Русалачка, у поле ідзі, дождж прывядзі!

Рэха падзеі

РусалкаУ аграгарадку Вялікі Бор на наступную нядзелю пасля праваслаўнага свята Троіцы святкуецца абрад «Провады Русалкі», які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, рэканструявалі гэты абрад і ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

У Вялікім Боры штогод выбіраюць новую Русалку. Сёлета ў гэтай ролі была вучаніца Велікаборскай сярэдняй школы Анастасія Зелянчук.

Суправаджалі галоўную гераіню Русалля мясцовыя жыхаркі, энтузіясты і захавальніцы абраду Галіна Аляксееўна Харошка, Ганна Дзмітрыеўна Сачанка, Жанна Уладзіміраўна Харошка, Эмма Мікалаеўна Кузьменка. Як заўсёды, жанчыны былі прыгожа апранутыя – вышытыя кашулькі, вясковыя андаракі, бялюткія фартушкі і нязменны атрыбут – шыкоўны вянок з кветак. Цікава, што кожная з велікаборскіх прыгажунь-спявачак імкнулася падабраць кветкі для свайго вянка, каб яны гарманіравалі з узорам на кашулі.

хороводУдалай вакальнай украпінай стаў ўдзел у абрадзе артыстак народнага ансамбля «Спадчына» РДК – Наталлі Мікалаеўны Дегцяровай, Святланы Іванаўны Каток і Ліліі Уладзіміраўны Краўчанка.
Сёлета на абрадзе па-бывалі і карэспандэнты рэспубліканскай газеты «Звязда» і раённай прэсы г. Горкі і Салігорска. З цікавасцю журналісты гутарылі з велікаборцамі. Тыя ў сваю чаргу ахвотна дзяліліся ўражаннямі і падрабязнасцямі ад важнай для вёскі падзеі. Гасцей, напрыклад, вельмі цікавіла: чаму аж да захаду сонца абрад не пачынаюць? «Чакаем, пакуль худобу з поля дадому прывядуць», – ветліва адказвалі тутэйшыя. На пытанне, навошта ў хлопцаў-ахоўнікаў, што побач з русалкай ідуць, крапіва ў руках, цярпліва  растлумачылі: у старажытнасці верылі, што каго русалка схопіць, той у вёску ніколі не вернецца. А самыя дапытлівыя – звычайна, дзеці. Вось і адганяюць ахоўнікі малых, якім наперад выбегчы карціць.

Традыцыйна Русалку правялі па вуліцы да жыта, дзе вадзілі яе пад гучныя песні вакол агню, а потым правялі ў поле. Адтуль міфічную істоту павінны былі гнаць і паспець сарваць з яе травянога адзення хаця б жмут, які кідаюць на агарод, каб зямля добра радзіла. А таксама прыцягвае дождж, які нам, асабліва цяпер, так патрэбны.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *