У возера ёсць гаспадар


Ізбыньскае возера лічыцца адным з самых любімых месц адпачынку не толькі жыхароў навакольных вёсак, але і гараджан. Аднак да нядаўняга часу яно было быццам нічыйным, безгаспадарчым, і таму берагі пачалі паступова зарастаць хмызняком і чаротам, дно ўсё болей зацягвалася ілам, а пасля зімы ўзровень вады станавіўся ўсё ніжэй і ніжэй. Усё павінна змяніцца са здачай возера ў арэнду Хойніцкаму РУП “Прадпрыемства меліярацыйных сістэм”.

Як паведаміў яго дырэктар В.У. Іванюценка, зараз помпавай станцыяй ПМС вядзецца запампоўка вады з падводзячага канала. Работа гэтая працаёмкая і зойме па тэрмінах не менш месяца, а завяршыць яе плануецца, прыкладна, у сярэдзіне мая. Усяго на запампоўцы вады прадпрыемству неабходна асвоіць не менш чым 100 мільёнаў рублёў уласных сродкаў. Займаюцца гэтай справай машыністы У.В. Кот, А.К. Царанок і У.А. Харошка.  

Пасля гэтага меліяратары прыступяць да другога этапа работ па добраўпарадкаванню Ізбыньскага возера – тут неабходна правесці абкошванне берагоў, высекчы іўняк і хмызнякі, ачысціць прыбярэжныя воды ад чароту і іншых водных раслін.

Па словах Валерыя Уладзіміравіча, не за гарамі і зарыбленне возера ў мэтах развіцця прамысловага і аматарскага рыбалоўства. Плануецца запусціць у яго воды карпа, таўсталобіка, амура. Два апошнія віды рыбы маюць не толькі прамысловае значэнне і добрыя смакавыя якасці, але і спрыяюць ачыстцы дна вадаёмаў: яны харчуюцца водарасцямі і, як паказала практыка, эфект ад іх выкарыстання вельмі высокі.

Што ж датычыць добраўпарадкавання прыбярэжнай тэрыторыі і яе абустройства неабходнай пляжнай атрыбутыкай, то, думаецца, што тут шырокае поле дзейнасці для маладзёжных грамадскіх арганізацый. Згадзіцеся, што актыўны адпачынак на вадзе ўсё ж больш уласцівы людзям маладым. І юнакі, і дзяўчаты, і маладыя сем’і з дзецьмі – менавіта яны складаюць асноўны кантынгент адпачываючых на возеры. Пенсіянеры ж і людзі сталага ўзросту ўсё больш абмяжоўваюцца рыбалкай з берага. Таму ад актывістаў маладзёжнага руху лагічна было б чакаць ужо ў надыходзячым летнім сезоне не толькі турыстычных і спартыўных акцый і злётаў на гэтым вадаёме, але і канкрэтных спраў па пабудове хаця б прасцейшай пляжнай інфраструктуры.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *