Мікола Мятліцкі


Удовы


Далёка спяць ад вёсачак Іваны
Пад покрывам магільнай той вайны.
А ў хатах б’ецца слёзна надламаны
Іваніх век прагорклы, зацяжны.
Слязінаю душыліся ў бяссіллі
На самай горкай, клопатнай сяўбе.
Патайна ад дзяцей адгаласілі,
Іх помнячы,
Не помнілі сябе.
Старэчыя, на вуліцах вясковых
Яшчэ і сёння носяць мазалі.
– З-за клопатаў, – мяркуюць так удовы, –
Забавіцца прыйшлося на зямлі.
У іх адныя пра дзяцей гаворкі,
Па леце ўнукаў разгалосы хор.
Са сцен драўляных пазіраюць зоркі –
Нясуць Іваны вечны свой дазор.
Удзячныя паштоўцы, тэлеграме,
Дыктуюць пісьмы ўцешныя заўжды,
Хоць з пенсіі прыдбалі шчодра ў краме
Усё, у чым падацца на клады.
І самі ў думках дзесь – за той мяжою
Пад часты скрып мярлінных палазоў.
Няўжо аднойчы станешся чужою
Мне, вёсачка, без іхніх галасоў?
Без песні той, што ў дзень пагодны весні
На покуці вяла пра ўдовін лёс.
Я з ёю рос.
І сёння ў гуках песні
Балесна чую прысмак скрушных слёз.
Я крою свет на кіламетры, мілі –
Мільгаюць горы, гмахі гарадоў.
Ды ведаю: іх не дажджы абмылі, –
Абмылі слёзы горкія ўдоў.
І скрозь усе вар’яцкія пагрозы,
Над вогнішчамі новых хірасім,
Як соль жыцця, праступяць матак слёзы,
Аброненыя ў Бабчыне маім.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *