Наш доўг — берагчы адваяваны мір

Да Дня Вялікай Перамогі

DSC_0495«Толькі б не было вайны» – гэтыя словы, як малітву, кожны дзень вымаўляе жыхарка вёскі Алексічы Софія Піліпаўна Ліпніцкая (на здымку), якая ў пяцігадовым узросце пазнала жахі ваеннага ліхалецця. Аб тым, як лёс яе сям’і ўліўся ў лёс сем’яў працаўнікоў тылу, што давялося тады перажыць, жанчына і ўспамінае. Падкрэслівае, што ў нас ёсць доўг – берагчы адваяваны мір і не дапусціць паўтарэння вайны. І вельмі важна перадаць гэту памяць праз пакаленні.
– На пачатку Вялікай Айчыннай вайны мне было пяць гадоў. Бацька Піліп Пятровіч працаваў старшынёй калгаса «Рассвет» у нашай вёсцы Тунеўшчына, быў першым камсамольцам. Яму сказалі, што сям’ю трэба адправіць у тыл, таму што немцы сем’і актывістаў не пашкадуюць. Нас, дзяцей, было двое: я і малодшы на паўтара года брат. І калі прыйшоў час ад’езду, родзічы сказалі маім бацькам, каб аднаго з дзяцей пакінулі тут, з бабуляй і дзядзькамі. Я ўчапілася за матчыну спадніцу, стала плакаць, і тая мусіла ўзяць мяне.
Адправіўшы нас, бацька добраахвотнікам пайшоў на фронт, з баямі прайшоў паў-Еўропы.
Разам з намі ў эвакуацыю накіраваліся па дзве сям’і з Глінішч і Алексіч, жыхарка вёскі Пудакоў, звалі яе Параскай, з трыма дзецьмі і цётка Агапа са Звяняцкага. Суправаджаў нас мужчына з Хойнік па прозвішчу Мердаў.
Добра памятаюцца эпізоды, якія і цяпер раз-пораз паўстаюць перад вачыма, калі на адзін валасок былі ад смерці ў дарозе. Пад Бранскам цягнік, у якім мы ехалі, пачаў бамбіць нямецкі самалёт. Людзі з вагонаў пабеглі да блізкага лесу, я – за імі. Маці бачыць, што мяне няма, і таксама хацела бегчы, але Мердаў, схапіўшы яе за рукі, не адпускаў. Маці ўсё ж вырвалася і дагнала мяне ў лесе з чужымі людзьмі.
І вось мы прыехалі ў Тамбоўскую вобласць, у сяло Малыя Пупкі. У невялічкую хатку пасялілі тры сям’і, у якіх было пяцёра дзяцей. Мая маці, Аляксандра Дзмітрыеўна, працавала ў калгасе, даіла не толькі кароў, але і авечак. Усё ішло на фронт. Мы галадалі, збіралі гнілую бульбу, абівалі зярняты з лебяды і пяклі такі хлеб. Дроў не было, для абагрэву хаты ламалі палын, рабілі з саломы, з чымсьці змешваючы яе, кізяк, быццам торф.
Я пайшла там у першы клас. Як было цёпла, вучылася, а дажджлівай восенню – не, бо не было чаго абуць на ногі.
Мая маці, колькі жылі ў эвакуацыі, а гэта тры гады, столькі ж плакала па майму брату, які заставаўся пад акупацыяй. Ды і пра нас ніхто нічога не ведаў.
І толькі мой стрыечны брат Іван Паўлавіч Мележ у горадзе Бугуруслане зайшоў у цэнтральнае бюро даведак, дзе былі сабраны звесткі аб усіх эвакуіраваных, і прыслаў маці пісьмо.
Успамінаецца мне, як праз вёску, дзе мы жылі ў эвакуацыі, ішлі і ехалі параненыя савецкія салдаты. І нашы жанчыны дапамагалі ім, чым маглі: мылі адзенне, перавязвалі раны. А кожную ноч неба «паласавалі» пражэктары.
Даведаўшыся, што наш раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нашы жанчыны вырашылі ісці ў Тамбоў, каб там далі пропуск для вяртання на радзіму. Спачатку адмовілі, сказаўшы, што вайна яшчэ не закончана. Але потым выдалі пропуск да Бранска, а далей, сказалі, дабірайцеся, як хочаце.
Сабралі свой скарб у мяшкі, ехалі канём да чыгункі ў Тамбоў 60 кіламетраў. Сядзім суткі на двары, таму што трапіць на цягнік нельга – вагоны забіты ваеннымі. Сядзім і плачам, есці няма чаго. І вось падыходзіць салдат і пытаецца, чаго плачаце. Жанчыны расказалі пра сваё гора. Салдат, якога звалі Косцем, паведаміў, што толькі-толькі адправіў на платформе трактары ў Гомель, але паабяцаў дапамагчы заўтра. Калі падышоў цягнік, пачалі кідаць мяшкі ў вагон, іх прымалі нашы жанчыны. А мы ж, дзеці і Косця, стаялі і чакалі, калі падымемся ў вагон. Але тут правадніца закрыла дзверы. Сапраўды ў вагоне не было ўжо, як кажуць, і яблыку куды ўпасці.
DSC_0491Маці нашы ў вагоне, а мы стаім і плачам. Косця скінуў правадніцу з прыступак і давай закідваць нас, дзяцей, у вагон. Правадніца пабегла па міліцыю, але міліцыя нас не забрала. Косця пазней знайшоў агульную мову з правадніцай і суправаджаў нас да Бранска, дзе дапамог сесці ў цягнік да Гомеля.
З Гомеля ехалі хто ў тамбуры, хто ў вагоне, цягнік вёз пясок, коней. Даехалі да Васілевіч, далей цягнік не ішоў. Нам параілі шукаць начлег у хатах, бо ноччу налятаюць нямецкія самалёты і бамбяць вакзал. Але ў хату ніхто не пусціў, мусілі начаваць на вакзале, каля якога стаялі зеніткі. І сапраўды ноччу пачалася бамбёжка. Усе вокны ў вакзале павыбівалі. Але, дзякуй Богу, мы засталіся жывыя.
З Васілевіч да Хойнік ехалі на таварняку. На станцыі тут жыў наш зямляк, ён і прытуліў нас на начлег.
Назаўтра жанчыны пайшлі ў Хойнікі з надзеяй сустрэць каго-небудзь са знаёмых, на шчасце, якраз трапіўся глінішчанец Васілій Шарамела, які і паведаміў нашым родзічам, што мы знаходзімся на станцыі.
Матчын брат Анікандр Мележ параконкай прыехаў за намі.
Сваёй хаты ў нас не было, і мы сталі жыць у бабулі Мар’і, з якой заставаўся мой брат Валянцін. Хата гэта і сёння стаіць супраць хаты бацькоў Івана Мележа.
Мужчын на той час у вёсцы не было, яны ваявалі, таму жанчын, у тым ліку і маю маці, ганялі на лесанарыхтоўкі ў вёску Вялікі Бор.
У 1945 годзе я пайшла ў школу. Бацька вярнуўся з фронту ў 1946 годзе. Пабудавалі хату. Мы, школьнікі, дапамагалі калгасу, палівалі ранкам і ўвечары капусту, пасынкавалі тытунь, працавалі на малатарні, малацілі збожжа.
Немцаў у час вайны я не бачыла. Але ў 1949 годзе разам з маім дзядзькам Анікандрам Дзмітрыевічам паехалі ў Мінск да яго брата – Іллі Мележа, які ў той час працаваў намеснікам начальніка лагера для ваеннапалонных немцаў па ахове і рэжыму. Гэта былі ўжо іншыя немцы – звычайныя людзі, вясёлыя і замкнутыя… Іх супляменнікаў, тых, хто прайшоў шпіёнскія школы германскай арміі для выканання дыверсій супраць СССР, адпраўлялі на Калыму.
Адзін немец намаляваў фарбамі партрэт майго дзядзькі Іллі і падарыў мне. Гэты партрэт і сёння вісіць у рамцы ў маім доме. У тым жа 1949 годзе пачалася рэпатрыяцыя ваеннапалонных на Радзіму, і мой дзядзька, які працаваў начальнікам эшалона, за 10 месяцаў вывез з Беларусі ў Германію каля 90 тысяч ваеннапалонных.
У эвакуацыі я сябравала са сваімі равесніцамі Раяй Ветравай і Валяй Скварцовай. Пасля вайны доўгі час з імі перапісваліся, Рая нават прыязджала да мяне ў госці ў 1959 годзе. Але, як гэта часта бывае ў жыцці, наша перапіска абарвалася. А вельмі хацелася б сустрэцца з сяброўкамі ваеннага дзяцінства.

Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *