Мы паехалі ў Клівы — там бэз і каліна ля хаты

Путешествие журналиста по району

Памятаеце нашу рубрыку «Вандроўка журналіста па раёну»? Вырашылі яе крыху відазмяніць, і цяпер разам з карэспандэнтам «Хойніцкіх навін» у наш праменад запрашаем мясцовых жыхароў тых вёсак, дзе гуляем з фотаапаратам.

Першы населены пункт, куды завіталі, – вёска Клівы. Нашым правадніком стала абаяльная і добразычлівая тутэйшая – Ева Гардзеенка.

Ева Сяргееўна – загадчык Кліўскім сельскім клубам-бібліятэкай, дэпутат Судкоўскага сельсавета, да таго ж шматдзетная матуля (пяцёра дзяцей!) і сапраўдны аматар родных мясцін. Яна згадзілася прагуляцца па вуліцах роднай вёскі і пазнаёміць з асаблівасцямі. А іх тут нямала.

Пакуль збіраліся вандраваць, нас падбадзёрваў качагар сельскага клуба Уладзімір Громаў. Папярэдзіў, што пры вяртанні ў бібліятэцы будзе цёпла, як у ліпені. Але для гэтага трэба яшчэ дроў накалоць.

Першае, што сустракае нас у пачатку вёскі, – камень-помнік у гонар продкаў ад удзячных патомкаў. Нячаста сустрэнеш такі мемарыял. У Клівах тры вуліцы – Савецкая, Садовая і Чырвонаармейская. Ёсць і тое, што яднае, бадай што, усіх кліўскіх – у цёплы сезон яны любяць пасядзець на свежым паветры. А інакш навошта тут праз дом каля плата то лавачка, то самаробныя сядзенні.

Мая суразмоўца кажа: хаця з часам Клівы значна скарацілі колькасць жыхароў, на Радуніцу тут, як у дзяцінстве, – прыязджае мноства гасцей і землякоў. Навокал гамоняць, смяюцца, спяваюць. А ўвечары абавязкова вячэраюць на тых самых лавачках.

Міма праехала аўталаўка. Далей сустрэлі мясцовую жыхарку Людмілу Антонаўну. Яна сама сябе кліча «тубельная», бо нарадзілася і з самага дзяцінства жыве ў Клівах, а вось яе суседка – Антаніна Канстанцінаўна – прыехала сюды, як замуж пайшла. Абедзьве працавалі доўгі час у гандлі.

Самы знакаміты ўраджэнец Клівоў – Заслужаны мастак Беларусі Уладзімір Гардзеенка. Частка яго карцін захоўваецца у раённым краязнаўчым музеі. Маляваць кліўцы любяць, з усмешкаю пазначае Сяргееўна. Гэта ў сучаснасці можна запрасіць мастака, каб расфарбаваў вароты ці гараж, як гаспадару спадабаецца. А раней самастойна ўпрыгожвалі свае сцены. Сям’я Евы Сяргееўны жыве ў такім доме, дзе сама гаспадыня зберагла ў памяць аб папярэдніх уладарах выявы лебедзяў. Побач на той жа вуліцы буслінае гняздо. Тутэйшыя дапамагалі птушкам яго будаваць. Летась бусліха вывяла аж пяць птушанят! Далей па вуліцы стаіць драўляны бусел – від калодзежа. Ім нават і сёння карыстаюцца.

Хаця мы з Евай Сяргееўнай ішлі шпарка, зімовае надвор’е хутка пафарбавала шчокі і нос у ружовы колер.

– Прыязджайце да нас вясной, у нас тут столькі бэзу! – зацікавіла «экскурсавод». – Раней каля кожнай хаты раслі гэтыя кусты, ды і цяпер як заквітнеюць – галава ад шчасця ходзіць.

Яшчэ пабачымся!

У вандроўцы пабывала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *