Гаспадар сваёй зямлі


Яшчэ са школьных гадоў Васілій Рыгоравіч Баранаў марыў аб рабоце на зямлі. Інтрыгавала, цікавіла і падабалася яму бачыць тое, як з маленькіх зярнятак вырастаюць сапраўдныя расліны, якія калышуцца багатай нівай, а за працу і праліты пот аддзячваюць земляробаў шчодрым ураджаем. Таму і не ўяўляў сабе юнак свайго будучага без любімага занятку.

Аднак, як кажуць, чалавек думае, а Бог робіць. Зусім не такім простым і хуткім быў яго шлях да здзяйснення мары дзяцінства. Нарадзіўся і вырас Васілій Рыгоравіч у Клівах, у 1992 годзе закончыў СШ № 2 г. Хойнікі. Потым была служба ў беларускім войску, пасля якой некаторы час пражываў у сястры ў Старых Дарогах. Аднак хаця Міншчына – край багаты і прыгожы, але цягнула Васілія на радзіму, таму і вырашыў вярнуцца ў родную вёску і паспрабаваць сябе ў прыватным прадпрадпрымальніцтве. Увесь гэты час не забываў Баранаў пра работу на зямлі, балазе, што ў бацькоў у Клівах быў свой прысядзібны ўчастак, а ўзрост Ніны Аляксандраўны і Рыгора Іванавіча ўсё часцей і настойлівей нагадваў аб сабе. Таму паступова ўсе  клопаты па агароду пераходзілі да Васілія і яго старэйшага брата Івана.

Усё змянілася ў 2000-ым годзе, калі браты пабудавалі цершую цяпліцу, у якой вырошчвалі агуркі і памідоры. Увосень сям’я атрымала выдатны прыбытак, і Васілій усур’ёз заняўся цяплічнай гаспадаркай. Для набыцця тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў не паленаваўся ён з’ездзіць на Брэстчыну. Столінскі раён і тады, і зараз добра вядомы ў нашай краіне як сапраўдны гароднінны і ягадны край. Менавіта там, у вёсцы Альшаны, прайшоў Васілій Рыгоравіч свае першыя “гароднінныя” універсітэты. Столінскія фермеры не толькі шчодра падзяліліся сваім вопытам з пачынаючым калегай, але і дапамаглі  насеннем і спадарожнымі матэрыяламі.

Сёння ў фермерскай гаспадарцы Васілія Баранава з лірычнай назвай “Кліўчанка” цяпліцы займаюць каля 40 сотак зямлі. Гаспадарка немалая і патрабуе яна ад фермера, якім Васілій Рыгоравіч афіцыйна зарэгістраваўся ў мінулым годзе, нямала працы і сіл. Асабліва адчуваеш гэта, пабываўшы на месцы: роўненькія, як пад лінеечку радкі агуркоў і памідораў у цяпліцы, а ў расадніку пышнай, сакавітай і свежай зеленню радуюць вока маладзенькія ўсходы. Міжволі падумалася: гэта ж колькі працы трэба прыкласці для таго, каб паспець належным чынам апрацаваць усё гэта багацце!

– А яшчэ ж трэба і зямліцу падрыхтаваць, і за плёнкай сачыць, і топкі дрывамі прапальваць для таго, каб падтрымліваць належны тэмпературны рэжым, – усміхаецца Баранаў і тлумачыць далей: – Зямлю для цяпліц мы бярэм у лесе – там, дзе яна самая ўрадлівая. Пасля гэтага прасейваем яе ўручную і толькі потым кладзем на цяплічныя грады.

Высадку насення Васілій Рыгоравіч пачынае ў лютым, прычым спачатку ідуць памідоры, а ўжо потым агуркі. У пачатку красавіка ўсходы (кожны з іх у асобнай ёмістасці) пераносяцца ў расаднік – таксама цяпліцу, напоўненую стэлажамі для расады. Першыя ўраджаі фермер здымае ўжо ў красавіку-маі, а працэс плоданашэння працягваецца да восені.

Яшчэ раз адзначу – клопатная гэта работа. Напрыклад, да надыходу ўстойлівага цяпла ўсе цяпліцы неабходна кожную гадзіну прапальваць, а кожныя 10 дзён – апрацоўваць фунгіцыдамі і ўносіць мікраэлементы: бор, медзь, марганец і інш.

– Канешне, працаваць даводзіцца ад зары да зары, – гаворыць Васілій Рыгоравіч. – Аднак дабіўся свайго: я сам гаспадар на сваёй зямлі, і сам  вырашаю што мне садзіць, калі гэта рабіць і куды збываць вітамінную прадукцыю. Усведамленне гэтага надае мне дадатковыя сілы.

Восенню плануе фермер разбіць сад, у якім будзе высаджваць не толькі традыцыйныя для нашай мясцовасці яблыні, грушы, вішні і слівы, але і ягаднікі. Вельмі карысныя і ў той жа час не такія патрабавальныя да ўмоў вырошчвання ягады – буякі. У нас больш яны вядомы пад рускай назвай – голубика. Акрамя таго, у будучым садзе знойдзецца месца  для чорных і чырвоных парэчак, агрэсту, чарнаплоднай рабіны. Райвыканком ужо выдзеліў 30 гектараў зямлі, асвойваць якую пачнуць у асенняе міжсезонне.

– Сёння ў нашым раёне створаны ўсе ўмовы для развіцця фермерства – адзначае Баранаў. – Вось і гэтыя 30 гектараў пад сад для мяне аформілі хутка і аператыўна. Мяркую так: чым болей будзе ў нас фермераў, тым болей будзе і вітаміннай прадукцыі. А, значыць, і цэны на яе будуць ніжэйшымі – гэта ж элементарны закон рынку.

Канешне, вядзенне цяплічнай гаспадаркі патрабуе ад фермера глыбокіх ведаў. А іх Баранаву дае навучанне ў Горацкай сельгасакадэміі, да заканчэння якой застаўся ўсяго адзін год.

Да яго, як дэпутата сельскага Савета, са сваімі праблемамі часта звяртаюцца аднавяскоўцы і жыхары навакольных вёсак. Гэта сведчыць аб тым аўтарытэце, якім фермер карыстаецца ў людзей. Яшчэ адным пацвярджэннем таму стала нядаўняе абранне Васіля Рыгоравіча дэпутатам раённага Савета ХХVІ склікання.

– У гэтых мясцінах я нарадзіўся і вырас, мяне ведаюць людзі і я, як дэпутат, не маю права адмовіць у іх просьбах і пажаданнях, – гаворыць Васілій Рыгоравіч. – А грамадскія абавязкі мяне ніколі не абцяжарвалі.

Яшчэ адзін цікавы штрых да партрэта гэтага чалавека. Ен – чалавек веруючы, падпарадкоўваецца ўсім праваслаўным канонам. А на Вадохрышча абавязкова купаецца ў рацэ Віць. Вось і сёлета не адступіў ён ад гэтай традыцыі нават у лютаўскі мароз і сцюдзёны вецер. Што цікава, пасля гэтага купання прастуду і насмарк у яго як рукой зняло.

 Вось так у няспыннай працы, клопатах і грамадскай рабоце праходзяць будні гэтага чалавека, мара якога паспяхова здзейснілася і стаў ён сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі.


Віктар НАЗАРАНКА.
На здымку: В.Р. Баранаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *