З дзяржаўнай падтрымкай


Адзіны спосаб вырашыць кватэрнае пытанне ў сённяшні час  – гэта будаваць або купляць жыллё ў крэдыт. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 120 ад 1.03.2010 г. працэнтная  стаўка льготнага крэдыту зніжана да 1 працэнта гадавых, крэдытуецца цяпер 100 працэнтаў кошту нарматыву льготна крэдытуемай плошчы жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцей. 

Аб крэдытах, працэнтах і фінансавай дапамозе размова карэспандэнта “ХН” з начальнікам аддзела рознічнага бізнесу ААТ “ААБ Беларусбанк”А.У. КУЧАРАВАЙ.

– Алена Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, колькі чалавек скарысталіся магчымасцю палепшыць свае жыллёвыя ўмовы?

– У мінулым годзе льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля былі выдадзены 53 чалавекам на суму 13074,4 мільёнаў рублёў. За гэты кошт былі пабудаваны шматкватэрны дом па вуліцы 70 год Кастрычніка і 9 домікаў для мнагадзетных сем’яў па вуліцы Берагавога нашага горада.

За чатыры месяцы бягучага года адкрыты чатыры крэдытныя лініі. Мнагадзетныя сем’і будуюць дамы на вуліцах Берагавога і Савецкай горада і ў вёсцы Судкова. На вуліцы Пралетарскай райцэнтра будзе будаваць дом немнагадзетная сям’я.

Згодна з графікам, зацверджаным аблвыканкомам, у кастрычніку плануецца пачаць будаўніцтва другога жыллёва-будаўнічага кааператыву, а гэта яшчэ 20 крэдытных ліній. Пакуль што рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на дом.

– А звычайныя крэдыты на жыллё бяруць?

– Канешне, таму што льготныя крэдыты разлічаны толькі на маламаёмных грамадзян. Усім астатнім выдаём крэдыт у памеры да 75% ад рыначнага кошту будаўніцтва, рэканструкцыі або пакупкі жылля. Прычым, з 17 мая пачалі дзейнічаць новыя ўмовы выдачы такіх крэдытаў. Цяпер працэнтная стаўка па крэдыту складае 15 працэнтаў гадавых. Крэдыт выдаецца на тэрмін да 20 гадоў пры ўмове, што грамадзянін мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаіць на чарзе; 23 працэнты гадавых і на тэрмін да 15 гадоў – пры ўмове, што такой патрэбы няма. Калі грамадзянін пастаянна пражывае і працуе ў сельскім населеным пункце, то ён можа атрымаць крэдыт пад 14 працэнтаў гадавых на тэрмін да 20 гадоў, канешне, пры ўмове, што мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаіць на чарзе. Мнагадзетным сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдаём крэдыт у памеры да 95 працэнтаў кошту на тэрмін да 20 гадоў пад гадавыя працэнты ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

У мінулым годзе такія крэдыты былі выдадзены 21 чалавеку на суму 477,2 мільёна рублёў. За бягучы год заключаны два крэдыты на суму 41,5 мільёна, у працэсе адкрыцця яшчэ дзве крэдытныя лініі.

 – Як  і якую можна атрымаць дапамогу ў пагашэнні запазычанасці?

– Акрамя мнагадзетных сем’яў, якім дзяржава аказвае дапамогу ў пагашэнні ад 50 да 100 працэнтаў сумы запазычанасці, фінансавая дапамога таксама аказваецца маладым сем’ям, у якіх на момант пастаноўкі на ўлік мужу або жонцы не споўніўся 31 год. Пры нараджэнні першага дзіцяці спісваецца 10 працэнтаў ад асноўнай сумы запазычанасці на момант нараджэння, пры нараджэнні другога – 20 працэнтаў, пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей – 50 працэнтаў.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 585 ад 22.11.2007 г. прадастаўляецца фінансавая падтрымка маладым сем’ям, якія скарысталіся нельготным крэдытам. Пры нараджэнні першага дзіцяці або наяўнасці аднаго – 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, пры нараджэнні другога або наяўнасці двух непаўналетніх – 40 бюджэтаў, пры наяўнасці трох  і больш дзяцей – 50  БПМ. Падрабязней даведацца можна ў нашым аддзеле.

Фінансавая падтрымка прадастаўляецца роўнымі долямі на працягу тэрміну пагашэння асноўнай запазычанасці па крэдыту.

– Ці скарысталіся мэтавымі крэдытамі на будаўніцтва або пакупку жылых памяшканняў удзельнікі сістэмы будаўнічых накапленняў?

– Права на атрыманне крэдыту ўзнікае толькі пасля выканання ўдзельнікам  умоў дагавору жыллёвых зберажэнняў па заканчэнні зберагальнага этапа, на працягу якога здзяйсняецца накапленне і захоўванне грашовых сродкаў.

Крэдыты прадастаўляюцца на тэрмін да 20 гадоў у памеры да 75 працэнтаў кошту будаўніцтва або пакупкі жылога памяшкання. Працэнты за карыстанне крэдытам налічваюцца ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь плюс адзін працэнтны пункт.

Патрэбна адзначыць, што ўдзельнікі сістэмы будаўнічых накапленняў маюць магчымасць набыць жыллё ў любой кропцы нашай краіны, пры гэтым на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць не патрэбна і колькасць плошчы не ліміціруецца.

У нашым раёне на гэты час тры чалавекі ўжо ўзялі крэдыты пасля заканчэння зберагальнага этапа для пакупкі кватэр, два пакуль накапліваюць грашовыя сродкі.

– Алена Уладзіміраўна, ці будуць перанесены тэрміны выплаты крэдытаў?

– У сувязі з тым, што зараз не самая лепшая эканамічная сітуацыя, тэрміны выплаты заработнай платы часам пераносяцца на канец месяца, прынята рашэнне падоўжыць тэрміны выплаты асноўнай запазычанасці і працэнтаў па ўсіх відах крэдытаў. Напрыклад, зарплата 25-га, пасля 20 чысла пры няўплаце кліент аўтаматычна падпадае на пратэрміноўку і выплачваць яму даводзіцца большы працэнт. Гэта, вядома, крэдытаатрымальніка не радуе. Таму тэрмін пагашэння крэдытаў будзе перанесены з 20 чысла да апошняга каляндарнага дня месяца. Так зручней будзе нашым кліентам.

З усімі крэдытаатрымальнікамі  банка неабходна заключыць дадатковае пагадненне да крэдытнага дагавору.  Для гэтага атрымальнікам усіх відаў крэдытаў патрэбна звярнуцца ў крэдытны аддзел (другі паверх) “Беларусбанка”.

Па ўсіх узнікаючых пытаннях кожны жадаючы можа ў буднія дні звяртацца па тэлефоне 2-14-21 за падрабязнай кансультацыяй.


Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *