Жыццё працягваецца


Амаль чвэрць стагоддзя прайшло з дня чарнобыльскай аварыі. За гэты час вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, якія аб падзеях красавіка 1986 года ведаюць толькі па расказах відавочцаў і газетных публікацыях. Пазарасталі хмызняком і дрэвамі вуліцы адселеных вёсак, а ў лясах, на палях і балотах непадалёку ад іх з’явілася нямала звяроў і птушак, аб якіх раней і чуць не чулі жыхары нашага раёна. Гэта сведчыць аб тым, што на землях Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка кіпіць сваё, асаблівае і з ні з чым не параўнальнае жыццё.

Пераканацца ў гэтым давялося ў час паездкі па маршруту патрулявання са зменай сектара аховы запаведніка, у якую ўваходзілі загадчык сектара А.С. Бондар і інспектары аховы В.М. Гакель, Д.М. Грышаёнак і І.Ф. Кастрыца, які на гэты раз выконваў функцыі вадзіцеля і якому давялося добра-такі папацець на глухіх лясных і прасёлачных дарогах.

На пад’ездзе да Бабчынскага КПП на адным з дрэў, што стаяць абапал дарогі, заўважылі арлана-белахвоста. Прыгожая і магутная птушка, выява якой ганарліва красуецца на гербе ЗША, на справе аказалася вельмі асцярожнай, нават пужлівай. Ледзьве толькі паспрабаваў узняць фотакамеру, як яна ўмомант узнялася з галлі і знікла ў марознай дымцы.

Не падпусціла да сябе і стайка чырвонагрудых снегіроў. Яны, быцам раскіданыя з кошыка яблыкі, рассыпаліся па некранутым снезе непадалёку ад ускраіны былой вёскі Варацец. Перабегла дарогу і затаілася ў кюветным хмызняку агністая лісічка. А потым, заўважыўшы, што назіраем за ёй, кінулася наўцёк, характэрна пятляючы і замятаючы след пухнатым рыжым хвастом.

– Дзікі звер заўсёды насцярожана ставіцца да чалавека, – гаворыць А.С. Бондар, – ды і людзей у апошні час у адселенай зоне стала намнога менш. Зараз тут можна сустрэць толькі тых, хто мае адпаведны на гэта дазвол: супрацоўнікаў міліцыі, Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння, прыродаахоўнай інспекцыі і рыбнагляду, пагранічнікаў і работнікаў запаведніка. Сваю ролю адыграла ўступленне ў сілу новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, у адпаведнасці з палажэннямі якога мінімальны штраф за незаконнае пранікненне ў зону адсялення і адчужэння складае 10 базавых велічынь. Каму ж ахвота выкладваць грошы за сумніўнае задавальненне?

Не сустрэлі чужынцаў мы і ў той дзень. Затое хапала сустрэч з ляснымі жыхарамі, прычым не толькі сустрэч, але і своеасаблівых запісаў на снежных старонках зімовай лясной кнігі. Вось дробненькі ланцужок лёгкіх слядкоў зайчыка, а гэтае рассыпанае шалупінне сасновых шышак пакінуў пасля сябе лясны доктар – дзяцел. Перасякаючы дарогу, цягнуцца грузныя сляды лася, а ўздоўж яе стаяць абгрызеныя зубрамі, наколькі дазваляе іх рост, маладзенькія ясені: іх кара з’яўляецца адным з самых любімых ласункаў лясных асілкаў.

Вольна адчуваюць яны сябе на хойніцкай зямлі. Зараз зубрыная папуляцыя ў ПДРЭЗ перавалілі за 70 асобін. Узімку яны ў асноўным гуляюць непадалёку ад кармушак, у якія рэгулярна падківаюць свежае сена і іншы зубрыны корм работнікі запаведніка. Цікава, што гэтай марознай і снежнай зімой асмялелі і дзікі, якія нахабна падыходзяць да месц кармлення і блытаюцца пад нагамі ў флегматычных зуброў. І толькі калі нахабства гэтае пераходзіць усе межы, зубры нагамі так футболяць няпрошаных гасцей, што здаравенныя дзікі як мячыкі ўзлятаюць у паветра. 

Летам жа каля кармушак зубры з’яўляюцца рэдка – хапае падножнага корму. Замілаванне выклікае пяшчота, з якой ставяцца дарослыя жывёліны да маленькіх зубранят – павучыцца гэтаму не пашкодзіла б і некаторым гора-бацькам. Так, пры з’яўленні чужынцаў (якімі на гэты раз сталі мы) дарослыя акружаюць малых шчыльным кальцом, якое размыкаецца толькі пасля таго, як зубры адчуваюць, што небяспека для патомства знікла.

Такімі ж бацькоўскімі пачуццямі абумоўлены і той факт, што калі статак заўважыць непадалёк ад сябе ваўка, то праследуе яго, пакуль не дагоніць і не заб’е, ліквідуючы тым самым патэнцыяльную пагрозу для малых зубранят. Таму ў арэале пражывання зуброў ваўкі вельмі рэдкія госці.

Па дарозе ад Дронек да Кажушак заўважылі ласёў. Гэтыя жывёліны таксама лічаць за лепшае не набліжацца да чалавека, аднак далёка ад дарогі не адыходзяць. І толькі заўважыўшы наш павышаны інтарэс да сябе, павольна і велічна рушылі ў бок лесу. Пры гэтым адзін з ласёў прыкметна накульгваў. Іншым разам іх сляды на снезе бываюць афарбаваны крывёй – снегавая корка шчыльна зляжалася і, правальваючыся, ласі да крыві раняць ногі. Магчыма такая аказія здарылася і з гэтым лясным насельнікам.

Адным словам, жыццё ў зоне, дзе ўжо больш за  23 гады не селяцца, а толькі працуюць людзі, па-ранейшаму працягваецца.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *