Беларуская Венецыя сустракала свята ўраджаю

Общество

Хто добра працуе, павінен і добра адпачываць

Тэматычныя падворкі, экспазіцыя сельскагаспадарчай тэхнікі, разнастайныя гандлёвыя пляцоўкі, выставы рамеснікаў, смачная кухня, вясёлыя конкурсы, узнагароджанне лепшых прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны – на адзін дзень Добруш стаў месцам вялікай урачыстасці.

Беларуская Венецыя прымала хлебаробаў і гасцей з усіх куткоў рэгіёна. Дэлегацыя нашага раёна таксама ўдзельнічала ў фестывалі працаўнікоў вёскі – «Дажынкі-2022». Асабліва землякам даспадобы прыйшлася прэзентацыя рарытэтных машын, гульнявыя пляцоўкі з забавамі, спаборніцтвамі і фотазонамі ад «Мілкавіты», «Гомельскага мясакамбіната», «Мазырскіх малочных прадуктаў». А яшчэ кампазіцыі ансамбля казачай песні «Бацька Атаман» на канцэрце.

Героі жніва – яны ўнеслі вялікі ўклад у каравай Хойнікшчыны. Працавалі добрасумленна, суткамі, не шкадуючы сваіх сіл. І яны ў ліку лепшых на абласным аграфэсце. Вось іх імёны: Андрэй Краўчанка, Сяргей Зелянкоўскі, Міхаіл Кляцоў, Святлана Арцем’ева, Васілій Півавар, Мікалай Краўчанка, Рыгор Пархоменка. На сцэне гучалі сельгаспрадпрыемствы «Імя І.П. Мележа», ААТ «Веляцін Агра», «Судкова», таксама адзначылася і ветстанцыя. Ганарымся хайнічанамі!

Хтосьці з нашых механізатараў намалаціў больш збожжа, хтосьці – пасадзіў добры ўраджай, а хтосьці штодня курсіраваў паміж полем і гаспадаркай, перавозячы хлеб і корм. За гэта пашана і вялікі ім дзякуй!

Лідэрам сезона – раёнам, арганізацыям і перадавікам – уручаны Ганаровыя граматы, сертыфікаты, каштоўныя падарункі. У тым ліку новыя аўтамабілі і трактары «Беларус».

Сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці збожжа першае месца ў ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна. На палях вобласці працавалі больш за тысячу экіпажаў. Найбольш зерня на рахунку аграрыяў Буда-Кашалёўскага раёна – 128 тысяч тон.

Губернатар Іван Крупко ўпэўнены: поспех любой справы вырашаюць людзі. Сапраўды, так яно і ёсць. Без нашых працавітых хлебаробаў не было б духмянага хлеба на стале.

Акцябрскі стане сталіцай «Дажынак-2023» на Гомельшчыне. Спадзяёмся, без нас цырымонія ўзнагароджання лепшых герояў уборачнай зноў не абыдзецца.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *