Ім апладзіравалі ў сталіцы


28-30 мая таленавітых дзяцей і падлеткаў з раёнаў Беларусі, пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, сабрала ХV рэспубліканскае свята мастацтваў “У будучае – з надзеяй”. Арганізатарамі яго з’яўляліся грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пяць дзяўчынак і чатыры хлопчыкі былі ўдастоены гонару прыняць удзел у свяце як пераможцы раённага адборачнага тура “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”, які адбыўся ў г. Хойнікі ў лютым гэтага года.

Марына Ладыгіна, Андрэй Сцешыц, Дзіяна Стольнікава, Аляксей Пюро, Вікторыя Барадуліна, Анастасія Лабачова,  браты Алег і Сяргей Мядзведзевы, Вераніка Махнавец аб чарнобыльскай трагедыі ведаюць толькі па расказах бацькоў, дзядуль і бабуль, бо нарадзіліся ўжо ў той час, калі пачалося адраджэнне пацярпелых тэрыторый. Але яны цвёрда вераць у светлую будучыню свайго краю, што родная Беларусь будзе моцнай і працвітаючай дзяржавай, у якой іх талент і працавітасць будуць запатрабаваны.

Па прыезду размясціліся для пражывання ў дзіцячым рэспубліканскім аздараўленчым цэнтры “Ждановічы”. Тры дні праляцелі быццам адзін. Усе яны былі насычаны цікавымі сустрэчамі, новымі знаёмствамі, выступленнямі.  У першы дзень  прынялі ўдзел у справаздачнай канцэртнай праграме для дзяцей і падлеткаў. У другі дзень у Белдзяржфілармоніі адбыўся гала-канцэрт “У будучае – з надзеяй”, які адкрыў першы намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС А.В. Загорскі.

У фае філармоніі была разгорнута выстаўка работ дзіцячых творчых студый. Там жа, на сцэнічнай пляцоўцы, адбыўся канцэрт, у якім Алег і Сяргей Мядзведзевы спявалі песню “З сябрамі”. А ў зале Белдзяржфілармоніі бурнымі апладысментамі была сустрэта аўтарская песня “Глядзі ўперад!” Андрэя Сцешыца. Поспех выступлення Андрэя несумненны, бо ў канцэрце выступалі і зоркі беларускай і рускай эстрады.

Гасцямі рабят былі пераможца дзіцячага “Еўрабачання-2009” Ральф (Галандыя) і лаўрэат і пераможца “Фабрыкі зорак” Алекс (Расія).

У апошні дзень у ДРАЦ “Ждановічы” прайшло свята “Маладыя галасы Беларусі”, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, на якім выступілі з песняй “Сэрца Беларусі” Віка Барадуліна і Анастасія Лабачова.  Вераніка Махнавец праспявала песню “Гармонь”, а Аляксей Пюро – “Пропала собака”.

Пры падвядзенні вынікаў рэспубліканскага свята мастацтваў кожнаму яго ўдзельніку была ўручана Грамата ЦК грамадскага аб’яднання “БРСМ” і падарунак ад Беларускага дзіцячага фонду.

Незабыўнай застанецца для рабят і экскурсія па сталіцы нашай Радзімы – гораду-герою Мінску.


Л.НЯВОЛІНА,
галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *