Духоўная апора і павучальныя ўрокі


Усё цячэ, усё змяняецца. Не заўсёды да лепшага. Тыя змены, што адбываліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, прывялі да развалу вялікай дзяржавы – СССР, а кіруючая і накіроўваючая сіла КПСС стала амаль па-за законам. Эксперымент над народам, які атрымаў кодавую назву “перабудова”, прычына таму.

Сёння мы з асаблівай стараннасцю сувымяраем кожны свой крок з мэтамі і ідэаламі нядаўняга мінулага, шукаем у нашай спадчыне і духоўную апору, і павучальныя ўрокі.

Пры шматпартыйнай сістэме, якая склалася ў грамадстве, толькі Камуністычная партыя Беларусі, якая была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі 21 лістапада 1996 года, засталася вернай ідэалам сацыялізму. Аб гэтым размова карэспандэнта “ХН” з першым сакратаром Хойніцкага райкома КПБ Ф.А. ГВОЗДЗЕВЫМ.


– Фёдар Аляксандравіч, якія мэты і задачы ставіць перад сабой  партыя камуністаў?

– Грунтуючыся на творчым развіцці марксізму-ленінізму, Камуністычная партыя Беларусі сваёй мэтай ставіць арыентацыю  на сацыялістычны шлях развіцця, які вядзе да будаўніцтва грамадства, заснаванага на прынцыпах калектывізму, свабоды і роўнасці. Партыя выступае за народаўладдзе, умацаванне беларускай дзяржаўнасці. Як бачна, па вялікім рахунку наш курс супадае з тым, што праводзіцца кіраўніцтвам нашай дзяржавы. Акрамя таго, камуністы ставяць сваёй мэтай узнаўленне на добраахвотнай аснове дзяржаўнага саюза народаў, якія раней уваходзілі ў СССР.

Адстойваючы камуністычныя ідэалы, КПБ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выражае інтарэсы людзей наёмнай працы, паслядоўна выступае супраць усіх форм эксплуатацыі і прыгнёту чалавека. КПБ захоўвае і прымнажае станоўчы вопыт, накоплены за гады папярэдняй дзейнасці, актыўна ўдзельнічае ў палітычным, грамадскім, эканамічным і культурным жыцці Рэспублікі Беларусь, садзейнічае выяўленню і вырашэнню палітычнай волі грамадзян, удзельнічае ў выбарах і рэферэндумах, супрацоўнічае з іншымі лева-патрыятычнымі партыямі, прафсаюзамі і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі пры ўзаемнай павазе статуса і захавання незалежнасці.

– Якія задачы ставяцца ў сувязі з прадстаячымі выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў?

– Згодна з рашэннем восьмага пленума ЦК КПБ неабходна сканцэнтраваць свае намаганні, мабілізаваць камуністаў на актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах выбарчай кампаніі, асноўнай асаблівасцю якой, як вядома, будзе правядзенне выбараў у адпаведнасці з новымі нормамі выбарчага заканадаўства.

Асабліва хачу падкрэсліць важнасць контрпрапагандысцкай работы па развенчванню сапраўдных мэт беларускай апазіцыі, накіраваных супраць беларускай дзяржавы і народа. Мы працуем у кааліцыі з усімі левапатрыятычнымі сіламі. Пры гэтым раённая партарганізацыя будзе актыўна змагацца за мандаты ў сельскія і раённы Саветы дэпутатаў сваіх вылучэнцаў.

– Згодна з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь не менш адной трэці саставу тэрытарыяльных выбарчых камісій павінна быць сфарміравана з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

– Наколькі мне вядома, у склад тэрытарыяльных выбаркомаў па краіне ўвайшлі 105 прадстаўнікоў партый, або 0,9 працэнта ад агульнага складу камісій. У іх ліку 75 чалавек ад Камуністычнай партыі Беларусі.

Што датычыць нашай раённай партарганізацыі, то 6 чалавек вылучаны ў састаў селькіх выбарчых камісій і адзін – у склад раённай.

– Фёдар Аляксандравіч, мэтай дзейнасці любой партыі з’яўляецца фарміраванне ў грамадзян даверу да яе, падтрымкі, жадання ўліцца ў яе рады. Што робіцца ў гэтым напрамку?

– Ва ўмовах, калі ідэі марксізму-ленінізму і сацыялістычнага будаўніцтва, гісторыя партыі і савецкай дзяржавы падвяргаюцца нападкам з боку ідэйных ворагаў, асабліва важны шлях да дыялогу. Выдатнай трыбунай для гэтага з’яўляецца дэпутацкая дзейнасць у мясцовых Саветах. Шляхам збору подпісаў ад раённай партыйнай арганізацыі мы кандыдатамі ў дэпутаты вылучаем 9 камуністаў у сельскія і раённы Саветы. Паставілі перад сабой стратэгічныя задачы, вызначылі канкрэтныя мерапрыемствы. Будзем аказваць дапамогу працаўнікам раёна зрабіць правільны выбар. Улічваючы, што дата выбараў – 25 красавіка – амаль супадае з 140-годдзем з дня нараджэння У.І. Леніна, райком КПБ заклікае ўсіх, каму не абыякавы лёс нашай краіны, уступаць у рады камуністаў, каб усім разам падтрымаць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку і выступаць за моцную і працвітаючую Беларусь.


Гутарыў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *