Праводзілі цёпла і ўрачыста


Падцягнутага, стройнага, акуратнага афіцэра пазнаеш нават у цывільным адзенні. І абавязкова ўзнікае пачуццё даверу, павагі. Як да Аляксандра Мікалаевіча Протчанкі. Чалавек  слова і справы, якога аўтар гэтых радкоў ведае многа год. \


Закончыўшы ў 1983 годзе Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча Міністэрства унутраных спраў СССР, службовую дзейнасць ён пачынаў начальнікам каравула самастойнай ваенізаванай пажарнай часці па ахове г. Рэчыцы, праз тры гады – старшы інспектар самастойнай ваенізаванай пажарнай часці па ахове г. Хойнікі, затым намеснік начальніка часці, начальнік яе… На ўсіх прыступках службовай лесвіцы праяўляў сябе дысцыплінаваным, патрабавальным ў першую чаргу да сябе афіцэрам, ведаючым  справу, якую даручана было выконваць.

З красавіка 2000 года А.М. Протчанка ўзначальвае пажарны аварыйна-выратавальны атрад г. Хойнікі і аб’ектаў Хойніцкага раёна, ён жа і начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці горада, а з чэрвеня 2001 года – начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях установы “Гомельскае абласное упраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь”. Вырас ад малодшага лейтэнанта да падпалкоўніка.

І вось ў мінулы панядзелак  сабраліся супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях на сход, але каб не абмеркаваць надзённыя пытанні, а з нагоды ўрачыстай і крышачку сумнай – праводзін на заслужаны адпачынак свайго кіраўніка. Намеснік начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях В.І. Тупіца зачытаў загад міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь аб звальненні ў запас па ўзросту з пастаноўкай на воінскі ўлік падпалкоўніка ўнутранай службы А.М. Протчанкі з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адзнакі. Ад сябе асабіста Віктар Іванавіч сказаў нямала добрых слоў у адрас віноўніка ўрачыстасці, уручыў падарунак, кветкі і пасведчанне пенсіянера.

Ад імя райвыканкома і райсавета дэпутатаў падзякаваў за службу  Аляксандра Мікалаевіча намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А.У. Машэўскі і ўручыў  яму Ганаровую грамату райвыканкома за шматгадовую добрасумленную працу, дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, прафесійнае майстэрства.

 Пенсія – не адстаўка, тым больш, што ўзрост дазваляе праявіць сябе на іншым полі дзейнасці. Аляксандр Мікалаевіч не збіраецца парываць сувязей з калектывам, які сфарміраваў дружным, здольным выканаць любой складанасці задачу, а калектыў фарміраваў яго як кіраўніка, які ўмее  знайсці падыход да падначаленых і павесці іх за сабой. У маладога пенсіянера ёсць задума дапамагчы райаддзелу па надзвычайных сітуацыях у афармленні  музея, стварыць своеасаблівы летапіс спраў выратавальнікаў.


Уладзімір СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *