцкім, Давідам Мойесам, Жоржы Жэзусам. Хто з іх пакінуў найбольш прыемныя ўражанні?

– Лучана Спалецці. Ен не толькі шчодра дзяліўся са мной сваімі ведамі і напрацоўкамі, але і застаецца ў памяці як вельмі добразычлівы, вясёлы і адкрыты чалавек. Лучана нават запрасіў нас з жонкай павячэраць у яго рымскім доме, аб чым заўсёды ўспамінаю з прыемнасцю і цеплынёй. Пасля пераходу з італьянскай “Ромы” ў піцерскі “Зеніт” жадаю яму новых поспехаў і перамог.

А з Леанідам Слуцкім мяне звязвае шчырая і даўняя дружба. Гэты чалавек заўсёды дапамагае мне добрымі і слушнымі парадамі, за што я шчыра ўдзячны яму.

– Як думаеце, атрымаецца ў яго ў ЦСКА, расійская ж футбольная грамадскасць вельмі нецярплівая, ёй патрэбен вынік адразу і зараз…

– Гульнямі супраць “Манчэсцер Юнайтэда”, “Бешыкташа” і “Вольфсбурга” Слуцкі даказаў сваю прафесійную пераканаўчасць і не сумняваюся ў тым, што пад яго кіраўніцтвам армейцы дасягнуць новых вяршынь.

– У час зарубежных паездак Вам давялося наведаць многія сусветна вядомыя мясціны і славутасці. Што з іх найбольш уразіла?

– Вельмі спадабалася Італія і яе сталіца – Рым. Чым больш знаходзішся ў Вечным горадзе, тым болей у яго ўлюбляешся. Падабаецца ўсё: і лад жыцця, і прыемны клімат, і непаўторная італьянская кухня. Адным словам, казка.

А яшчэ вельмі ўразіў Калізей. Больш тысячагоддзя гэтаму збудаванню, але не перастаеш здзіўляцца яго велічы, адчуванне такое, быццам ты ўяве адчуў подых часу, які вее ад яго камянёў. Запомніліся экскурсіі ў Сіксцінскую капэлу, Ватыкан, фантан Трэві ў Рыме.

Спадабаліся старажытныя Лісабон і Мадрыд, арыгінальная забудова англійскага Ліверпуля.

– Што звязвае Вас сёння з хойніцкай зямлёй?

– Мае маці і сястра зараз жывуць у Акцябрскім. Аднак Хойнікі назаўсёды засталіся ў памяці як горад дзяцінства, месца, дзе я зрабіў свае першыя крокі ў самастойным жыцці і любімым футболе. Ніколі не забуду людзей, якія былі маімі першымі спартыўнымі настаўнікамі – Андрэя Васільевіча Ермакова і Аляксандра Леанідавіча Вяргейчыка.

А яшчэ тут засталося нямала маіх добрых і верных сяброў з самога дзяцінства, сустрэчы з якімі заўсёды дастаўляюць радасць і прыемнае хваляванне.

– Віктар Міхайлавіч, якія трансферныя навіны?

– Пакуль што магу дакладна сказаць аб тым, што перайшоў у польскі “Лех” Сяргей Крывец і пакінуў нашу каманду Віталь Булыга. Да абаронцы Максіма Бардачова праяўляе цікаўнасць партугальская “Бенфіка”, а форвардам Віталем Радыёнавым зацікавіўся французскі “Мец”. Аднак у абодвух гэтых выпадках размова ідзе толькі аб арэндзе, мы ж настайваем на паўнацэнным кантракце. Перагаворы наконт далейшага лёсу гэтых нашых ігракоў пакуль што працягваюцца.

Што датычыць новых ігракоў, то мы маем намер узмацніць флангі паўабароны і набыць яшчэ аднаго выніковага нападаючага. Перагаворы вядуцца з цэлым шэрагам ігракоў, аднак канкрэтныя прозвішчы называць яшчэ рана.

– Якія бліжэйшыя планы БАТЭ і Вашы асабіста?

– Адпачынак каманды працягнецца да 17 студзеня, а 18-га і 19-га футбалісты пройдуць медабследаванне. 20 студзеня каманда збярэцца на сваёй базе ў Дудзінцы пад Барысавам, дзе і пачне падрыхтоўку да новага сезона.

У нашых планах і ўдзел у міжнародным турніры ў Сочы з 4 па 6 лютага. Чакаецца, што нашымі сапернікамі стануць сочынская “Жамчужына”, венская “Аўстрыя” і чэшская “Вікторыя” з Пльзені. А ў больш аддаленых планах каманды два працяглыя зборы ў Турцыі.

Што датычыць маіх асабістых планаў, то 11 студзеня я накіроўваюся на тыднёвую стажыроўку да трэнера італьянскага клуба “Бары” Джамп’ера Вентуры. Нагадаю, што за гэты клуб выступае наш былы ігрок Віталь Кутузаў.

А адразу з Італіі мяне чакае пералёт у Іспанію. Тут таксама прайду тыднёвую стажыроўку ў клубе іспанскай прэм’еры – “Вільяррэале” і ў яго галоўнага трэнера Эрнеста Валвердэ.

– Віктар Міхайлавіч, дзякуй Вам за цікавую і змястоўную размову, якую хацелася б завяршыць традыцыйным пытаннем: якія задачы стаяць перад Вамі ў 2010 годзе?

– Галоўнай задачай лічу відовішчную, выніковую і радуючую гледачоў гульню, якую мы павінны дэманстраваць у кожнай сустрэчы, не зважаючы на ранг і сілу сапернікаў. Што датычыць канкрэтных вынікаў, то, калі ласка: перамога ў чэмпіянаце і Кубку краіны, выхад у групавы раунд Лігі Еўропы з наступным выхадам у стадыю плэй-оф. Лічу, што дасягненне ўсіх гэтых мэт нашай       камандзе цалкам пад сілу, усё залежыць толькі ад нас.


Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *