Бясконца паляпшаць жыццё


На пасяджэнні райвыканкома, якое адбылося ў мінулую пятніцу, разглядваліся вынікі ўкаранення сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванню насельніцтва раёна за студзень-май 2010 года. Адзначана, што па стану на 1.06.2010 года з 43 зацверджаных стандартаў выконваюцца ўсе.Разам з тым прызнана недастатковай работа галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіча па выкананню нарматыва забяспечанасці ўчастковымі ўрачамі-тэрапеўтамі.

Згодна з рашэннем райвыканкома ад 11.06.2010 г. № 588 пад персанальную адказнасць намеснікам старшыні райвыканкома, начальнікам аддзелаў і ўпраўленняў, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці, старшыням сельвыканкомаў неабходна прыняць вычарпальныя меры па абавязковаму выкананню ўсіх нарматываў сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванню насельніцтва ў раёне.     

Па другому вынесенаму на абмеркаванне пытанню “Аб стане водазабеспячэння сельскага насельніцтва Хойніцкага раёна” праінфармавала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.Р. Лагвінец. У цэлым сітуацыя ацэнена як эпідэмічна надзейная.

Рашэнне райвыканкома ад 26.06.2009 г. № 654 “Аб стане водазабеспячэння і мерах па забеспячэнню насельніцтва раёна якаснай вадой” выканана ў наступнай частцы:

– прыняты на баланс калодзежы, якія знаходзяцца ў грамадскім карыстанні;

– распрацавана праграма вытворчага лабараторнага кантролю якасці вады з калодзежаў;

– арганізавана праходжанне папярэдніх і перыядычных медаглядаў асобамі, якія абслугоўваюць водаправодныя сеткі і збудаванні.

Разам з тым “Хойніцкім камунальнікам” не выкананы мерапрыемствы па паляпшэнню санітарна-тэхнічнага стану грамадскіх калодзежаў; не выраблены схемы размежавання ўчасткаў водаправодаў рознай ведамаснай прыналежнасці. Кіраўнікамі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў, ДБУ-23, АСП “Аўтабаза Хойніцкага райпо” не забяспечана выкананне вытворчага лабараторнага кантролю якасці і бяспекі пітной вады.

Згодна з рашэннем райвыканкома ад 11.06.2010 г. № 589 кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў сумесна з ПУП “Палескія сыры” павінны забяспечыць лабараторны кантроль якасці пітной вады на малочнатаварных фермах.

Канкрэтныя тэрміны па выкананню даручэнняў адведзены  КЖУП “Хойніцкі камунальнік”:

– да 1.07.2010 г. распрацаваць графік работ па прывядзенню ў належны санітарна-тэхнічны стан калодзежаў, якія знаходзяцца ў грамадскім карыстанні; 

– для рэалізацыі прынцыпу ўліковасці і платнасці пітнога водазабеспячэння да 1.01.2012 г. прыняць меры па падключэнню да цэнтралізаваных водаправодных сетак дамоў сядзібнага тыпу;

– пры выяўленні неадпаведнасці якасці вады з грамадскіх калодзежаў устаноўленым нарматывам прымаць меры па ачыстцы і санітарнай апрацоўцы з прыцягненнем РАНС.

Старшыням сельвыканкомаў сумесна з камунальнай службай да 1.07.2010 г. неабходна вызначыць мэтазгоднасць эксплуатацыі калодзежаў, якія знаходзяцца ў грамадскім карыстанні, для арганізацыі тампанажу тых, што не выкарыстоўваюцца насельніцтвам.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *