Вялікае сэрца фрау Крысціны Фрэнцэль


З 1991 года ў Германіі працуюць рознага кшталту арганізацыі, якія на працягу ўсяго пастчарнобыльскага часу аказваюць дабрачынную дапамогу жыхарам раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ад атамнай катастрофы. Адно з такіх аб’яднанняў – нямецкая асацыяцыя “Чарнобыль – дапамога”, якая аб’ядноўвае аналагічныя саюзы, што працуюць у іншых краінах Еўропы.


Намеснікам старшыні асацыяцыі з’яўляецца кіраўнік лабараторыі клетачнай біялогіі, член Савета інстытута Отта Хуга Крысціна Фрэнцэль, якая адначасова з’яўляецца каардынатарам праектаў гэтага інстытута ў нашай краіне. Яна паставіла свой подпіс пад Дэкларацыяй прынцыпаў ПраграмыCORE “Супрацоўніцтва для рэабілітацыі”. Цяпер ў гэтай міжнароднай праграмы, рэалізацыя першых праектаў якой пачалася ў Брагінскім, Чачэрскім, Слаўгарадскім і Столінскім раёнах, стала ўжо 25 партнёраў-донараў. Сацыяльна-эканамічныя, радыеэкалагічныя, медыцынскія, інфармацыйныя праекты CORE, накіраваныя на стварэнне лепшых жыццёвых умоў ў пацярпеўшых раёнах, ажыццяўляюцца з актыўным удзелам мясцовых спецыялістаў і жыхароў.

– Інстытут Отта Хуга, вядомыя нямецкія вучоныя-радыебіёлагі і радыеэколагі – расказвала фрау Фрэнцэль у час візіту ў хойніцкую цэнтральную бальніцу 19 мая, – вось ўжо 14 гадоў дапамагаюць жыхарам забруджаных радыенуклідамі беларускіх рэгіёнаў. Разам з Гомельскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыяй яны ўдзельнічалі ў стварэнні ў пацярпеўшых раёнах лабараторый і пунктаў радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаванння. 3 1991 года працягваецца наша супрацоўніцтва з Гомельскім эндакрыналагічным дыспансерам, на базе якога агульнымі намаганнямі будзе створаны цэнтр рака шчытападобнай залозы. Два разы ў год з Германіі сюды дастаўляюцца канвоі з сучасным абсталяваннем і медыкаментамі, арганізаваныя асацыяцыяй саюзаў “Чарнобыль – дапамога” у горадзе Атабрунн. Маецца праект па расшырэнню лячэбнага корпуса на плошчы амаль на 230 квадратных метраў. Акрамя гэтага цеснае супрацоўніцтва наладжана з Міжнародным экалагічным універсітэтам імя А. Сахарава, структурнай адзінкай якога з’яўляецца рэгіянальны вучэбна-інфармацыйны цэнтр па праблемах радыяцыйнай бяспекі, які размяшчаецца ў г. Хойнікі. Дзейсная дапамога аказваецца ў правядзенні праектаў рэгенератыўнага энергазберажэння, навуковых даследаванняў медыцынскіх, сацыяльных і экалагічных вынікаў катастрофы на ЧАЭС.

Асобным радком стаіць перад нямецкімі дабрачыннікамі аздараўленне дзяцей, якія пражываюць на радыеактыўнай тэрыторыі. Германія першай пасля аварыі ўзяла на сябе гэты клопат.

Фрау Крысціна Фрэнцэль за час дабрачыннай дзейнасці многа разоў пабывала ў Беларусі. На гэты раз яна прыязджала ў Хойнікі на цырымонію падпісання дакументаў аб перадачы дабрачыннай дапамогі. А яна даволі ўнушальная. Для аддзялення рэанімацыі і анестэзіі паступіў дэфібрылятар, бясценевая перасоўная лямпа – для хірургічнага аддзялення, два спавівальныя столікі для нованароджаных дзяцей – у акушэрскае аддзяленне, бінакулярны мікраскоп і піпетачныя дазатары для клініка-дыягнастычнай лабараторыі – усяго на суму 35 мільёнаў беларускіх рублёў.

К. Фрэнцэль прыняла прапанову галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіча наведаць акушэрскае аддзяленне, дзе гутарыла з персаналам і пацыентамі, цікавілася дэмаграфічнай сітуацыяй. У момант абмену падпісанымі дакументамі Ю.Г. Васілевіч ад імя хайнічан шчыра і сардэчна падзякаваў фрау Фрэнцэль за дапамогу, адзначыў, што новае абсталяванне дазволіць павысіць якасць прадастаўляемых медыцынскіх паслуг насельніцтву, уручыў дабрачынніцы сувенір на памяць.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *