Гаспадыня «сярэдняй» групы


Стараста вёскі Карчовае Арсенцій Дзмітрыевіч Камеш, які часта паведамляе ў рэдакцыю “Хойніцкіх навін” аб падзеях, якія адбываюцца ў гэтым населеным пункце, папрасіў напісаць пра цялятніцу Наталлю Чэкан.

– Прыязджайце, і пабачыце, які парадак на яе рабочым месцы, як клапоціцца жанчына аб захаванасці пагалоўя маладняку, – сказаў у тэлефоннай размове прадстаўнік органа мясцовага самакіравання.

Такой жа думкі прытрымліваецца і загадчык Карчоўскай фермы ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Генадзій Фёдаравіч Літвінка: “Наталля Фёдараўна працуе ў нас параўнальна нядаўна, з ліпеня 2008 года, а ўжо дабілася добрых вытворчых паказчыкаў, сярэднясутачныя прывагі яе групы на дарошчванні летась склалі 560 грамаў”.

…Работа ў Наталлі Фёдараўны Чэкан не простая, вельмі адказная і важная. Не кожнаму, напэўна, даверыць яе можна. Бо на ўчастку, дзе працуе, – будучае ўсёй жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі, ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Цяляты ад паўтара да трох месяцаў патрабуюць стараннага догляду. І хто знаёмы са спецыфікай грамадскай жывёлагадоўлі, ведае, якая гэта цяжкая праца. На папячыцельстве цялятніцы сёння група з 66 “выхаванцаў”.

– Клопатаў кожны дзень дастаткова, – расказвае Н.Ф. Чэкан. – На ферму прыходжу раніцай да паловы сёмай гадзіны. Першай справай даю цяляткам цёплую ваду з карытцаў, якія змайстраваў аднавясковец, пенсіянер Іван Савельевіч Кузьменка. Затым раздаю кармы: зараз у рацыёне жывёлы сена, мука, кармавыя буракі згодна з зоатэхнічнымі патрабаваннямі. Другое кармленне цялят – у 17 гадзін. У перапынку займаюся подсцілам загончыкаў саломай, падмятаю падлогу ў праходах. У гэтым дапамагаюць нашы паляводкі-пенсіянеркі Марыя Васільеўна Рогач і Марыя Мікалаеўна Камеш. Кармоў у нас дастаткова, таму і прывагі маладняку жывёлы добрыя. Ды і адносіны маіх сябровак па працы да даручанай справы даволі адказныя. Да таго ж, арганізацыя працы на ферме належная. Тут кожны работнік ведае свае абавязкі і імкнецца выконваць іх якасна.

Прафесійную прыналежнасць жанчыны па-за месцам працы пры першым знаёмстве вызначыць складана. Гэта закладзена прыродай, якая адарыла яе важнай здольнасцю – адаптавацца да тых умоў, дзе знаходзіцца. Душэўная мяккасць, сардэчная мацярынская дабрыня, выхаванасць і інтэлігентнасць Наталлі Фёдараўны адразу заўважны. На першым часе нават не верылася, што працуе яна цялятніцай. Яе манера трымацца, гаварыць і слухаць прывялі да меркавання, што раней ёй даводзілася знаходзіцца ў іншых колах грамадства. І тое, што да прыходу на ферму Чэкан займалася іншай прафесійнай дзейнасцю, пацвердзілася.

Яшчэ два гады таму назад былі ў яе іншыя інтарэсы, і работа, і людзі іншыя. Доўгі час жыла ў пасёлку Коханава Віцебскай вобласці. Працавала ў дрэваапрацоўцы. Але амаль у 45-гадовым узросце па сямейных абставінах давялося пакінуць і працу, і добраўпарадкаванае жыллё і з дочкамі вярнуцца дамоў. Тут, у Карчовым, і жыве зараз са сваёй маці.

– Ад працы атрымліваю задавальненне, – зазначае Наталля Фёдараўна. – І аплачваецца яна дастойна. Для мяне гэта немалаважны факт, бо дзве дачкі – студэнткі ВНУ. Марына вучыцца на чацвёртым курсе Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, Алёна – у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту ў Гомелі. Дзяўчаты працавітыя – у час канікул дапамагаюць мне па дому і на ферме.

Вольнага часу ў людзей працавітых заўсёды дэфіцыт. Але Наталля Фёдараўна Чэкан не скардзіцца на гэты недахоп, таму што за сваё жыццё навучылася паспяваць ва ўсім і ўсюды. Вось і прыходзяць да яе поспехі ў працы. І ў жыцці больш радасці, чым расчараванняў. Есць тое душэўнае задавальненне ад гэтага, якое да яе прыйшло толькі цяпер.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *