Тутэйшыя: наперакор бядзе кіпіць жыццё — дзе ступае нага чалавека

Тутэйшыя

Калі вырашалі, куды да тутэйшых паехаць, у галаве была адна думка: хутка мы адзначым чарговую гадавіну з дня страшнай тэхнагеннай катастрофы, было б няблага наведаць адселеную вёску. Тым больш, ёсць на Хойнікшчыне мястэчка, дзе жыццё бурліць наперакор бядзе.

Едзем у Бабчын!

Так, гэты населены пункт таксама з-за высокага ўзроўню радыяцыйнага забруджвання быў адселены ў тым жа 1986 годзе. Але хутка спусцелыя хаты занялі іншыя людзі – навукоўцы. Яны і іншыя работнікі запаведніка сталі тады новымі тутэйшымі.

Валерый Юрко

Рушым у вёску праз кантрольна-прапускны пункт. Першым з тутэйшых пазнаёміліся з фенолагам навуковай часці запаведніка Валерыем Юрко. Верагодна, нашы ўважлівыя чытачы памятаюць, што мы знаёмілі з дзейнасцю Валерыя Васільевіча, калі ён займаўся арніталогіяй. Цяпер крыху змяніў дзейнасць – даследуе прыродныя яўленні. Дарэчы, падзяліўся фактам: сёлета на Хойнікшчыну, дакладней, у запаведнік, шпакі прыляцелі 3 сакавіка.

Мой першы суразмоўца нарадзіўся на Піншчыне – у вёсцы Дубнавічы. Мужчына з дзяцінства марыў працаваць на прыродзе – жаданне здзейснілася. Два тыдні на месяц вось ужо 17 гадоў вучоны праводзіць на ўлонні прыроды – ды яшчэ якой!

Раман Нянашаў і Віктар Галавешкін

Хутка знаёмлюся з калегамі фенолага – радыеэколагамі Раманам Нянашавым і Віктарам Галавешкіным. Раман Аляксеевіч у навуковай часці запаведніка працуе на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка, родам з Тамбова, але доўгі час – з 1984 года – жыве ў Беларусі, асвоіўся. Ды і на Хойнікшчыну прыязджае з 2008 года – сапраўдны тутэйшы. Дарэчы, жывуць вучоныя таксама ў Бабчыне – у будынку насупраць самой навуковай часці. Сучасныя кабінеты даследчыкаў раней ведалі дзіцячы смех – тут размяшчаўся дзіцячы садок, а побач стаяў жылы дом. За перыяд работы вучоныя зусім не пужаюцца гукаў прыроды і неаднаразова назіралі, як амаль да будынкаў падыходзяць дзікі, ласі і нават ваўкі.

Гэта пацвярджае і Віктар Віктаравіч – сам ураджэнец Гомеля, ён дзесяць гадоў наведвае запаведнік – на кантролі спецыяліста радыеметрычны кантроль і маніторынг.

Інна Юрчанка

Прыемна было сустрэць хойніцкіх знаёмых. С загадчыкам аддзела экалогіі фауны навуковай часці запаведніка Іннай Юрчанка таксама раз-пораз маем зносіны. Інна Станіславаўна працуе тут больш за 30 гадоў, можа расказаць нямала цікавага пра даследаванні сваіх калег, раней часта суправаджала экскурсіі. Кажа, што спачатку было нязручна прыязджаць у Бабчын на работу – і справа тут зусім не ў дальнасці ад райцэнтра. Проста дзіўна працаваць у месцы, адкуль не так даўно людзі былі вымушаны паехаць назаўсёды, а навукоўцы тут па рабочай неабходнасці праводзяць тыдні.

Галіна Раманоўская

Затое дзякуючы журналісцкаму заданню я пазнаёмілася з чалавекам, які правёў у Бабчыне дзяцінства і цяпер тут працуе! Гэта хайнічанка Галіна Раманоўская. А вёска – малая радзіма матулі маёй суразмоўцы Інны Мікалаеўны. Менавіта яна прывезла сваіх дзетак – 5-гадовых двайнятак Галінку і Івана сюды. А калі дзецям споўнілася па 11 гадоў, і здарыўся Чарнобыль. У пачатку мая дзяцей вывезлі ў санаторый «Ленінец», што пад Оршай. Там яны правялі летнія канікулы. А ўвосень школьнікаў накіравалі ў самы знакаміты савецкі дзіцячы лагер «Артэк». З тае пары сям’я Галіны Іванаўны ў Бабчыне не была. Мама сустрэла сваіх сына і дачку пасля адпачынку і перавезла адразу на новае месца – у вёску Дварэц Рэчыцкага раёна. У час дыялога з Галінай мы патэлефанавалі паважанай Інне Мікалаеўне, каб высветліць, як раней называліся бабчынскія вуліцы. Аказваецца, многія напрамкі тут маюць мясцовыя мянушкі – у Бабчыне ёсць Мазураўскі пасёлак, Брахліўка, Сяло, Забалоцце і Хутар. Але памятаюць гэта тутэйшыя.

Крыху слоў пра саму Галіну Раманоўскую. Запаведнік – адзінае месца работы жанчыны. 25 гадоў яна працавала ў лабараторыі спектраметрыі і радыехіміі, зараз – на станцыі дэзактывацыі. Прыемна было хаця і нядоўга, але так душэўна паразмаўляць з гэтай ветлівай тутэйшай. Дарэчы, успомніла Галіна, як святкавалі ў Бабчыне мясцовае прастольнае свята – Узвіжанне. Тады прыязджалі ўсе родныя з хойніцкіх вёсак. Нават успомніць радасна. Галіна Іванаўна цэніць, што можа быць у роднай вёсцы, хаця і сумна бачыць, як прырода забірае створанае чалавекам асяроддзе.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *