Праца і жыццё – на «выдатна»

Людзі і лёсы

IMG_6497У аграгарадку Стралічава дом па вуліцы Гагарына, 15а велічна ўпісваецца ў агульную панараму населенага пункта. Садовыя дрэвы адгукваюцца на павевы ветру. Восеньскае сонца прабіваецца праз разгалістыя яблыні, яго промні скіроўваюцца ў вокны памяшкання, дзе праходзяць дні ціхай старасці Міхаіла Сяргеевіча Курленкі (на здымку).

Ён вельмі любіць гэтую пару года. І не толькі за яе адметную прыродную прыгажосць, але і за тое, што восень заўсёды дорыць вынік працы рук людскіх на зямлі. Менавіта восенню ён адзначае свой дзень нараджэння. Сёлета гэты дзень юбілейны – 21 лістапада гаспадару дома споўнілася 85 гадоў. І быццам бы лёсам наканавана яму спраўляць імяніны ўпрытык са сваім прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое Курленка лічыць адным з самых галоўных.

Дзяцінства Міхаіла Сяргеевіча абпалена жорсткім полымем Вялікай Айчыннай вайны, калі давялося перажыць усе жахі знаходжання на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Пасля вызвалення раёна ад фашысцкага іга ў 14-гадовым узросце падлетак пайшоў працаваць у тагачасны стралічаўскі калгас «Пралетарый». На валах, якія выкарыстоўваліся ў якасці цяглавай сілы, падвозіў кармы на жывёлагадоўчую ферму.

Першыя азы механі-затарскай навукі хлопцу прыпаднёс Купрыян Міхайлавіч Ярмольчык, які працаваў тады брыгадзірам у гаспадарцы. Пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка падлетак поўнасцю авалодаў кіраваннем трактара, на якім араў глебу, садзіў бульбу, сеяў збожжа.
З 1952 па 1955 год у чарадзе нястомных хлебаробскіх спраў наступіў перапынак: прыйшоў час, каб аддаць ганаровы доўг Радзіме. Армейскую службу Міхаіл Курленка праходзіў у Брэсце, быў радыётэлеграфістам у ракетных войсках.

Вярнуўшыся дамоў, закончыў механізатарскія курсы, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. З цягам часу стаў сапраўдным прафесіяналам, не дазваляючым сабе ніякай халтуры. Яму можна было даверыць любую работу, і ён выконваў яе з найвышэйшай якасцю: бугроў на палях не пакіне, збожжа міма не прасыпле, «хімію» ўнясе па нарматывах…

Праз год ажаніўся на сваёй зямлячцы Юліі, з якой разам працаваў. І вось ужо 59 гадоў Міхаіл Сяргеевіч і Юлія Яўгеньеўна крочаць разам па жыцці і сёння не ўяўляюць сябе адно без аднаго.
Курленкі адправілі ў самастойнае жыццё чатырох сваіх дзяцей. Трое з іх ужо пенсіянеры. Старэйшы Уладзімір са сваёй сям’ёй жыве ў вёсцы Слабада Крупскага раёна Мінскай вобласці, працаваў інжынерам у эксперыментальнай базе «Эса». Бацькоўскую прафесію выбраў другі сын Віктар – на Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне працуе механізатарам на свінакомплексе. Дачка Тамара 11 гадоў з’яўлялася намеснікам дырэктара эксбазы «Стралічава» па ідэалагічнай рабоце, зараз працуе прыёмшчыцай у камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва. Самы малодшы сын Іван, якому 48 гадоў, з’яўляецца загадчыкам КЗС вёскі Губарэвічы.
Цяпер Курленкі ганарацца тым, што выхавалі такіх жа, як самі, працавітых дзяцей. Радуюцца ўнукам, якіх маюць 11, і праўнукам, якіх столькі ж.

Усім дзецям з самага маленства прывівалася любоў да працы. А іх бацькі, якія калісьці разам шчыравалі на падвозцы кармоў на ферму на валах, першымі ў нашым раёне ў 1969 годзе стварылі сямейны экіпаж на ўборцы збожжавых культур. Памочнікам у Міхаіла Сяргеевіча на камбайне СК-3 «Ніва» была жонка Юлія Яўгеньеўна. Працавалі разам не адзін сезон, дабіваючыся высокіх намалотаў – напрыклад, кожны гектар ячменю даваў у сярэднім па 56 цэнтнераў з гектара.

Добрасумленная праца не засталася незаўважанай, і ў 1972 годзе М.С. Курленка быў удастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Гэтая ўзнагарода натхніла на новыя працоўныя дасягненні. Кожны год дабаўляліся ўсё новыя ўзнагароды за бездакорную працу ў якасці камбайнера. Імя М.С. Курленкі пастаянна значылася ў ліку перадавікоў спаборніцтва не толькі на Хойнікшчыне, але і ў вобласці, рэспубліцы. У 1976 годзе наш зямляк атрымаў ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Быў удзельнікам выстаўкі народных дасягненняў СССР, узнагароджаны двума сярэбранымі і адным бронзавым медалямі.
Дзеці не толькі захапляліся працоўнымі поспехамі бацькоў. Яшчэ будучы школьніцай дачка Тамара ў час летніх канікулаў з’яўлялася памочнікам камбайнера ў свайго брата Віктара на камбайне СК-5 «Ніва». На памяць аб гэтым часе абодва захоўваюць Ганаровыя граматы ЦК ВЛКСМБ.
Пра тое, як стаць першым, Міхаіл Сяргеевіч расказвае сціпла, маўляў, працаваў як усе, стараючыся падабраць кожны каласок. Стомы практычна не адчуваў: разам з усёй механізатарскай сям’ёй гаспадаркі імкнуўся ўбраць ураджай, забыўшыся пра сон і адпачынак. І сёння вопытны камбайнер зазначае: «Поспех у нашай працы вызначаюць зладжанасць і хуткасць. Не спрынтарскія гонкі, канешне, а ўмелае выкарыстанне кожнай спрыяльнай гадзіны, бо жніўны дзень, як вядома, год корміць. Вось такая няхітрая хлебаробская навука».
Калі здарылася катастрофа на ЧАЭС, старэйшыя Курленкі пераехалі ў Віцебскую вобласць. Там Міхаіл Сяргеевіч працаваў трактарыстам і пайшоў на пенсію па ўзросту ў 1990 годзе. Але родныя карані не адпускалі, і на сямейным савеце было вырашана вярнуцца дамоў. Міхаіл Сяргеевіч, афіцыйна знаходзячыся на пенсіі, яшчэ 10 гадоў працаваў у эксбазе «Стралічава».
І цяпер, у паважаным узросце, не развітваецца са справай, якой прысвяціў усё сваё жыццё. Мае свой міні-трактар, кожны дзень ветэрана напоўнены клопатамі, без якіх, па стану сваёй душы, не можа жыць. Жыццё працягваецца, і кожны яго дзень успрымаецца як падарунак лёсу. Бо чалавеку, па сутнасці, не так многа і трэба.

Людзі працы… Яны заўсёды выклікаюць захапленне. І ў час святкавання свайго юбілею Міхаіл Сяргеевіч падняў тост за сваіх землякоў, якія стваралі дабрабыт сённяшняга дня гаспадаркі, мацавалі яго эканоміку. І, вядома ж, юбіляр пачуў у свой адрас ад родных і блізкіх пажаданні здароўя і даўгалецця. З нізкім паклонам і мы далучаемся да гэтых віншаванняў і жадаем рупліўцу грамадскай нівы чыстых ранкаў, здароўя і дабрабыту.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *