Герой айчыннай меліярацыі Аляксандр Іванавіч Ганжа заслужыў званне на хойніцкай зямлі

Год мира и созидания

Дзякуючы матэрыялам з архіваў раённага краязнаўчага музея раскажам вам, паважаныя чытачы, пра лёс аднаго з землякоў, якім нам варта ганарыцца. І хаця нарадзіўся ён не на хойніцкай зямлі, прызнанне атрымаў менавіта тут.

Імя старшага машыніста экскаватара Хойніцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення трэсту «Калінкавічыводбуд» Аляксандра Іванавіча Ганжы добра вядома сярод беларускіх меліяратараў. У 1971 годзе за выдатныя поспехі, якія дасягнуты ў развіцці сельскагаспадарчай прамысловасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Аляксандру Ганжы прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

Нарадзіўся будучы меліяратар у 1929 годзе на Браншчыне ў сялянскай сям’і. У цяжкія пасляваенныя гады пачынаў вучнем токара на гомельскім станкабудаўнічым заводзе, затым армейская служба. З 1954 года Аляксандр пачынае працаваць машыністам экскаватара будаўніча-мантажнага ўпраўлення «Васілевічы-3», а ў 1962 годзе пераязджае працаваць у Хойнікі.

Ударнік камуністычнай працы, Аляксандр Іванавіч дасягнуў найвышэйшых паказчыкаў высокавытворчага выкарыстання тэхнікі, што паспрыяла паспяховаму выкананню гадавых норм выпрацоўкі.

Калі рыхтаваў тэхніку, то ўзорна, кожны сезон павышаючы вытворчыя паказчыкі. Аднойчы з-за доўгага дажджлівага надвор’я работа ў чарговы раз прыпынілася. Тады старшы машыніст Ганжа прапанаваў выкарыстаць сцелішчы, каб раўнамерна размеркаваць нагрузку. І хаця магутны кубовы экскаватар праходзіў усяго па 15 метраў за дзень, таму што сцелішчы патрэбна было выкладваць кожныя 2-3 метры, дзякуючы гэтаму планавае заданне на сямігодку было выканана ў неабходны тэрмін. За гэта Аляксандр Іванавіч быў узнагароджаны ў 1966 годзе ордэнам Леніна.

Усе наступныя пяцігодкі калектыў Аляксандра Ганжы паспяхова выконваў перадавыя прыёмы працы датэрмінова ў цяжкіх умовах забалочанай мясцовасці.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1971 годзе старшага машыніста экскаватара чакала высокая ўзнагарода. Гэта толькі пазітыўна адлюстравалася на працы хойніцкага меліяратара. У выніку дзявятую пяцігодку (1971-1975) ён выканаў таксама датэрмінова – за 3 гады – дзякуючы паляпшэнню арганізацыі працы, эксплуатацыі тэхнікі і скарачэнні яе прастою, з дапамогай новых метадаў механізацыі ручной працы.

Цяжкае захворванне і перасцярогі дактароў не дазволілі Аляксандру Іванавічу прадоўжыць работу. Мужчына перайшоў на настаўніцкі шлях – інструктарам па прапагандзе перадавых метадаў працы. Па іх вучыліся дзясяткі высокакласных машыністаў экскаватара. У 1981 годзе майстар справы вярнуўся ў работу, у ліку першых выканаў план адзінаццатай пяцігодкі і зноў пацвердзіў званне лепшага экскаватаршчыка Хойніцкай ПМК № 68, дзе працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак.

Быў Аляксандр Ганжа дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га склікання, мясцовых Саветаў дэпутатаў, членам групы народнага кантролю свайго ўпраўлення. Да ліпеня 1995 года жыў на Хойнікшчыне, пасля пераехаў у Магілёўскую вобласць, дзе і жыў да 2017 года. Імя гэтага героя працы навечна ўнесена ў лік выдатных землякоў. Будзем помніць!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота з архіваў краязнаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *