«Златоуст, паче всех воссиявший на Руси»


Горда стаіць на Замкавай гары ў г.Тураве Жыткавіцкага раёна, абапіраючыся на візантыйскі крыж, славуты літаратар старажытнасці, епіскап Кірыла Тураўскі  (скульптар помніка, зробленага з бетону і медзі, М.М. Інькоў, архітэктар М.І. Лук’янчык). Пройдземся ж жыццёвымі сцежкамі айца Кірылы.

Будучы асветнік нарадзіўся ў Тураве каля 1113 года. Мяркуецца, што ён з сям’і багатых мяшчан. Але мог  належаць і да княжацкага роду. Гісторыя не адкрыла сапраўднае імя і прозвішча асветніка. Але тое, што хлопчык атрымаў высокую на той час адукацыю,  адкрыта гаворыць, што ён сын заможных бацькоў. Даследчыкі сцвярджаюць, што ён мог быць адным з сыноў, самае меншае, начальніка тураўскага гарнізона або тураўскага намесніка вялікага князя.

Вучыўся будучы асветнік у грэчаскіх настаўнікаў – іх многа прыехала ў старажытны горад па запрашэнню князя Святаполка Ізяслававіча і яго жонкі Варвары. Ен быў знаёмы з лепшымі творамі візантыйскіх аўтараў, па-майстэрску валодаў рознымі мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэтычнае красамоўства, пазнаёміўся з літаратурамі ўсходніх і паўднёвых славян, перш за ўсё яго цікавілі царкоўныя кнігі. Відавочна, што жаданне авалодаць кніжнай мудрасцю і жаданне перадаць яе людзям прывяло юнака ў манастыр. Ен прыняў пострыг.

Тут трэба ўзгадаць, што не так проста ўсталёўвалася на зямлі дрыгавічоў хрысціянства. Фактычна доўгі час існавала двухвер’е, а ў ХІІ стагоддзі язычніцтва актывізавалася, нават князі адмаўляліся ад сваіх хрысціянскіх імёнаў. Тым больш была значная дзейнасць манастыроў, бо там новыя ўзаемаадносіны, новая рэлігія прапаведавалася не толькі словам, але і справай, асабістым прыкладам. Інакі сваёй адданасцю заслужылі павагу і прыхільнасць людзей. І Кірыла, які сам з павагай ставіўся да пустэльніцтва ў пячоры (так  рабілі чарнарызцы Пячорскага манастыра ў Кіеве), рашаецца на новы крок аскетніцтва – замуроўвае сябе ў стоўп, вежу.

Чым тлумачыцца яго рашэнне? Пэўна, зрабіў ён гэта не з рэлігійнага фанатызму, а каб пашырыць свае веды і займацца выключна літаратурнай дзейнасцю.

Так Кірыла стаў першым на Русі “стоўпнікам”. Менавіта ў вежы з’явіліся яго першыя творы. Праведнае жыццё, адукаванасць, красамоўства зрабілі імя царкоўнага дзеяча вядомым яшчэ ў маладосці. Пісаць ён ужо больш не пакінуў.

З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага зберагліся тры дыдактычныя аповесці-прытчы (“Прытча пра душу і цела”, “Аповесць пра беларызца і манаства”, “Казанне пра чарнарызскі чын”), восем “слоў”-пропаведзяў. Словы напісаны на царкоўныя святы, адны (“Слова на вербніцу”, “Слова на ўшэсце”) – на двунадзесятыя святы, усе астатнія – на нядзельныя дні першага круга нядзель царкоўнага года ад Вялікадня і да пяцідзесятніцы (“Слова на Вялікдзень”, “Слова на міраносіцах”, “Слова пра расслабленага” і інш).

Частка спадчыны – гімнаграфічная: два каноны і каля 30 малітваў-споведзяў. У творах К. Тураўскага адлюстроўваюцца багаслоўска-філасофскія і грамадска-этычныя погляды пісьменніка, тлумачыцца сімволіка багаслоўскіх кніг, уздымаюцца праблемы духоўнай дасканаласці суайчыннікаў. Узнёсласць стылю, паэтычная вобразнасць, прыкметы візантыйскага пісьма вызначаюць  аўтара. Кірыла не адмаўляе ў сваіх творах каштоўнасці зямной, пачуццёвай красы, але ставіць яе значна ніжэй за духоўную.

Аскетызм, прапаведніцкая і літаратурная дзейнасць выклікалі вялікую павагу ў тураўлян, і калі памёр стары ўладыка Тураўскага епіскапства, то па волі князя тураўлян і з іх згоды Кірыла  быў прызначаны епіскапам горада Турава. Каля 25 год ён узначальваў Тураўскую епархію. Менавіта ў яго бытнасць на чале епіскапіі пры князю Юрыю Яраслававічу быў пабудаваны самы значны храм у Тураве. Аўтарытэт слова Златавуста, чые малітвы-словы памнажаліся і разыходзіліся ў сотнях рукапісных спісаў, выйшлі за межы роднай старонкі. Чалавек Кірыла быў зямны, сціплы, просты дарадца, ён жыў любоўю да Бога, да ўсяго жывога, “У грэшнай душы не народзіцца добраснае дзеянне і карыснае слова”.

Каля 1182 года  Кірыла пакідае кафедру, перадае епіскапства Лаўрэнцію, а сам становіцца простым манахам “у святога Міколы ў Тураве” (келля пры царкве святога Міколы). Там працягвае пісьменніцкую працу, свае справы добрыя. Аднак пажыў ён нядоўга. Дакладны год смерці невядомы. У летапісных крыніцах захавалася апісанне аблічча: “подобием надсед, власы с ушей, брада с Николину, но не курчевата – проста, риза святительская, во амфоре”.

Пасля яго смерці, у пачатку ХІІІ стагоддзя, пачалося царкоўнае шанаванне святога Кірылы, якога па праву можна назваць пачынальнікам беларускай пісьменнасці, выдатным рыторыкам, паэтам, які дасканала валодаў моваю, сюжэтам, дыялогам, любіў Бога, родную зямлю і гэтую любоў перадаў нам у сваіх малітвах, павучаннях, казаннях, канонах. Мяркуецца, што пахаваны Кірыла на Барысаглебскіх могілках у Тураве.


(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *