На ўсе рукі майстар


Некалі пасля вайны ў вёсцы Пучын Брагінскага раёна Рыгор Данілавіч Балобан быў сталяром класным. За што ні возьмецца, зробіць як ляльку: аконныя рамы, дзверы, шафы, ложкі, калыскі… І ўсё гэта ўручную сякерай, рубанкам, нажоўкай, стамескай, долатам, дрылем, свердзелам. Сын яго Аляксандр (на здымку) любіў назіраць, як працуе бацька, ад якога заўсёды пахла стружкай-габлюшкай, што выкідваў рубанак, здымаючы яе з сасновага бруска або шалёўчыны.

Асаблівага жадання пайсці бацькавай дарогай Аляксандр не меў, хаця сталярнічаць і навучыўся. Ен захапляўся спортам. Як большасць вясковых хлопцаў, марыў калі не аб сусветных рэкордах, то на ўзроўні школы, а то і раёна. Гэта і вызначыла выбар прафесіі, усяго працоўнага шляху. Закончыў тэхнікум, потым інстытут. Пачынаў настаўнікам фізкультуры ў Савіцкай сярэдняй школе Брагінскага раёна, працаваў у СШ № 1 г. Хойнікі, нейкі час быў дырэктарам дзіцячай спартыўнай школы. А  пры надыходзе пенсійнага ўзросту, мусіць, далі ведаць аб сабе задрамаўшыя было сталярскія бацькоўскія гены. А больш усяго прыроджаная акуратнасць да ўсяго. Двухпакаёвую кватэру на другім паверсе дома № 9 па вул. Жукава, у якой жыве разам з бацькам, ператварыў у казку. З мудрагелістымі ўзорамі дзверы, аддзелка кухні такая, што можа пазайздросціць любая гаспадыня, зала – пакой псіхалагічнай разгрузкі. Усё да месца, зручна, арыгінальна. Не ведаючы і не скажаш, што тут жывуць двое мужчын, аднаму з якіх 85, а другому – 63 гады. Чысціня і парадак ідэальныя.

Можна падзяліцца радасцю з другім чалавекам. А чаму б не падзяліцца акуратнасцю і ўтульнасцю? І падзяліўся Аляксандр Рыгоравіч: ад першага да апошняга паверха лесвічныя пляцоўкі аддзеланы з густам і фантазіяй. Так і цягне з першага паверха падняцца вышэй, каб паглядзець што будзе далей.

А да другога пад’езда дома № 9 варта было б прыводзіць на экскурсіі малышоў з дзіцячых садкоў. Бо адна справа  па карцінках знаёміць дзяцей з раслінным і жывёльным светам, і зусім іншае, калі гэта наглядна. Тут табе і цыбаты бусел, і чапля застыла, прыслухоўваючыся да наваколля, і вясёлыя жабкі, якія здаецца вось-вось скокнуць з краю басейна ў ваду, залезлі на дрэва цікаўныя малпачкі, глядзяць уніз, таго і глядзі, выкінуць якую-небудзь шкоду. У апошні час тут з’явіўся дзеючы фантан, “вадапад”, пальмы. І мяжы фантазіі ў Аляксандра Рыгоравіча Балобана няма, жыве ўжо новымі задумкамі і  можа падзяліцца або рэалізаваць іх для іншых. Надзейнымі памочнікамі ў яго суседзі пенсіянер Міхаіл Пятровіч Белаш і выкладчык фізкультуры ДПТВ-183 Пётр Васільевіч Турскі.

Можа, нехта назаве ўсё гэта дзівацтвам або будзе абурацца, як той мужчына, што падышоў у час нашага наведвання і стаў разважаць, маўляў, з-за фантана і “вадапада” заб’ецца каналізацыя і нікому ўсё гэта не патрэбна.

Але ж суседзі Аляксандра Рыгоравіча задаволеныя. Выйдуць на лавачку пагаварыць аб жыцці-быцці і так ўтульна адчуваюць сябе тут. Парадак усе яны на лесвічных пляцоўках падтрымліваюць. І ніколі б не згадзіліся быць жыхарамі другога пад’езда дома № 4 на сваёй вуліцы, які ператвораны ў прытулак бадзячых катоў, або ў трэцім пад’ездзе дома  № 5а, дзе пастаянна на першым паверсе пад лесвіцу нехта выкідае смецце. Інтэлігентнасць, прыстойнасць, культура чалавека праяўляецца ў яго справах.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *