У свае 87 гадоў жыхарка аграгарадка Вялікі Бор Марыя Дзямідзенка зараджае пазітывам — пабылі ў доме ўзорнага парадку

Добраўпарадкаванне

Яшчэ не пад’ехалі блізка да патрэбнага адрасу, а ўжо з дарогі відаць, якая руплівая гаспадыня жыве па вул. Цэнтральная ў аграгарадку Вялікі Бор. Акуратны агарод, роўна квітнеючыя сланечнікі, плот пабелены.

Я б не паверыла, калі б сама не ўбачыла, што за ўсім гэтым хараством даглядае 87-гадовая жыхарка аграгарадка Марыя Дзямідзенка. Не, памочніца маецца ды і дзеці заўсёды гатовы далучыцца, але і сама Марыя Сяргееўна гарыць жаданнем наводзіць прыгажосць на ўчастку.

А ў хаце якое хараство! Як у казачным доміку: кожнай падушачцы сваё месца. Што дзіўнага, скажаце вы. А самі паспрабуйце ў такім узросце сачыць за парадкам.

Марыя Сяргееўна адзначана кіраўніцтвам сельвыканкама. На гэтым тыдні старшыня сельвыканкама Ала Кузьменка асабіста ўручыла зямлячцы таблічку «Дом узорнага парадку».

Як падкрэслівае сама Ала Аляксандраўна, гэты статус домаўладанню Марыі Сяргееўны можна смела прысвойваць хоць кожны год. Падтрымліваць тут узорны парадак і прыгажосць – не стыхійны акт, а лад жыцця.

На жаль Марыя Сяргееўна не заўсёды жыла ў такіх спрыяльных умовах. З дзяцінства пазнала гароты вайны, а потым яе з мамай і татам (не адправілі на фронт з-за хваробы) увогуле пагналі ў Германію як рабоў. Пасля Перамогі атрымалася вярнуцца на Радзіму, у Вялікі Бор, але ні роднай хаты, ні нават сямейнага сада не захавалася – вёску спалілі фашысты, як і многіх мясцовых жыхароў.

Потым Марыя с бацькамі жыла ў зямлянцы. Тады многія так жылі. Але, успамінае паважаная жанчына, усё роўна не адчайваліся людзі, якія выжылі ў страшнай вайне. Кожны вечар збіраліся з песнямі пад гармонік. Паціху абжываліся.

У светлым доме жанчыны выраслі чатыры дачкі. Цяпер восем унукаў падрастаюць, ёсць і праўнучак.

Шмат гадоў Марыя Сяргееўна працавала ў дарожным упраўленні, было цяжка, але яшчэ паспявала глядзець падсобную гаспадарку – дзетак паднімаць трэба было.

Цяпер яны ўсе цешаць маму, прыязджаюць у госці, адна з дачок дапамагае ў агародзе. Ды і саму нашу пажылую даму склаўшы рукі не пабачыш. Хіба што здароўе калі-некалі падводзіць. Хаця і тады не-не ды і пройдзе бабуля Марыя ўздоўж агарода, то там травінку дзікую вырве, то квітнеючыя гарбузы паправіць.

Галоўнае правіла гаспадыні ўзорнага дома – не спыняцца і рухацца, займаць сябе працай. Інакш можна замарнець ад нуды. Але гэтага сабе мілая Сяргееўна не дазволіць. На развітанне разам з ёй прайшліся па ўчастку, ацанілі будучы ўраджай семечак.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *