Каханне прыходзіць нечакана


Маладзёжная гульнявая праграма “Каханне з першага позірку” прайшла ў актавай зале ДПТВ-183. Чатыры юнакі (настаўнік музыкі і спеваў СШ №1 Дзяніс Яновіч, загадчык мехдвара аддзялення “Слабажанка” КСУП імя Мележа Мікіта Раманчык, курсанты Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Яўгеній Лагвінец і Максім Чэкан) і столькі ж дзяўчат (бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі Вікторыя Белаш, кіраўнік гуртковай работы ЦТДіЮ Ірына Прыходзька, юрысконсульт ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Анастасія Бандарэнка і навучэнка ДПТВ-183 Марына Валошына) выйшлі на сцэну, каб паказаць, на што здатныя.

Кампетэнтнае журы ацэньвала здольнасці ўдзельнікаў у конкурсах: “Візітная картка”, “Як бы я паступіў?”, “Вясёлка талентаў”, “Эрудыт”, “Тэатрал” і “Танцавальны”. За час праграмы хлопцам і дзяўчатам давялося спяваць, танцаваць, іграць на музычных інструментах, выступіць у ролі добра вядомых літаратурных персанажаў: Атэла і Дэздэмона, Рамэа і Джульета, Васіль і Ганна, Анегін і Таццяна і інш. Дапамагалі ім адчуць сябе больш вольна і не давалі сумаваць вядучыя Анжэла Дубатдзел і Яўгеній Заяц.

Пасля правядзення ўсіх конкурсаў вызначылі пераможцаў – Яўгенія Лагвінца і Анастасію Бандарэнка. Сімпатыі гледачоў заваявала Марына Валошына.

Яны, а таксама астатнія ўдзельнікі праграмы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкома і раённага камітэта БРСМ.

Для адных гэта быў проста вясёлы вечар, праведзены ў добрай кампаніі, а для кагосьці, магчыма, пачатак новай старонкі жыцця. Бо, каханне, як вядома, прыходзіць начакана. Тым больш, з першага позірку…


Ірына Новікава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *