Абдзеленыя бацькоўскай пяшчотай, але не пакінуты на волю лёсу дзеці, якія знаходзяцца на часовым утрыманні ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку. Аб іх клапоціцца дзяржава, і ўсё больш дабрачыннікаў становіцца ў гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Яскравым сведчаннем гэтага з’яўляецца тое, што шматлікія калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, як паведаміла загадчыца прытулку В.Л. Іванюценка, прынялі ўдзел у акцыі “Нашы дзеці”, прывезлі навагоднія і калядныя падарункі. І за гэта калектыў работнікаў установы і яе выхаванцы шчыра ўдзячны.
На Каляды да дзяцей прыязджалі пастар царквы “Благодать” з Брагіна Ю.А. Куніцкі і начальнік аддзялення ДАІ РАУС У.П. Талюк. Юрый Аляксандравіч прывёз падарункі, якія перадалі для выхаванцаў прытулка дзеці з Англіі, а Уладзімір Пятровіч правёў гутарку аб захаванні правіл дарожнага руху і ўручыў кожнаму дзіцяці па флікеру.
Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.