Аб выніках года і задачах на бліжэйшую перспектыву


22 студзеня адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім разгледжана пытанне “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2009 год і задачах на 2010 год”. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкома А.В. Бічан напомніў, што з часу прыняцця праграмы перспектыўнага развіцця раёна прайшло чатыры гады, застаўся толькі апошні год для яе выканання. Таму неабходна прааналізаваць, што зроблена і што прадстаіць зрабіць дзеля няўхільнага выканання гэтай праграмы, якая прадугледжвае адну з галоўнейшых мэт – забеспячэнне дастойнага жыцця насельніцтва раёна. А каб гэта было так, усім працоўным калектывам трэба працаваць прыбыткова. Рэзервы ёсць, трэба толькі ўмець бачыць правільныя рашэнні.

З васьмі прамысловых прадпрыемстваў раёна выканалі прагнозны паказчык па вытворчасці прамысловай прадукцыі толькі тры. Між тым, рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў нашай краіне дакладна ўвязваецца са скарачэннем складскіх запасаў і ў цэлым па раёну сітуацыя мяняецца да лепшага. Запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў маюць устойлівую тэндэнцыю да скарачэння – на 1 студзеня 2010 года яны ў сярэднямесячным аб’ёме вытворчасці склалі 19,3% пры 40,9% на такую ж дату 2009 года. А кіраўнікі прадпрыемстваў павінны не забываць аб тым, што запасы – гэта замарожаныя абаротныя сродкі і крэдытныя рэсурсы, якія даводзіцца атрымліваць пад высокія працэнты ў банках, і, як вынік нерацыянальнага выкарыстання гэтых сродкаў – адсутнасць перспектыўнага развіцця прадпрыемства ў цэлым.

Неаднаразова на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта разглядвалася работа філіяла НВ РУП “Белінвесткамплект” па дрэваапрацоўцы “Палескі”, якім за 2009 год не толькі не выканана заданне па вытворчасці прадукцыі, але і не дасягнуты ўзровень папярэдняга года. Тут неабходна, у першую чаргу, правесці дакладны аналіз сабекошту плануемай да выпуску прадукцыі, а не тады праводзіць гэты аналіз, калі пачынаюць павялічвацца запасы гатовай прадукцыі на складах. Усе павінны разумець, што выкананне прагнозных паказчыкаў, вытворчасць і збыт прадукцыі з’яўляюцца важнейшым фактарам работы прадпрыемства. На “Палескім”  жа спецыяліст па збыту ўвогуле адсутнічае.

Па вытворчасці спажывецкіх тавараў за 2009 год на КВУП “Хойніцкі завод ЖБВ” выкананне склала 45,4% да ўзроўню мінулага года пры заданні 113%. Для выканання гэтага паказчыка на прадпрыемстве не прымаецца належных мер. Для павелічэння пакупніцкай здольнасці, што, па словах кіраўніка прадпрыемства, з’яўляецца асноўнай прычынай недавыканання паказчыка, неабходна, адзначалася на пасяджэнні райвыканкома,  праводзіць актыўную маркетынгавую палітыку, прапрацаваць пытанне пашырэння рынку збыту прадукцыі, продаж праз гандлёвую сетку раёна, распрацаваць буклеты і аб’екты вонкавай рэкламы з выявай выпускаемай прадукцыі.

Пры прагнозе 115,5% тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі на КВУП “Хойніцкі рамонтны завод” склаў 100,8%. Канстатавалася, што работа кіраўніцтва ў гэтым напрамку з’яўляецца крайне недастатковай. У гэтай сувязі прадпрыемству неабходна: прыкласці максімум намаганняў па пошуку новых партнёраў, асваенню выпуску новых відаў вырабаў; узяць пад асаблівы кантроль работу аддзела збыту і забеспячэння; актывізаваць работу па пастаўцы прадукцыі на замежныя рынкі, звярнуўшы ўвагу на ўзаемадзеянне з Гомельскай гандлёва-прамысловай палатай, а таксама з гандлёва-эканамічнымі службамі пасольстваў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах; распрацаваць канкрэтныя інвестыцыйныя прапановы з мэтай прыцягнення патэнцыяльных інвестараў; разгледзець пытанне прыцягнення доўгатэрміновых знешніх крыніц для фінансавання інвестыцыйных праектаў, у тым ліку звязаных з абнаўленнем станочнага парка.

Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі летась у раёне 116 мільярдаў рублёў. У асноўным гэта дзяржаўныя ўкладанні. Сур’ёзнай праблемай застаецца прыцягненне замежных інвестыцый, а патэнцыяльныя інвестары знаходзяцца, гэта паказаў нядаўні візіт італьянскай дэлегацыі з горада-пабраціма Кашына, а таксама дэлегацыі з Германіі. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый трэба скласці адпаведныя бізнес-планы, а ўкладваемыя сродкі маглі б пайсці на абнаўленне вытворчасці, што, у канчатковым выніку, працуе на паспяховасць у развіцці.

За студзень-лістапад 2009 года аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 6, 3 мільёна долараў ЗША і ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшыўся на 29,1 працэнтнага пункта. Зніжэнне знешнегандлёвага абароту звязана як са зніжэннем экспарту, аб’ём якога склаў 6,2 мільёна долараў ЗША (75% да 2008 года), так і са зніжэннем імпарту. Пераважны аб’ём экспартных аперацый ажыццяўляла ПУП “Палескія сыры” (96,4%). Зніжэнне экспарту звязана з падзеннем цэн на экспартуемую прадукцыю. Толькі ў жніўні-верасні назіраўся рост цэн. У натуральным выражэнні экспарт склаў 121,2%. Для павелічэння яго аб’ёму прадпрыемству неабходна вышукваць найбольш выгадных пакупнікоў, сфарміраваць свой партфель заказаў такім чынам, каб працаваць з прыбыткам.

Імпарт паслуг у мінулым годзе аказвала ўстанова аховы здароўя “Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца”, гэты паказчык склаў 16,2 тысячы долараў ЗША. Імпарт аказвала і ПУП “Палескія сыры”. У гэтым сэнсе звярталася на пасяджэнні райвыканкома ўвага на нездавальняючую работу Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, а таксама КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, хаця замежныя грамадзяне раён наведвалі.

Існуюць сур’ёзныя праблемы і недапрацоўкі ў сферы кааператыўнага гандлю. Райспажыўтаварыству з мэтай павелічэння аб’ёму рэалізацыі даручалася разгледзець у штатным раскладзе стварэнне структуры, якая павінна займацца збытам прадукцыі, а таксама падрыхтаваць прайс-лісты з выявай выпускаемых кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў і іх рэцэптурай. Аб якім павелічэнні аб’ёму рэалізацыі на гэтым прадпрыемстве можа весціся размова, калі няма службы збыту?

Як мінімум, у два разы трэба актывізаваць работу па стварэнню новых прадпрыемстваў. Гэта – рэальны крок да асваення новых відаў прадукцыі, якая павінна быць запатрабавана. Літаральна пад нагамі валяецца сыравіна ў дзяржаўным лясным фондзе, а прадпрыемства па перапрацоўцы шчэпкі, выпуску пілетаў няма.

Павінны запрацаваць экалагічныя грошы. А ў студзені гэтага года толькі адно сельскагаспадарчае прадпрыемства скарыстала іх на вывазку арганічных угнаенняў, больш ніхто з кіраўнікоў па гэтаму пытанню не звяртаўся – а сума іх, якая выдзелена, немалая – 190 мільёнаў рублёў.

Таксама не ў поўнай меры асвойваюцца сродкі, выдзяляемыя па чарнобыльскай тэматыцы, на будаўніцтва жылля і аб’ектаў сельскай гаспадаркі. У гэтым сэнсе патрэбна актывізаваць работу з праектнымі арганізацыямі.

Трэба навучыцца гандляваць. Часта справа стапорыцца не з-за якасці тавараў, а з-за недасканаласці маркетынгавай палітыкі. Некаторыя кіраўнікі калі робяць нейкія вывады са склаўшайся сітуацыі, то вельмі спецыфічныя, з’арыентаваныя на адміністрацыйныя спосабы вырашэння праблемы. Менавіта гэтыя, суб’ектыўныя фактары, час зжываць. Пакупніка не падманеш. Трэба задзейнічаць рэсурсы Інтэрнета, дзе дакладна заявіць аб сабе. Стаіць задача – прадаць сваю прадукцыю, заваяваць новыя і не страціць існуючыя рынкі збыту, актывізаваць работу па пастаўцы тавараў на экспарт.

Таксама ў сельскай мясцовасці з-за бескантрольнасці кіраўніцтва райспажыўтаварыства маюць месца недапушчальныя факты адсутнасці ў гандлі асобных відаў тавараў першай неабходнасці. І куды пойдзе пакупнік? Канешне ж, да прыватніка, які і прывязе тавар на дом, і прыме заяўку на наступны заказ.

Камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва называўся ў ліку трох прадпрыемстваў раёна, якія выканалі прагнозны паказчык па вытворчасці прамысловай прадукцыі за 2009 год. Аднак, можна сказаць, што не працуе бытавы сервіс на вёсцы. Не арганізоўваюцца выезды цырульнікаў, гэтую акалічнасць скарысталі суседзі з Калінкавіцкага раёна, якія аказваюць гэтую паслугу для жыхароў  аграгарадка Глінішча.

Фінансавае становішча сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па-ранейшаму застаецца нізкім, чысты прыбытак склаў за 11 месяцаў 2009 года 5498 мільёнаў рублёў, што складае да адпаведнага ўзроўню мінулага года 96%. Пратэрмінавая дэбіторская запазычанасць сельгасарганізацый на 1 кастрычніка летась склала 713 мільёнаў рублёў, або 4,1% ад агульнай крэдыторскай запазычанасці. Сярэднямесячная зарплата аграрыяў за 2009 год склала 482,3 тысячы рублёў, што ніжэй чым ва ўсіх раёнах вобласці, аднак яе ўдзельная вага ў выручцы складае 28,8% пры нарматыве 25%. Ды і з выплатай яе ўзнікаюць праблемы. Адным са спосабаў яе вырашэння магло б стаць павелічэнне аб’ёмаў аказання платных паслуг насельніцтву, але кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў не ўдзяляецца належнай увагі гэтаму. Паўсюдна дрэнная работа па рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці аб’ектаў камунальнай уласнасці. У мэтах выканання мерапрыемстваў праграмы па энергазберажэнню і эканоміі прыродных рэсурсаў неабходна нарошчваць аб’ёмы выкарыстання мясцовых відаў паліва і другасных энергарэсурсаў.

Не прымаюцца адгаворкі і па продажу малака дзяржаве. Трэба прыбавіць у гэтай справе – на перапрацоўчае прадпрыемства павінна паступаць не менш чым 45 тон малака, а зараз гэтая лічба складае толькі 38-39 тон. Стаіць задача праз ПУП “Палескія сыры” ўзяць камбікармы для маленькіх цялят.

Складанейшыя задачы перад сельскай гаспадаркай на гэты год, а каб іх вырашыць, трэба не толькі навярстаць упушчанае, але зрабіць значны рывок наперад, дабіцца выканання прагнозных паказчыкаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

РАЕННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ ПРЫЗНАЎ НЕДАСТАТКОВАЙ РАБОТУ Ў 2009 ГОДЗЕ па выкананню наступных прагнозных паказчыкаў: па вытворчасці прадукцыі прамысловасці ў цэлым па раёну (прагноз 114%, факт 112,6%) па арганізацыях, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам (прагноз 115,5%, факт 100,8%) – аддзела эканомікі райвыканкома;  па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый (прагноз 113%, факт 110,3%) – упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома; па экспарту тавараў і рознічнаму тавараабароту – аддзела эканомікі  райвыканкома;  па прыцягненню замежных інвестыцый – аддзела эканомікі райвыканкома, райсельгасхарчу, аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; па скарачэнню пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці (на 1 снежня 2009 года прырост склаў 10,9%, або 1004 млн. руб.) – КСУП “Веляцін”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, КВУП “Хойніцкі рамонтны завод”, райсельгасхарчу, аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС, аддзела эканомікі райвыканкома; па росту заработнай платы (заданне на студзень-лістапад 2009 года – 663,7 тыс. руб., факт – 658,8 тыс. руб.) – упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома, аддзела эканомікі, райсельгасхарчу, аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС; па колькасці занятых у эканоміцы (прагноз – 9,5 тыс.чалавек, факт – 9,4 тыс. чалавек) – упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома.

Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці, упраўленням і аддзелам райвыканкома забяспечыць безумоўнае выкананне ўсіх прагнозных паказчыкаў па выніках работы за 2010 год і параметраў развіцця малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў на 2010 год.      

Завяршаючы пяцігодку 2010 год у нашай краіне аб’яўлены Годам якасці. А якасць жыцця насельніцтва, як вядома, вызначаецца даходамі і жыллёвымі ўмовамі, канкурэнтаздольнасцю выпускаемай прадукцыі, якасцю выконваемых работ і аказваемых паслуг. Менавіта з такімі паказчыкамі і звязаны прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бягучы год. Эфектыўнасць правядзення Года якасці залежыць ад кожнага з нас.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *