Перад пачаткам купальнага сезона

Законнасць і парадак

Купанне і катанне на лодках з’яўляюцца  добрым адпачынкам, умацоўваюць арганізм, развіваюць спрыт і вынослівасць. Аднак каб не здарылася няшчасця, нават умеючыя плаваць і карыстацца лодкай павінны захоўваць правілы паводзін на вадзе, быць дысцыплінаванымі.

Пачынаць купанне можна толькі па дазволу ўрача, у сонечнае і бязветранае надвор’е, пры тэмпературы паветра не ніжэй плюс 20 градусаў і не раней чым праз гадзіну пасля ежы. Купацца патрэбна толькі ва ўстаноўленых або добра знаёмых месцах.

Пры купанні катэгарычна забараняецца:

– заплываць далёка ад берага, выплываць за агароджванні месц купання;

– забірацца на тэхнічныя папераджальныя знакі, буі, бакены і інш.;

– знаходзіцца на вадзе ў нецвярозым стане.

Кожная прагулачная лодка (вёславая або маторная) павінна быць спраўнай і мець неабходны камплект выратавальных сродкаў. Каб не парушыць раўнавагу лодкі, пры пасадцы трэба ўваходзіць у яе па аднаму, ступаючы на сярэдзіну насціла і раўнамерна рассаджвацца на сядзенні. Перагружаць лодку звыш устаноўленых норм катэгарычна забараняецца.

У час руху не дазваляецца ўставаць, мяняцца месцамі, садзіцца на борт, а таксама пераходзіць з адной лодкі ў другую.

Катанне на вёславых прагулачных лодках павінна праводзіцца недалёка ад берага. Абганяць другую лодку рэкамедуецца з левага боку ў напрамку руху. У ветранае надвор’е катанне на лодках забараняецца.

Асноўнай прычынай гібелі на вадзе малалетніх дзяцей з’яўляецца адсутнасць нагляду за імі дарослых, а школьнікаў – няўменне плаваць. Часам толькі першы крок аддзяляе мелкае месца ад глыбокага. Зрабіўшы гэты крок, дзіця страчвае раўнавагу і, калі ўзровень вады акажацца вышэй галавы, пачынае захлёбвацца і тануць. Таму няўмеючым плаваць асабліва небяспечна ўваходзіць у ваду ў незнаёмых месцах, дзе могуць аказацца ямы, вадавароты, водарасці.

Трапіўшы ў моцнае цячэнне, не плывіце супраць яго – можна выбіцца з сіл. У гэтым выпадку трэба плыць па цячэнню, паступова набліжаючыся да берага.

Аказаўшыся ў водавароце, не губляйцеся: набярыце пабольш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок у бок па цячэнню, усплывіце на паверхню.

Калі заблыталіся ў водарасцях, не рабіце рэзкіх рухаў. Зрабіўшы глыбокі ўдых, пагрузіцеся з галавой у ваду і спакойна вызваліце ад раслін спачатку рукі, затым ногі, і, перавярнуўшыся на спіну, асцярожна выплывайце з небяспечнай зоны.

Нельга карыстацца  самаробнымі плытамі, дошкамі, аўтамабільнымі камерамі, надуўнымі матрацамі.

Большасць цяжкіх траўм пры купанні адбываецца ў час скачкоў у ваду з крутых берагоў, мастоў, лодак і ў неправераных месцах у выніку удараў пад вадой аб камні, сваі або само дно.

У выніку ператамлення або пераахалоджвання ў вадзе ў плыўца магчымы сутарагі мышц, сардэчныя спазмы, парушэнне дыхання і страта свядомасці.

Пры стамленні трэба легчы на спіну і спакойна, без рэзкіх рухаў плыць па напрамку да берага, працуючы толькі нагамі, а рукі, высунуўшы з вады, сціскаць у кулакі і расціскаць, пакуль сутарагі не спыняцца.

І памятайце: захаванне правіл паводзін на вадзе – гарантыя вашага жыцця.


М. РАМАНЕНКА,
старшыня раённага
таварыства выратавання на вадзе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *