Заўсёды на людзях, заўсёды з людзьмі


Не заўважаем, як імчыць час. Толькі падзеі, якія адбываюцца ў жыцці адна за другой, прымушаюць успомніць, што закончыўся тыдзень, а пачаўся новы, што завяршыўся яшчэ адзін год, а ў дзверы па-гаспадарску грукае наступны. І вось ужо спраўляем сярэбраны юбілей, залаты… Глянеш на чалавека – і разумееш, што яму ўжо далёка за…

Але, на шчасце, ёсць катэгорыя людзей, што стараюцца не паддавацца бегу часу і жывуць так, як быццам і няма тых гадоў за плячыма. Гледзячыся ў люстэрка, яны быццам упершыню здзіўляюцца сваёй сівізне.

Мяне заўсёды ўражвае такая катэгорыя людзей. У іх моладзь магла б многаму павучыцца: жаданню не пасаваць перед часам, заставацца ў гушчыні падзей грамадства, быць аптымістам, нават калі медыцына папярэджвае : “Цішэй! У вашым узросце…” А яны ў свае “далёка за” пры ўсіх балячках ды трывогах за ўнукаў-праўнукаў крыўдзяцца, калі да іх не звяртаюцца за дапамогай, бо адчуваюць сябе здольнымі на многае.

Бачачы, з якім запалам і азартам Л.А. Бачына, А.Р. Лешчанок, С.А. Іванюценка, К.А. Сівая, Н.М. Петруненка, М.М. Копач удзельнічаюць у нашых агульных канцэртах, прадстаўленнях, разумею: спакой ім толькі сніцца. Іх выкананню песень, “смачнаму” народнаму гумару, жаданню ўдзельнічаць у праводзімых мерапрыемствах толькі пазайздросціш!

У той час, калі некаторыя падлічваюць свае хваробы-балячкі, візіты да медыкаў, пастаянна скардзяцца на абставіны, жыццё, гэтая “баявая гвардыя” заўсёды на “перадавой”.

Такім жанчынам як Я.М. Краўчанка, Н.П. Гуз, А.А. Сацура, Г.К. Пырко, І.А. Раманчык, В.І. Сысоевай сумаваць няма часу. Яны не абмяжоўваюцца ўласнай гаспадаркай, заўсёды на людзях, заўсёды з людзьмі.
– Мы вельмі шчаслівыя, калі нас запрашаюць удзельнічаць у розных культурных мерапрыемствах, – адзначае Л.А. Бачына. – Гэта ўпрыгожвае наша жыццё, робіць яго змястоўным і цікавым. Да выступленняў заўсёды адказна рыхтуемся, а разам з тым дзелімся навінамі, цікава праводзім час.

Сапраўды, такіх самадзейных артыстаў старасць дома не застане, бо яны не застаюцца ўбаку ад культурнага і грамадскага жыцця раёна, а лічаць сябе яго часцінкай. І гэта правільна. Так трымаць, дарагія жанчынкі!


Л. КРАЎЧАНКА,
мастацкі кіраўнік ГЦКіС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *