Патрыёты роднай зямлі


Наталля Уладзіміраўна і Сяргей Аляксандравіч Кавалёвы адносяцца да катэгорыі тых сем’яў, дзе пануюць узаемаразуменне і згода. Да таго ж, гэта людзі актыўнай грамадскай пазіцыі. Неаднаразова ўдзельнічалі і станавіліся пераможцамі ў раённых конкурсах “Лепшая маладая сям’я” і “Лепшае сялянскае падвор’е маладой сям’і”, маюць вялікую колькасць падзяк, грамат, дыпломаў, якім адведзена пачэснае месца ў іх гасцінным доме.


І гэта ўсё нягледзячы на занятасць і займаемыя пасады: Сяргей Аляксандравіч – намеснік галоўнага ўрача па гаспадарчай частцы цэнтральнай раённай бальніцы, Наталля Уладзіміраўна – дырэктар цэнтра вольнага часу ў аграгарадку Стралічава. Абодва вучацца завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысура свят і абрадаў”. На радасць бацькам падрастае сын Саша, які ў гэтым годзе стане першакласнікам.

Жыццё ў горадзе Кавалёвых не вабіць, бо дзе, як не ў сельскай мясцовасці можна адчуць яднанне з прыродай. Хоць і адносна нядаўна (з 2008 года) жыве сям’я Кавалёвых у сваім доме па вуліцы Маладзёжнай, але абсталявалі ўжо зону адпачынку з альтанкай і мангалам, драўлянай лазняй (гонар гаспадара), міні-басейнам. Гаспадар захапляецца пчалярствам, а ў яго жонкі дварочак як званочак: і агародныя культуры дагледжаны, і вакол буйства кветак.

Па-даброму пазайдросціць можна гэтай дружнай сям’і, іх адносінам, іх шчасцю. І адчуваеш павагу да такіх маладых, але ўжо патрыётаў сваёй роднай зямлі.


Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *