Не ўсе рэзервы задзейнічаны


Усе мы ведаем, што сёлетні год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам якасці, і выкананне прагнозных паказчыкаў у эканоміцы ў гэтым кантэксце з’яўляецца найважнейшым у сацыяльна-эканамічным развіцці ў завяршаючым годзе пяцігодкі.Задачы сёлета стаяць напружаныя. У пакарэнні новых рубяжоў неабходна абапірацца на вопыт праблемнага 2009 года.

Каб ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу заставацца на плыву, даводзілася прымаць многа нестандартных рашэнняў. Разам з тым не можа не выклікаць заклапочанасці той факт, што, знаходзячыся ў роўных эканамічных умовах, прадпрыемствы паказваюць розныя вынікі.

У стартавым месяцы года – студзені – закладваецца асноўны базіс для ператварэння намечаных планаў у жыццё. Аднак прамысловы комплекс раёна не справіўся з даведзеным на гэты перыяд заданнем па аб’ёму прамысловай прадукцыі, хаця перавысіў аб’ёмы мінулага года. Прагнозны паказчык выкананы на 106,7 працэнта. Перавыканалі заданне па аб’ёму выпуску прадукцыі завод гідраапаратуры (120,6%), раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва (114,3%). Большая частка прадпрыемстваў спрацавалі вышэй узроўню мінулага года, але не выйшлі на прагноз. Напрыклад, КВУП “Хойніцкі рамонтны завод” забяспечыў гэты паказчык на 110,3 працэнта, ПУП “Палескія сыры” – на 107,1, фабрыка мастацкіх вырабаў – на 105, райспажыўтаварыства – на 100,5 працэнта. Ніжэй узроўню мінулага года працавалі КВУП “Хойніцкі завод ЖБВ” (74,5%), а таксама філіял НВ РУП “Белінвесткамплект” па дрэваапрацоўцы “Палескі” (92,2%).

У студзені, як гэта ні горка канстатаваць, не выкананы прадпрыемствамі раёна і прагнозны паказчык па выпуску тавараў народнага спажывання: дасягнута лічба ў 103,6 працэнта пры заданні 110,5.  Аўтарамонтнаму заводу пакарыўся гэты паказчык у даволі высокую лічбу – 125 працэнтаў. Дарэчы, і запасы гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага   аб’ёму вытворчасці на гэтым прадпрыемстве склалі 60 працэнтаў пры заданні на студзень месяц 70 працэнтаў.

На 107,1 працэнта забяспечаны прагнозны паказчык па выпуску тавараў народнага спажывання працоўным калектывам фабрыкі мастацкіх вырабаў,  РКБА – 120 працэнтаў,  райспажыўтаварыствам і “Палескімі сырамі” – адпаведна 110,5 і 103 працэнты. Зусім не склаўся гэты паказчык на заводзе гідраапаратуры – 58,6 працэнта. І ўвогуле нулявая лічба на рахунку завода жалезабетонных вырабаў, бо тут у студзені тавары народнага спажывання не выпускаліся.

Становішча трэба мяняць кардынальным чынам, задзейнічаць усе рэсурсы для забеспячэння безумоўнага выканання прагнозных паказчыкаў работы ў прамысловасці.

Асноўныя шляхі вырашэння праблемы вядомыя і выразна акрэслены. Гэта, у першую чаргу, пошук новых рынкаў збыту, пры гэтым трэба не забываць пра суадносіны цаны і якасці. Зніжэнне запасаў прадукцыі – гэта найважнейшы паказчык на сёлетні год: калі прадпрыемства працуе на склад, то замарожваюцца абаротныя сродкі і ў рэшце рэшт пагражае фінансавы крах.  Сёння для ўсіх не сакрэт, што канкурыраваць на рынку можа толькі інавацыйная, рэсурса- і энергазберагаючая, экалагічна бяспечная вытворчасць.

Сёння ў нас практычна няма “агрэсіўнай” рэкламы выпускаемай прадукцыі, не ўмеем мы прэзентаваць яе, а для гэтага існуе шэраг форм і метадаў. Пачаць трэба з распрацоўкі маляўнічых буклетаў з інфармацыяй аб выпускаемай прадукцыі, аказваемых паслугах, больш актыўней удзельнічаць у выставачна-кірмашовай дзейнасці, асабліва ў гарадах-пабрацімах.

Мы павінны выйсці на вызначаныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця – гэта нават не належыць абмеркаванню, бо ад гэтага залежыць не толькі сённяшні дзень раёна, але і яго будучае.


А. ІЎКОВА,
намеснік старшыні райвыканкома
па эканамічных і агульных пытаннях.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *