Плаціце своечасова!


На чарговай нарадзе ў абласным упраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі работа  “Хойніцкага  камунальніка” па выніках праведзенай  за 5 месяцаў работы па зніжэнню пратэрмінаванай запазычанасці і прымаемых да неплацельшчыкаў мерах прызнана станоўчай.

Для прыцягнення ўвагі да праблемы неплацяжоў і стабілізацыі аплаты жыллёва-камунальных паслуг выкарыстоўваюцца розныя спосабы. Адным з дзейсных з’яўляецца выпуск рознакаляровых рахункаў-квітанцый.

Грамадзянам, якія атрымліваюць квітанцыі жоўта-аранжавага  колеру, нагадваецца, што яны “забыліся” ўнесці плацяжы да 25 чысла і маюць пратэрміноўку, якую неабходна хутчэй ліквідаваць.

Грамадзяне, якія атрымліваюць рахункі-квітанцыі чырвонага колеру, з’яўляюцца неплацельшчыкамі з запазычанасцю больш шасці месяцаў.

Акрамя гэтага на дзверы кватэр злосных неплацельшчыкаў наклейваюцца чырвоныя трохкутнікі з надпісам  “Вы стаіце ў чарзе на высяленне” – знак таго, што пры далейшых неплацяжах будуць прыняты крайнія меры.

Таксама ажыццяўляецца дапамога ў афармленні дакументаў на спісанне пені грамадзянам пры ўмове аплаты асноўнага доўгу, аказваецца садзейнічанне ў прадастаўленні адраснай дапамогі для пералічэння сум у кошт аплаты запазычанасці за камунальныя паслугі, заключэнне пагадненняў аб рэструктурызацыі запазычанасці, афармленне адтэрміноўкі аплаты запазычанасці і інш. Сярод крайніх мер –  адключэнне вады і святла, накіраванне іскаў у суд, высяленне з займаемай жылплошчы.

За 5 месяцаў бягучага года аформлена 8 натарыяльных надпісаў, па іх спагнана 1,7 мільёна рублёў. У суд пададзены 163 іскі на суму 92 мільёны рублёў. Згодна з артыкулам 71 жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь адзін іск на высяленне з прадастаўленнем іншага жылога памяшкання задаволены: М.К. Міхальчанка, пражываўшая па вул. К. Маркса, 36/5, пераселена на вул. Рэвалюцыйную. Адзін іск па арт. 41 пададзены ў адносінах грамадзяніна, які самавольна заняў жылое памяшканне. Ад вода- і электразабеспячэння адключана 114 жылых памяшканняў, гаспадары якіх больш двух месяцаў не аплачваюць гэтыя паслугі.

Да слова, іск на высяленне камунальная служба можа падаць не толькі за няўплату камунальных паслуг, але і за антысанітарыю. На гэты час накіраваны ў суд тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. За антысанітарыю заканадаўствам прадугледжана высяленне без прадастаўлення іншай жылплошчы.

За 5 месяцаў бягучага года рашэннем райвыканкома спісана пені 9 грамадзянам на 4,9 мільёна рублёў. Заключаны два пагадненні аб рэструктурызацыі запазычанасці на суму 1653290 рублёў, з іх аплачана 682620 руб.

Для большай эфектыўнасці па спагнанню пратэрмінаванай запазычанасці па квартплаце і камунальных паслугах з 22 прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна заключаны дагаворы на безнаяўнае пералічэнне жыллёва-камунальных плацяжоў. Аднак на сённяшні дзень у дзеянні гэтыя дагаворы толькі з 5 арганізацыямі. Такі метад спагнання запазычанасці ўведзены і на нашым прадпрыемстве.

Звяртаюся да ўсіхграмадзян, якія атрымліваюць рахункі-квітанцыі, аплачвайце жыллёва-камунальныя паслугі своечасова – да 25-га чысла штомесяц.


А. КЛЮКАЎКІН,
дырэктар ДП “Хойніцкі камунальнік”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *