Вечар светлых успамінаў

Образование

30 студзеня для ўсіх сваіх выпускнікоў – былых і сённяшніх – гасцінна  адкрыла дзверы дзяржаўная гімназія г. Хойнікі. Тыя, хто зараз вучыцца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах або працуе, каго наша навучальная ўстанова некалі паставіла на крыло і адправіла на самастойны шлях жыцця, сабраліся ў актавай зале, каб сустрэцца са сваімі аднакласнікамі і настаўнікамі, падзяліцца адзін з адным навінамі жыцця, даведацца пра сваіх сяброў. Прайшліся па класных кабінетах, адзначылі, як  змяніўся ў лепшы бок  іх выгляд за прайшоўшы час, пасядзелі за сваімі партамі, успомнілі час бесклапотнага дзяцінства і юнацтва.

Для гасцей цяперашнімі выпускнікамі – вучнямі 11 “А” класа і іх класным кіраўніком Таццянай Уладзіміраўнай Караблёвай быў падрыхтаваны святочны канцэрт, які падарыў прысутным незабыўныя ўражанні, светлыя эмоцыі і цяпло сэрцаў.

Ад усёй душы вітала гасцей намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Галіна Георгіеўна Рудсон, якая адзначыла, што ніколі, ні на адну мінуту не пашкадавала аб выбранай прафесіі і заўсёды памятае аб вучнях, якія адзінаццаць гадоў свайго жыцця правялі ў сценах былой СШ №4, а зараз гімназіі.

Добрымі, кранальнымі ўспамінамі аб сваім школьным жыцці падзяліўся былы выпускнік – настаўнік Стралічаўскай сярэдняй школы Алег Уладзіміравіч Чурылаў. Па яго словах, менавіта дзякуючы чулым, разумеючым і вопытным педагогам  ён выбраў прафесію сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.

Закончылася мерапрыемства выступленнем самай стыльнай і дасціпнай каманды клуба вясёлых і знаходлівых “Мантажнікі”,  чые ўдзельнікі падарылі гасцям мора смеху, радасці і весялосці.


К. МАРЧАНКОВА,
намеснік дырэктара дзяржаўнай гімназіі
г. Хойнікі па выхаваўчай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *