Стаўка — на беларускае


Сярод удзельнікаў раённага злёту перадавікоў галін народнай гаспадаркі быў і дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю “Аніс” А.Р. ЯРМОЛЕНКА. На гэтым форуме Аляксандр Рыгоравіч як кіраўнік лепшага прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці атрымаў Пераходны вымпел і Дыплом Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта .

А 22 лютага ТДА “Аніс” адзначыла 15-годдзе з дня свайго заснавання. Дзве гэтыя падзеі і сталі нагодай для сустрэчы з карэспандэнтам “ЛС”.

– Аляксандр Рыгоравіч, якія змены адбыліся на вашым прадпрыемстве за гэтыя 15 гадоў?

– Змянілася многае. Галоўнае – гэта тое, што намнога палепшылася якасць работы, а іменна: у разы пашырыўся асартымент харчовых і нехарчовых тавараў, якія мы прапануем пакупнікам, больш сучасным і складаным стала абсталяванне, а на прадпрыемстве склаўся трывалы, кваліфікаваны і здольны на многае калектыў. Характэрна, што ў нас няма цякучасці кадраў, а касцяк калектыву складаюць людзі, якія адпрацавалі ў “Анісе” па 8-12 гадоў.



Істотна пашырылася і кола нашых гандлёвых партнёраў – сёння мы працуем з пастаўшчыкамі са 103 прамысловых прадпрыемстваў і аптовых фірм Рэспублікі Беларусь, і на паліцах чатырох нашых магазінаў можна знайсці прадукцыю з усіх рэгіёнаў краіны.

– Пераважную большасць тавараў, якія прапануе хайнічанам ТДА “Аніс”, складаюць вырабы беларускіх вытворцаў. Так атрымалася стыхійна або гэта ваша прынцыповая стратэгія?

– Мяркую, што лозунг “Купляйце беларускае!” – гэта не проста рэкламны слоган, а жыццёва важная і актуальная формула матэрыяльнага жыцця нашага грамадства. Любая дзяржава імкнецца падтрымаць айчыннага таваравытворцу. Для нас жа, прадпрымальнікаў, важна тое, што зараз прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў выйшла на сусветную якасць пры задавальняючых і гандаль (прычым, адзначу – любой формы ўласнасці), і пакупнікоў цэнах.

Асабліва гэта датычыць беларускіх мясных і малочных вырабаў, высокую якасць якіх у адзін голас адзначаюць і спецыялісты, і госці з-за мяжы, і спажыўцы ў краінах СНД і Еўропы. Папулярнасцю і попытам у свеце карыстаюцца беларускае піва, кандытарскія вырабы, плодаагароднінныя кансервы.

У гэтым сэнсе не магу не адзначыць узаемавыгадных, плённых і па-сапраўднаму партнёрскіх адносін, якія склаліся ў нас з ПУП “Палескія сыры”. Нас задавальняе цана і якасць вырабаў хойніцкіх масла- і сыраробаў, а прадпрыемства задаволена тым, як рэалізуецца яго прадукцыя ў магазінах нашага таварыства.

Такое ж эфектыўнае супрацоўніцтва наладжана і з хойніцкім хлебазаводам. Ужо больш года мы гандлюем толькі хлебам хойніцкай вытворчасці.

Уся ж астатняя харчовая і нехарчовая прадукцыя ў магазінах нашага ТДА таксама пераважна беларускага паходжання. Удзельная вага прадукцыі айчынных вытворцаў складае лічбу 90 працэнтаў.

– Ваша прадпрыемства ў раёне лічыцца адным з тых, якія смела ідуць на ўкараненне новых і сучасных тэхналогій у гандлі.

– Нельга забываць аб тым, што мы жывём не толькі ў ХХІ стагоддзі, але і ў трэцім тысячагоддзі. А гэта час імклівага і бурнага развіцця тэхнікі, паўсюднай камп’ютэрызацыі, вынаходніцтва і ўкаранення новых тэхналогій. І той, хто адстае ад тэхнічнага прагрэсу, рызыкуе застацца на абочыне жыцця. Таму ў практыцы сваёй работы мы надаём першачарговую ўвагу тэхнічнай аснашчанасці гандлёвых кропак, належным умовам захоўвання і рэалізацыі прадукцыі, кантролю яе якасці. Дзякуючы гэтаму, а таксама высокай кваліфікацыі абслуговага персаналу, у нас практычна адсутнічаюць выпадкі парушэнняў санітарнага заканадаўства ў гандлі.

Многае робіцца для зручнасці пакупнікоў. Устаноўлены 3 плацёжныя тэрміналы для трымальнікаў пластыкавых банкаўскіх картачак – у гэтым напрамку работы знаходзім поўнае разуменне з кіраўніцтвам Хойніцкага філіяла № 326 ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Два магазіны працуюць кругласутачна, што таксама зручна для людзей. Не з’яўляюцца чужымі для нас і традыцыі міласэрнасці – ТДА “Аніс” часта выступае спонсарам спартыўных, культурных і дабрачынных мерапрыемстваў і акцый.

– На заканчэнне традыцыйнае пытанне аб вашых планах…

– Яны простыя і зразумелыя: развівацца, удасканальваць сваю работу, радаваць пакупнікоў таварамі высокай якасці і разумнай цаны.


Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.

На здымку (злева направа):
маркетолаг В.А. Ярмоленка,
прадавец магазіна № 1 “Вадалей” С.А. Дзянісава,
прадавец магазіна № 3 “Расінка” М.В. Анікейчанка,
дырэктар ТДА “Аніс” А.Р. Ярмоленка,
загадчыца магазіна № 2 “Аніс” Ю.А. Казакова,
загадчыца магазіна № 1 “Вадалей” Г.В. Лобан,
прадавец магазіна № 2 “Аніс” І.Р. Сізянок.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *