Да 24-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі Такое не забываецца


Я працавала закройшчыцай у стале раскрою гарадскога універмага. Аб аварыі мы даведаліся на наступны дзень, 27 красавіка, калі на аўтобусным прыпынку вёскі Дронькі сустрэлі жыхароў Чарнобыля, якія, пераплыўшы Прыпяць, сем’ямі ў поўным складзе дабіраліся да Хойнікаў. Мы з мужам у той нядзельны дзень ехалі да маіх бацькоў у Аравічы садзіць бульбу. Наша 5-гадовая дачка Лена ў той час ужо была ў вёсцы: свежае паветра, сырадой, побач рака – што яшчэ патрэбна дзіцяці?..

Калі дабраліся да Аравіч, то людзі там ужо ведалі аб гэтай аварыі, але ніхто і ўявіць сабе не мог, што гэтая падзея напрамую, бязлітасна і жорстка адаб’ецца на лёсе кожнага з нашых аднавяскоўцаў. А тады, 1 мая 1986 года, акурат у свята працы, уся вёска дружна выйшла на пасадку бульбы на адведзеным саўгасам “Аравічы” палетку непадалёку ад Прыпяці. Пасадкай займаліся ўсе разам: гаспадарка ў вызначаны дзень спецыяльна для гэтай мэты выдзяляла аратых і коней.

У самы разгар работ нашу ўвагу прыцягнуў ваенны верталёт, які прызямліўся непадалёку ад нас. З яго выскачыў маладзенькі салдацік з нейкім невялікім прыборчыкам, у некалькіх месцах паклаў яго на зямлю, потым нешта запісаў у сшытак і верталёт узняўся ў паветра.

Пасля заканчэння пасадкі бульбы ў бацькоўскай хаце накрылі стол. Аднак паабедаць усім разам не давялося. Калі толькі селі за стол, у дом зайшоў былы дырэктар Аравіцкай сярэдняй школы У.М. Валасюк і сказаў мне, каб забірала дачку і ішла да будынка сельскага Савета: дзецям зараз небяспечна знаходзіцца ў вёсцы і іх трэба неадкладна вывезці ў Хойнікі.

Праз некалькі дзён даведалася аб тым, што з Аравіч і іншых навакольных вёсак пачалі вывозіць калгасную жывёлу. А познім вечарам 4 мая ў маю хойніцкую кватэру прыйшла маці Соф’я Аляксандраўна (у той час яна працавала настаўніцай у Аравіцкай СШ) і расказала аб тым, што з вёскі эвакуіравалі і дарослых людзей. Усіх запэўнілі, што гэта толькі на 3 дні.

Многіх аднавяскоўцаў запрасіў у Дворышча былы старшыня Савета Пётр Філімонавіч Арэшчанка – ён таксама быў родам з Аравіч. Далі ім жыллё і работу, і толькі праз 3 месяцы ўсіх жыхароў Аравіч арганізавана перасялілі ў вёску Кароткавічы Жлобінскага раёна.

А вось мой бацька, Аляксей Іванавіч, ехаць туды наадрэз адмовіўся. Усё яго жыццё было звязана з Прыпяццю і працаваў ён у штаце Мазырскага рыбтрэста. Таму пераехалі да сваякоў у Юравічы, дзе таксама цекла яго любімая Прыпяць. Да самай смерці марыў наш тата аб вяртанні на родныя берагі, але так і  не дачакаўся гэтага, памёр у 1991 годзе. Па яго просьбе пахавалі на Аравіцкіх могілках і кожны год бываем там на Радаўніцу.

Маці ж засталася жыць з намі ў Хойніках. Канешне ж, і яна вельмі сумуе аб пакінутым у Аравічах селішчы, аднавяскоўцах, і кожная сустрэча з імі ёй, як і ўсім нам, прыносіць як радасць, так і сум па пакінутым назаўсёды.



Нядаўна, 12 красавіка, мы сустракаліся з аднакласнікамі 1973 года выпуску Аравіцкай СШ. Паплакалі, успомнілі перажытае, усклалі кветкі да помніка Смутку. А пасля гэтага пабывалі ў музеі “Трагедыя Чарнобыля”, паслухалі цікавы расказ яго дырэктара В.А. Зелянкоўскай, пакінулі запісы ў кнізе наведвальнікаў. На развітанне дамовіліся сустрэцца яшчэ раз. І кожны з нас назаўсёды захавае ўспаміны аб тым маляўнічым, чароўным і вельмі дарагім для нас куточку зямлі з назвай Аравічы.


Н. КАРНІЦКАЯ,
загадчыца гаспадаркі дзіцячага сада № 1.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *