Хутка прапануем будматэрыялы


Ужо сем год у нашым раёне дзейнічае філіял “Палескі” РУП “Белінвесткамплект”. Аб сённяшнім дні і яго перспектыве, звязанай з жыллёвым будаўніцтвам, гутарка карэспандэнта “ХН” з дырэктарам філіяла А.У. ЦІШКЕВІЧАМ.

– Алег Уладзіміравіч, якая спецыфіка работы калектыву, які Вы ўзначальваеце?

– Нарыхтоўваем лес на выдзеленых дзялянках і перапрацоўваем яго. Асноўныя спажыўцы нашай прадукцыі ў Бельгіі і Галандыі, куды пастаўляем палетную дошку для еўрападдонаў. Невялікі аб’ём паставак на ўнутраны рынак: агароджы, будаўнічыя канструкцыі, малыя архітэктурныя формы, абрэзкі, дровы для насельніцтва, можам выпісаць транспарт для вывазу і інш.

– Праблемы з сыравінай бываюць?

– Праблема ў іншым: у збыце. У нас сабекошт значна вышэй, чым у ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” па той прычыне, што высокі знос тэхнікі. Для таго, каб вывезці лес з дзялянак, вымушаны заказваць транспарт у лясгасе, а гэта абыходзіцца намнога даражэй, чым пры самастойнай дастаўцы. Вось і атрымліваецца, што наша прадукцыя даражэйшая, а пакупнік ідзе туды, дзе танней.

– Ці вырашана кадравае пытанне?

– На сённяшні дзень у штаце 42 чалавекі. Многія працуюць з першага дня заснавання філіяла. Гэта мой намеснік Сяргей Анатольевіч Маслаў, вядучы эканаміст Алена Іванаўна Аніскавец, станочнікі Аляксандр Аляксандравіч Лабада і Якаў Юліянавіч Талюк, трактарыст Расціслаў Расціслававіч Салянка і іншыя. Спецыялісты яны выдатныя і, па сутнасці, нашаму калектыву пад сілу нарошчваць аб’ёмы работ, было б для каго.

А ў бліжэйшым будучым  з’явіцца яшчэ 10-15 рабочых месц, потым штат павінен павялічыцца амаль у два разы. Будзе патрэбен высокакваліфікаваны тэхнолаг па дрэваапрацоўцы з вопытам работы, КІПаўцы для абслугоўвання аўтаматыкі новага італьянскага абсталявання ў сувязі з адкрыццём новага цэха па перапрацоўцы сухога піламатэрыялу.

– Калі ласка, некалькі падрабязней аб гэтым…

– Два гады назад пачалася рэканструкцыя такога цэха, на што было запланавана 6 мільярдаў спродкаў. Праведзены значны аб’ём работ, устаноўлена і наладжваецца  абсталяванне. Лінія зрошчвання, якая прызначана для ўхілення дэфектаў драўніны, дазваляе выпускаць высокаякасную прадукцыю, якая адпавядае сусветным стандартам: дошкі для падлогі, аддзелачныя матэрыялы, брус пад аконныя блокі, плінтусы даўжынёй да 6 метраў і пад заказ і інш., якія задаволяць самага патрабавальнага пакупніка. І тут, як я ўжо гаварыў, трэба высокакласныя рабочыя, якіх сёння не хапае.

Па сутнасці амаль усё гатова да запуску новай вытворчасці, але ёсць нязначныя недаробкі, якія зараз ухіляюцца, у прыватнасці не даведзена да ладу ачыстка паветра для пнеўмасістэмы станкоў. Аднак гэта ўжо не праблема. Для нас зараз галоўнае – актыўны пошук  рынкаў збыту, бо на той час, калі планавалася лінія, рынак быў не насычаны такой прадукцыяй, чаго не скажаш цяпер.

На здымку дырэктар філіяла А.У. Цішкевіч і станочнік А.А. Лабада.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *