Ва ўсім важная якасць


4 лютага члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы раённага Савета дэпутатаў на чале з яго старшынёй Г.М. Рабінкінай сустрэліся з жыхарамі маланаселеных вёсак Алексіцкага сельскага Савета – Алексіч, дзе зараз пражываюць 54 чалавекі, і Рабца (29 чалавек, у тым ліку 4 дзіцяці).

Абмяркоўвалася тэма забеспячэння жыццядзейнасці гэтых населеных пунктаў, на першы план вылучалася якасць аказваемых паслуг.

Жыхары Алексіч выказвалі незадавальненне тым, што адсутнічае тут гандлёвая кропка. Аўтамагазін жа, у сувязі з тым, што заязджае сюды ў апошнюю чаргу кальцавога маршрута, не поўнасцю забяспечвае патрэбнасць грамадзян у таварах першай неабходнасці. Таму просьба была адкрыць магазін у вёсцы.

Ад жыхароў вёскі Рабец паступіла просьба ў год 65-годдзя Вялікай Перамогі абазначыць на могілках месца пахавання загінуўшых на вайне землякоў, вырабіўшы таблічку з іх імёнамі.

Таксама прасілі жыхары пачысціць грамадскі калодзеж, таму што зімой водаправодныя калонкі замярзалі. Былі выказаны прэтэнзіі да работнікаў камунальнай службы: дарога ачышчаецца ад снегу не да канца вуліцы.

У сувязі з тым, што насельніцтва названых вёсак у асноўным пажылога ўзросту, у мэтах асабістай бяспекі прапаноўвалася грамадзянам устанаўліваць у дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

На большасць пытанняў члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы далі вычарпальныя адказы ў ходзе сустрэчы, шэраг іншых пытанняў узяты на кантроль.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *