Творчыя, дапытлівыя, ініцыятыўныя

Образование

У чацвёрты раз у рамах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і ў сувязі з наступаючым 500-годдзем  з часу першага ўпамінання аб Хойніках (1512 г.) па ініцыятыве дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі, узгодненай з аддзелам адукацыі райвыканкома, прайшоў раённы фестываль вучэбна-доследных работ пад назвай “Пазнай сваю малую радзіму”. Як і ў папярэднія гады, пасля першага этапа, які праводзіўся на ўзроўні ўстаноў адукацыі раёна, 10 работ  былі прадстаўлены да абароны.

У пачатку мерапрыемства вучні гімназіі прадэманстравалі свае здольнасці ў якасці спевакоў, танцораў, дэкламатараў, стварылі добры настрой як для абаронцаў работ, так і для шматлікай аўдыторыі.

Вучні гімназіі, другой і трэцяй гарадскіх, Казялужскай, Судкоўскай, Стралічаўскай, Паселіцкай і Глінішчанскай сярэдніх школ паказалі поўнае валоданне тэкстам даклада, свабоднае арыентаванне ў спецыяльнай тэрміналогіі выбранага даследавання, упэўнена адказвалі на пытанні членаў журы і прысутных.

Складана сёння рабіць прагнозы, у якой ступені сучасная моладзь акажа ўплыў на жыццё нашай краіны ў будучым, аднак бясспрэчна, што ў яе асяроддзі многія юнакі і дзяўчаты ўпэўнена стаяць на цвёрдай аснове ведаў. Гэтае імкненне, канешне, тлумачыцца і значным прагрэсам навукі, культуры, тэхнікі, аднак у аснове яго – жаданне пазнаць новае, жаданне вучыцца. І не толькі вядомым прынцыпам “вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца” кіруецца ў жыцці малады сучаснік, ёсць яшчэ адна ўстаноўка: “Свет цудоўны, таму што…”. І кожны даказвае гэта па свойму. Гісторыя, харэаграфія, літаратура, жывапіс, спорт… Гэта толькі малая часцінка іх захапленняў. І гэта не нейкая мара аб светлым будучым, не проста прыгожыя словы. Гэта рэальнасць. Такія думкі прыйшлі ў той час, калі вучаніца дзесятага класа трэцяй гарадской школы Юлія Салянка абараняла сваю работу “Да пытання аб уладальніках Хойнік” (кіраўнік настаўнік гісторыі С.В. Бельскі). У намінацыі “Гісторыя” работа прызнана лепшай.

 Пераможцай у намінацыі “Прырода” стала вучаніца гімназіі Дзіяна Гарбар (кіраўнікі В.Р. Султанава і В.М. Грытчанка) з работай “Залатое кальцо Хойнікшчыны”, у намінацыі “Культура” лепшай прызнана работа “Мая радаслоўная” дзевяцікласніцы СШ № 2 Людмілы Васіленка (кіраўнік М.Ф. Бандарэнка).

Члены журы, у склад якога ўваходзіла намеснік дэкана Мазырскага педагагічнага універсітэта Л.І. Кенік, адзначалі, што ўсе вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў выдатна справіліся з раскрыццём выбраных тэм, афармленне работ адпавядае прад’яўляемым патрабаванням, даследаванні актуальныя, у іх дастаткова глыбокае пранікненне ў праблему.

Усе даследчыкі і іх кіраўнікі атрымалі Падзячныя лісты ад кіраўніцтва дзяржаўнай гімназіі, якія ўручыла дырэктар гэтай навучальнай установы Л.В. Лабада. Член журы, першы сакратар райкома ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Л.А. Гаркуша за праяўленую актыўнасць і творчасць пры даследаванні малой радзімы ўручыла дыпломы райкома ГА “БРСМ” пераможцам фестывалю Юліі Салянка, Дзіяне Гарбар і Людміле Васіленка.
 
На здымку: настаўнік гісторыі СШ № 3 г. Хойнікі С.В. Бельскі з юнай даследчыцай Юліяй Салянка за работай.


Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *