На фінішы футбольнага свята

Спорт

З 17 па 23 мая ў нашай краіне, як і ва ўсёй Еўропе, праводзіўся Адзіны тыдзень масавага футбола. Ужывую паназіраць за футбольнымі баталіямі хайнічане маглі на стадыёне ДПТВ-183, дзе праводзіўся адкрыты Кубак Хойніцкага раёна па міні-футболу. Удзел у ім прынялі 8 каманд, якія на першым этапе былі падзелены на дзве падгрупы.

У нядзелю, 23 мая, адбыліся фінальныя гульні Кубка. Каманда завода гідраапаратуры ў гульні за сёмае месца перамагла гаспадароў поля з лікам 3:1. З такім жа лікам каманда райвыканкома апярэдзіла раённы аддзел унутраных спраў, заняўшы пятае месца ў агульным заліку.

У першым паўфінале сустрэліся каманды ПДРЭЗ і торфабрыкетнага завода (2:0 на карысць запаведніка), у другім – з лікам 2:0 (па пенальці) “Хойніцкі камунальнік” перамог каманду ТДА “Пірам Сервіс”.

У гульні за 3-е месца сустрэліся каманды торфабрыкетнага завода і ТДА “Пірам Сервіс”, якая і святкавала перамогу ў гульні з лікам 2:0.

А вось у фінале, у якім сустрэліся камунальнікі і каманда запаведніка, доўга не маглі вызначыцца з лідэрам. За асноўны час гульні ў вароты, нягледзячы на шэраг вострых момантаў, не было забіта ні аднаго гола. Таму вырашаючымі сталі пенальці, што выдатна рэалізавалі футбалісты ПДРЭЗ. Канчатковы лік фінальнай гульні – 3:0 на карысць запаведніка.

Лідэры турніру былі ўзнагароджаны Дыпломамі ад аддзела ФКСіТ райвыканкома, а каманда-пераможца атрымала і каштоўны падарунак. Афіцыйнае закрыццё Кубка раёна па міні-футболу адзначылася яшчэ адным прыемным момантам: начальнік аддзела ФКСіТ райвыканкома М.В. Раманенка ўручыў Падзякі С.М. Сабадашу, А.М. Тарасенка, В.А. Катку, У.В. Барадуліну, В.В. Барадуліну, А.Л. Вяргейчыку і В.Л. Вяргейчыку за вялікі асабісты ўклад у развіццё спорту ў Хойніцкім раёне, прапаганду здаровага ладу жыцця.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *