Уступная кампанія 2010 года не за гарамі, і ўсіх цікавіць, што новага чакае абітурыента. Практычна нічога не зменіцца. Усё будзе так, як і ў мінулыя гады, для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны патрэбна будзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне.
Вопыт мінулых гадоў паказвае, што непадрыхтаванасць некаторых абітурыентаў да тэсціравання не толькі па ўзроўню ведаў, але псіхалагічна негатыўна ўплывае на яго вынік. Як атрымаць жаданы тэставы бал і што патрэбна для гэтага зрабіць? Ужо зараз многім абітурыентам трэба задумацца над гэтым пытаннем.
Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання – гэта ўзмоцненае вывучэнне прадмета на ўроках, факультатыўных занятках, курсах, якія арганізоўваюцца ВНУ і іншымі ўстановамі адукацыі. Без мінімальных ведаў не будзе станоўчай адзнакі, як і не трэба разлічваць на выпадак або ўдачу.
З іншага боку, эфектыўнай падрыхтоўцы таксама садзейнічае і грунтоўнае знаёмства з працэсам тэсціравання. Калі вы маеце дакладнае ўяўленне аб гэтай працэдуры, азнаёміліся са структурай тэставых заданняў, патрэніраваліся ў запаўненні бланкаў, то атрымаеце больш высокія вынікі, чым нявопытныя падыспытныя. Як паказваюць даследаванні, неаднаразовыя трэніроўкі могуць палепшыць тэставы бал на 10-15 ачкоў па 100-бальнай шкале.
Магчымаць патрэніравацца абітурыенту дае рэпетыцыйнае тэсціраванне, штогод арганізоўваемае Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў, які прадастаўляе тэставыя матэрыялы. Парадак правядзення, апрацоўка адказаў і выдача вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіях цэнтралізаванага тэсціравання. Адно адрозненне – не выдаецца сертыфікат.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца па ўсіх прадметах уступных іспытаў на беларускай або рускай мове (па выбару) у тры этапы:
І этап – кастрычнік – снежань
ІІ этап – студзень – люты
ІІІ этап – сакавік – красавік
Арганізоўвае і праводзіць у Гомелі і Гомельскай вобласці репетыцыйнае тэсціраванне афіцыйны прадстаўнік Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у рэгіёне – Гомельскі рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі сумесна з ВНУ вобласці і раённымі аддзеламі адукацыі.
Каб прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне, вучням з раённых цэнтраў не абавязкова трэба ехаць у Гомель. У кожным раённым аддзеле адукацыі працуе каардынатар рэгіянальнага цэнтра тэсціравання, які займаецца пытаннямі правядзення і арганізацыі тэсціравання на базе адной са школ раёна. У Хойніцкім раёне адказнай з’яўляецца Людміла Мікалаеўна Тупіца.
Даведкі па тэл. 3-45-03.
Вынікі гэтага тэсціравання можна будзе атрымаць па месцу яго праходжання – ВНУ, школе. Таксама яны размяшчаюцца на сайтах:
1. Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў www.rikz.unibel.by.
2. Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі вучнёўскай моладзі www.rct.gomel.by.
Акрамя таго, пра вынікі можна даведацца, адправіўшы SMS-паведамленне са свайго мабільнага тэлефона на спецыяльны нумар вашага аператара сувязі (падрабязна азнаёміцца з паслугай “SMS ИТОГИ” можна на вышэйуказаных сайтах). На сайце рэгіянальнага цэнтра тэсціравання кожны ўдзельнік можа азнаёміцца з тэмамі няправільна выкананых ім заданняў, што вельмі важна для арганізацыі наступнай падрыхтоўкі.
Па выніках рэпетыцыйнага тэсціравання рэгіянальны цэнтр тэсціравання прапаноўвае кожнаму з удзельнікаў атрымаць платную індывідуальную кансультацыю па матэматыцы, фізіцы, рускай і беларускай мовах. Гэта адукацыйная паслуга прадугледжвае адрасную рассылку вучэбна-метадычнага пакета (па папярэдняй заяўцы) кожнаму прайшоўшаму тэсціраванне. У прыватнасці, кансультацыя прадугледжвае правільнае рашэнне з паясненнямі тых заданняў, з якімі школьнік не справіўся.
Падрабязную інфармацыю па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання можна атрымаць у рэгіянальным цэнтры тэсціравання па адрасу: г. Гомель, пр. Кастрычніка, 48, корпус 2, каб. 103. Даведкі па тэл. 47-52-74.
В. ГЛАЗУНОЎ,
старшыня абласнога каардынацыйнага Савета
па падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання.