Бывай — зіма, прывітанне — вясна!


У апошні дзень масленічнага тыдня на пляцоўцы каля ГЦКіС народнае свята, нібы касцёр, пачало разгарацца з самой раніцы. Хайнічане з добрым настроем сустракалі шчодрую Масленіцу.


“Заводзілі” публіку сваёй весялосцю, жартамі, шматлікімі тэматычнымі інсцэніроўкамі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Казачныя героі запрашалі гледачоў да разнастайных гульняў, удзелу ў тэатралізаваным свяце. Дзецям прадставілася цудоўная магчымасць пракаціцца з ветрыкам на тройцы па-святочнаму ўпрыгожаных коней. Спрытна ўзабраўшыся на высокі слуп, уладальнікамі прызоў Масленіцы сталі хайнічане Дзяніс Каваленка, (між іншым, ён  атрымаў галоўны падарунак – пеўня) і Аляксандр Пяшкун, а таксама лаяўчанін Цімур Былінок.

Провады зімы і сустрэча вясны – гэта не толькі свята душы, але і жывата. Работнікі гандлю пастараліся і забяспечылі пакупнікоў не толькі духмянымі блінцамі – абавязковым атрыбутам Масленіцы, за якім выстройваліся самыя доўгія чэргі, але і шашлычкамі з пылу-жару, піражкамі і іншымі смачнасцямі.

Якое народнае гулянне без карагода? Ісці ў крузе сяброў, трымацца за рукі і адчуваць агульны святочны настрой дарослым і дзецям дастаўляла асаблівую асалоду.

Дружна праводзілі Масленіцу: падтрымліваючы старынныя славянскія традыцыі, спалілі саламянае пудзіла, а разам з ім ўсе негатыўныя эмоцыі і пачуцці. Свята закончылася, наступіла прыемнае прадчуванне прыходу вясны.


Тэкст і фота Наталлі Чэкан.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *