У агульную скарбонку


На правядзенне Дня беларускага пісьменства ў нашым горадзе неабыякавыя грамадзяне ахвяравалі ўжо 32 мільёны рублёў.

Не так даўно Гомельскі абласны і Хойніцкі раённы выканаўчыя камітэты запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у падрыхтоўцы да свята. Вялікіх затрат патрабуе добраўпарадкаванне Хойнік: неабходна рэканструяваць дзіцячую бібліятэку, гарадскі парк, былую панскую сядзібу, дзе будзе адкрыты краязнаўчы музей. У горадзе з’явяцца скульптурныя кампазіцыі герояў твораў нашага знакамітага земляка, беларускага пісьменніка Івана Паўлавіча Мележа.

Пакуль ахвяраванні паступілі ў асноўным толькі ад прадпрыемстваў і арганізацый Хойнікшчыны. Так, на спецыяльны разліковы рахунак грашовыя сродкі ў суме 500 тысяч рублёў накіраваны ад калектыву камунальнага даччынага унітарнага прадпрыемства  меліярацыйных сістэм “Хойніцкае ПМС”,  199 тысяч рублёў – ад работнікаў РУП “Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў”. Калектывы  філіяла па дрэваапрацоўцы “Палескі” НВ РУП “Белінвесткамплект”, РДАУП “АТУП № 14”, ААТ “Хойніцкі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва” пералічылі адпаведна  167, 160 і 127 тысяч рублёў. 

На дастойную мэту прызначаюцца  ў тым ліку і сродкі, сабраныя на раённым суботніку, у якім прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, жыхары Хойнікшчыны прынялі самы актыўны ўдзел.

Але варта спадзявацца на тое, што абавязкова яшчэ адгукнуцца тыя ўраджэнцы раёна, якіх лёс раскідаў па розных кутках нашай краіны, і якія будуць рады дапамагчы ў добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы. І па прыездзе сюды пасля свята яны ўбачаць, як непаўторна, у лепшы бок, змяніўся воблік нашага горада. 

Дарэчы, у дабрачыннай акцыі прыняў удзел і калектыў абласной газеты “Гомельская праўда”, які пералічыў на разліковы рахунак райвыканкома суму ганарарнага фонда аднаго газетнага нумара (525 тысяч рублёў).

Нагадваем, што грашовыя ахвяраванні можна адрасаваць на разліковы рахунак 3641430000057 у філіяле         № 326 ААБ “Беларусбанк”, МФО 151501685, г. Хойнікі, вул. К. Маркса, 4. УНП 400057081. Атрымальнік – Хойніцкі райвыканком.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *