На прыемнай ноце пачалося пасяджэнне райвыканкома ў мінулую пятніцу. Прыняўшы ў ім удзел старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкома П.М. Савіцкі павіншаваў з 60-годдзем начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома В.С. Васькевіча, пажадаў і ў далейшым прыносіць карысць раёну і ўручыў яму Ганаровую грамату Міністэрства па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь. Ганаровую грамату райвыканкома ўручыў юбіляру і кіраўнік раёна А.В. Бічан.
Апладысментамі зала вітала імянінніцу – начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Хойніцкаму раёну А.В. Шавыраву, прызнаннем шматгадовай працы якой былі букет кветак і Ганаровая грамата райвыканкома.
ФАРМАЛІЗМ ДА ДАБРА НЕ ДАВОДЗІЦЬ
Словы, вынесеныя ў загаловак, з’яўляюцца першаступеннай умовай дастойнага жыцця людзей. Без высокай культуры адносін, паводзін, працы кожнага чалавека немагчыма дасягнуць прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця як асобных прадпрыемстваў, так і раёна ў цэлым. Як паказвае жыццё, безгаспадарчасць, надзеі на авось да дабра не даводзяць. Пацвярджэнне таму – няшчасныя выпадкі з цяжкімі зыходамі, што адбыліся ў кастрычніку мінулага года ў раёне.
Так, трактарыст-машыніст КСУП “Веляцін” А.А. Германенка, якому было даручана засеяць асобныя ўчасткі поля, назіраючы за выгрузкай з ачышчальніка-накапляльніка “Палессе-Ротар”, заўважыў, што частка збожжа засталася на сценках і дне бункера. Ен нагамі падгроб збожжа да працуючага выгрузнога шнэка. Адступіўся і траўміраваў нагу. Па заключэнню Гомельскага абласнога наркалагічнага дыспансера ў момант атрымання траўмы А.А. Германенка знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Напярэдадні, 11 кастрычніка, на ўчастку каналізацыйнай помпавай станцыі КЖУП “Хойніцкі камунальнік” была траўміравана машыніст М.В. Самок. Знаходзячыся каля працуючага электрарухавіка з помпай, кофту, у якую была апранута М.В. Самок, захапіла валам прывада помпы, зацягнула пад вал правую руку, у выніку чаго рука была траўміравана.
Прычыны траўміравання – грубыя парушэнні адказнымі асобамі заканадаўства па забеспячэнню бяспечных умоў працы і кантролю за захаваннем працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Менавіта маўклівае сузіранне, абыякавасць, фармальнае выкананне сваіх пасадавых абавязкаў прыводзіць да такіх сумных вынікаў.
На прадпрыемствы накладзены адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафу ў памеры 5250000 руб. і 3500000 руб. адпаведна.
У адпаведнасці з рашэннямі райвыканкома дырэктару КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкіну за невыкананне патрабаваннеў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 аб’яўлена заўвага. За незабеспячэнне належнай працоўнай дысцыпліны падначаленых дырэктару КСУП “Веляцін” А.У. Гарашчанку аб’яўлена вымова. Пытанне аб адказнасці кіраўніка будзе вывучана дадаткова.
ПАДРЫХТАВАЦЬ ТЭХНІКУ ДА 1 САКАВІКА
Пры разглядзе пытання аб падрыхтоўцы тэхнікі да правядзення веснавой пасяўной кампаніі начальнік райсельгасхарчу Н.А. Слесарэнка давяла аб’ёмы вытворчасці ў галіне раслінаводства раёна: па збожжу – 48,5 тыс. т, бульбы – 8,2 тыс. т, цукровых буракоў – 42 тыс. т, масланасення рапсу – 9,4 тыс. т. Пастаўлена задача нарыхтаваць травяністых кармоў для прыватнага і грамадскага сектара 29,4 ц к. а. на ўмоўную галаву жывёлы.
Каб належным чынам апрацаваць, засеяць усе адведзеныя плошчы, а гэта 23913 га (на 523 га больш, чым у мінулым годзе), сабраць ураджай у аб’ёмах, не меншых даведзеных, у 2009 годзе была створана камісія па арганізацыі рамонту пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі на чале з галоўным інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома А.Р. Вараб’ём. У апошні дзень мінулага года створаны рабочыя групы па правядзенню ўзаемаправерак, у ходзе якіх устаноўлена: па стану на 1.01.2010 г. гатоўнасць трактарнага парку ў раёне складае 69%: энерганасычаных трактараў– 77%, плугі – 53%, культыватары – 67%, дыскавыя бораны – 62%, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў – 60%, раскідвальнікі цвёрдых арганічных угнаенняў – 57%, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты – 59%.
Аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні гэтыя лічбы не надаюць. Па словах намесніка старшыні райвыканкома, начальніка райсельгасхарчу Н.А. Слесарэнка, адставанне ад графіка рамонту адбываецца часцей за ўсё з-за адсутнасці арганізацыі і культуры вытворчасці, іншых прычын няма. Звенні па рамонту тэхнікі створаны толькі на паперы, як у агракамбінаце “Віць”, “Хойніцкім Аграсервісе”, КСУП “Веляцін”, эксбазе “Стралічава”. Кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства павінен разумець, што часу на раскачку няма, зямля не даруе пралікаў.
Да 1 сакавіка ўся тэхніка павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці.
ЗАДАЧА – ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ БЯССТРАТНУЮ РАБОТУ
У сваёй справаздачы аб выкананні ў 2009 годзе паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства дырэктар РДАУП “АТУП-14” В.А. Гайкоў аперыраваў лічбамі, сярод якіх многія дакладна сведчылі, што фінансавы стан прадпрыемства патрабуе аздараўлення. Так, перавезена пасажыраў 1246 тыс. пры заданні 1383 тыс., аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 610 млн. руб. пры заданні 730 млн. руб.; аб’ём перавезеных грузаў склаў 40,6 тыс. тон пры заданні на 2009 г. 48 тыс. тон; за 2009 год аб’ём аказаных платных паслуг у супастаўных цэнах склаў 96,5% пры заданні 113,5%.
АТУП-14 было выдзелена летась 217,5 мільёна руб. бюджэтных датацый, у тым ліку 193,3 млн. руб. на пакрыццё страт ад гарадскіх і прыгарадных перавозак. Так што да забеспячэння яго бясстратнай работы яшчэ далёка. І каб наблізіцца да такога выніку, трэба кожны дзень працаваць кіраўніку ў рэжыме штодзённага падліку. Не паквартальна вывучаць пасажырапаток, а кожны дзень, у такім жа рэжыме трэба працаваць над удасканаленнем маршрутнай сеткі. Своечасова ўзгадняць выгадныя ў эканамічным плане маршруты і зарабляць дадатковыя грошы, тым больш што аўтобусны парк дазваляе гэта рабіць.
З улікам набытых летась новых самасвалаў, стаўку рабіць на грузаперавозкі, аказваць іх у межах свайго і іншых раёнаў. Акрамя таго, трэба развіваць сервіс станцыі тэхабслугоўвання, якая працуе з сакавіка 2009 года на тэрыторыі АТУП-14, рэкламаваць свае паслугі, не многія ж уладальнікі аўтатранспарту ведаюць, што на станцыі тэхабслугоўвання “АТУП-14” маецца пад’ёмнік легкавых аўтамабіляў.
У межах падрыхтоўкі да Дня беларускай пісьменнасці абмяркоўвалася пытанне прывядзення ў парадак аўтастанцыі ў Хойніках. Як паведаміў В.А. Гайкоў, сёлета плануецца правесці яе мадэрнізацыю. Праектныя работы вядуцца, у абноўленым будынку аўтастанцыі плануецца адкрыць магазін па продажу гаспадарча-бытавых тавараў і будаўнічых матэрыялаў. Ліцэнзія на рознічны гандаль ужо атрымана.
ЗА ПАРАДАК НА ЗЯМЛІ
На значнасць пытанняў, звязаных з прыцягненнем у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, звярнула ўвагу намеснік старшыні райвыканкома А.М. Іўкова.
Па выніках праведзенай у снежні 2008 года інвентарызацыі (па даручэнню Урада Рэспублікі Беларусь) былі сфарміраваны графікі прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці, вызначаны шляхі і тэрміны, а таксама адказныя выканаўцы. Агульная колькасць невыкарыстоўваемых аб’ектаў па стану на 1.01.2009 г. склала 108 аб’ектаў камунальнай уласнасці раёна. У жніўні мінулага года была праведзена паўторная інвентарызацыя, у выніку якой іх колькасць узрасла на 19 аб’ектаў. Неабходна адзначыць, што большасць з іх знаходзіцца ва ўласнасці камунальных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Распрацаваны каляндарны графік дазволіў летась надаць гэтай рабоце планавы і мэтанакіраваны характар. Райвыканкомам і сельгаспрадпрыемствамі раёна былі падрыхтаваны і накіраваны дакументы ў Гомельскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці для арганізацыі і правядзення аукцыёнаў. Аднак па 45 аб’ектах нерухомасці аукцыён прызнаны не адбыўшымся па прычыне адсутнасці заявак на ўдзел. Так, тройчы выстаўляўся будынак былога інтэрната кансервавага завода з пачатковай цаной продажу роўнай адной базавай велічыні, двойчы – маёмасць былога кансервавага завода з паніжэннем пачатковай цаны продажу.
Па выніках 2009 года прыцягнута ў гаспадарчы абарот 55 аб’ектаў нерухомасці (пры запланаваных 54), у тым ліку:
– будынак гароднінасховішча, балансатрымальнікам якога з’яўляецца КСУП “Судкова”, здадзены ў арэнду фермерскай гаспадарцы “Алінушка”;
– будынак дзіцячага сада ў вёсцы Стралічава, балансатрымальнікам якога з’яўляецца аддзел адукацыі райвыканкома, пасля правядзення капітальнага рамонту выкарыстоўваецца ім для ўласных патрэб (там размешчаны Стралічаўскі яслі-сад);
– тры капітальныя збудаванні (адміністрацыйны будынак, два складскія памяшканні), размешчаныя ў г. Хойнікі, вул. Калесніка, 1, балансатрымальнікам якіх з’яўлялася КУП “Аравічы”, прададзены на аукцыёне 20 жніўня летась;
– будынак магазіна, размешчаны ў г. Хойнікі, вул. К. Маркса, 30б, балансатрымальнікам якога з’яўляўся КСУП імя Мележа, прададзены на аукцыёне 23 снежня 2009 года;
– будынак магазіна, размешчаны ў г. Хойнікі, вул. Лермантава, 8а, балансатрымальнікам якога з’яўлялася эксбаза “Стралічава”, прададзены на аукцыёне 24 снежня 2009 года.
У верасні мінулага года ўпершыню ў нашай краіне для арганізацыі і вядзення гаспадаркі ў бясплатнае карыстанне (на ўмовах стварэння не менш пяці рабочых месцаў, ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу тэрміну рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, забеспячэння захаванасці маёмасці) перададзена маёмасць КСУП “Судкова” (збожжасклад і тры цялятнікі) фермерскай гаспадарцы “Наш пан”, якая спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і агароднінных культур, займаецца вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі.
Крайняй мерай прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці з’яўляецца яго спісанне. Так, у 2009 годзе спісана 39 аб’ектаў нерухомасці раённай камунальнай уласнасці: КСУП “Веляцін” – 14 аб’ектаў, агракамбінат “Віць” – 16, КСУП “Судкова” – 6, КСУП “Велікаборскі”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік” , аддзел культуры – па 1 аб’екту.
Актуальнай з’яўляецца праблема зносу такіх аб’ектаў. Не знесена 12 аб’ектаў, спісаных летась. Часта яны ўяўляюць пагрозу здароўю і жыццю акружаючых. Кіраўнікам неабходна прыняць вычарпальныя меры па абмежаванню доступу на аварыйныя, неэксплуатуемыя аб’екты нерухомасці.