Да новай сустрэчы!


З 21 па 25 чэрвеня на беразе возера Ізбынь праходзіў пяты раённы турыстычны злёт сярод вучнёўскай і працуючай моладзі, прысвечаны Году якасці і 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёлета сабраўшыхся на возеры сустрэлі хмарнае неба і надакучлівы дробны дожджык. Але гэта не спыніла аматараў актыўнага адпачынку.

У турыстычным злёце вучняў навучальных устаноў раёна, у тым ліку падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, прынялі ўдзел 12 каманд. Прыемна здзівіла ўсіх удзельнікаў і суддзяў каманда Веляцінскага д/с-БШ. Нягледзячы на юны ўзрост (гонар школы абаранялі вучні 5-7х класаў), яна здолела паказаць не толькі дастойны вынік, але і выйсці пераможцай у шэрагу спаборніцтваў. Як вынік – заслужанае трэцяе месца.

Другое месца заваявала каманда Судкоўскай СШ, а лідэрамі вучнёўскага раённага турыстычнага злёту сталі вучні Паселіцкага д/с-СШ.

Пасля ад’езду вучняў школ раёна на возеры сабралася самая актыўная моладзь цэнтральнай раённай бальніцы, завода гідраапаратуры, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, лясгаса, аддзела адукацыі і раённага выканаўчага камітэта.

На працягу трох дзён злёту за лідэрства спрачаліся каманды лясгаса, бальніцы і запаведніка, якія намнога адарваліся па агульных балах ад астатніх каманд. Але ў апошніх конкурсах упэўненую перамогу атрымала і адпаведна стала пераможцай турзлёту каманда ПДРЭЗ. Менавіта яна да асенняга турыстычнага злёту стала ўладальніцай пераходнага кубка. На другім месцы – каманда ЦРБ, на трэцім – лясгаса.

Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад аддзелаў ФКСіТ і па справах моладзі райвыканкома, а таксама раённага камітэта БРСМ.

Ад’язджаючы дамоў, удзельнікі злёту не развітваліся. Яны казалі: “Да сустрэчы!” Да новай сустрэчы са старымі знаёмымі, шчырымі эмоцыямі і добрым настроем на асенніх турыстычных злётах.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *