Стануць гвардзейцамі-артылерыстамі


7 гадзін раніцы. На вуліцах горада ціха і пустынна, рэдкія прахожыя і дворнікі каля жылых дамоў зябка кутаюцца ад марозу і пранізваючага ветру. І толькі каля будынка раённага ваеннага камісарыята ажыўлена і мнагалюдна. Сёння тут – чарговая адпраўка хойніцкіх прызыўнікоў на службу ў беларускае войска. Крыху збянтэжаныя ад усеагульнай увагі героі дня, усхваляваныя бацькі будучых салдат, іх сябры і любімыя дзяўчыны абменьваюцца апошнімі словамі развітання.

Гучаць песні і пад гітару, і з мабільных тэлефонаў, і, што цікава, чутны адзін з самых папулярных напеваў – кампазіцыя групы “Сектар Газа” “Дэмабілізацыя”. Аднак хайнічанам Аляксандру Зелянкоўскаму, Яўгенію Каўрову, Аляксею Паўлючэнку, жыхарам вёскі Стралічава Яўгенію Фурсу і Арцёму Протчанку, а таксама Аляксандру Сянько (на здымку) да дэмабілізацыі яшчэ далёка. Усе яны бліжэйшыя паўтара года правядуць на службе ў 120-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе, якая базіруецца ва Уруччы, на ўскраіне Мінска. Гэтае вайсковае падраздзяленне лічыцца адным з лепшых у арміі Рэспублікі Беларусь, а яго салдаты і афіцэры пастаянна ўдзельнічаюць ва ўсіх ваенных парадах, якія праводзяцца ў беларускай сталіцы. Што ж датычыць вайсковай падрыхтоўкі і вывучкі, то гвардзейцы-артылерысты з самага лепшага боку праявілі сябе на нядаўніх вайсковых вучэннях армій краін СНД “Захад-2009”, што і адзначылі іх калегі з братніх армій, а таксама шматлікія назіральнікі з еўрапейскіх краін.

Усе ваеннаслужачыя тэрміновай службы ў гэтай дывізіі забяспечаны ўзмоцненым харчаваннем, а ў яе падраздзяленнях створаны ўсе ўмовы для фізічнага і творчага развіцця асобы.

Па завяршэнні курса маладога байца, у канцы першага тыдня лютага, навабранцы прымуць ваенную прысягу і стануць паўнапраўнымі абаронцамі Айчыны. Шчаслівай службы!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *