Забяспечаны ўласным асфальтабетонам


Вялікі аб’ём выканання работ па добраўпарадкаванню вуліц горада, а таксама па рамонту дарожнага палатна аўтамагістраляў і сельскіх дарог, якія праходзяць па тэрыторыі раёна, прыпадае на долю ДЭУ-155. Раней гэтая дарожна-эксплуатацыйная арганізацыя не мела свайго ўчастка па вытворчасці асфальтабетону і яго даводзілася закупляць. Аднак у сувязі з падрыхтоўкай да Дня беларускага пісьменства пастаянная завозка асфальтабетону стала затратнай і нявыгаднай. Таму ў ДЭУ прынялі рашэнне аб будаўніцтве ўласнага асфальтабетоннага завода.


Ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства “Гомельаблдарбуд”, якое дапамагло з набыццём абсталявання і ў будаўніцтве новага АБЗ. Работы па яго мантажу пачаліся ў снежні мінулага года, а ўжо 20 красавіка сёлета работнікі ДЭУ атрымалі першы ўласны асфальтабетон, таму магчымасці прадпрыемства значна выраслі. Прамысловая магутнасць завода – выпуск 40 тон сумесі за гадзіну, а за суткі вырабляецца 400-500 тон. Усяго ж з дня запуску ў эксплуатацыю і да пачатку ліпеня завод выдаў “на гара” больш за 20 тысяч тон прадукцыі.



Асфальтабетон – гэта сумесь з пяску з адсеваў здробненых горных парод, каменных матэрыялаў (шчэбеню), даламіту і бітуму, які ў вадкім выглядзе паступае на АБЗ з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.



Завод працуе ў дзве змены, адну з якіх складаюць хойніцкія работнікі АБЗ, а другую – сумежнікі з Акцябрскага ДРБУ-116.  Перад злучэннем у асфальтабетонную сумесь усе кампаненты праходзяць адпаведны працэс тэхналагічнай апрацоўкі і толькі потым атрымліваецца гатовы прадукт. Праверкі на якасць сумесі і яе кампанентаў праводзяцца ў размешчанай на тэрыторыі АБЗ лабараторыі. Гэтым займаецца інжынер-лабарант Раман Рафаэльевіч Латфулін.

За тэхналагічным працэсам прыгатавання асфальтабетоннай сумесі назіраюць аператары Аляксей Рыгоравіч Краўчанка і Аляксандр Уладзіміравіч Георгашвілі. А раней за ўсіх на работу (у 4 гадзіны раніцы) прыходзіць варшчык бітуму Васілій Міхайлавіч Панас. Справа ў тым, што першая змена АБЗ пачынае сваю работу ў 6 гадзін, рабочаму неабходна зараней разагрэць да неабходнай тэмпературы бітум і забяспечыць яго праходнасць па трубах і помпах.

За спраўнасцю механізмаў канвеернай стужкі падачы каменных матэрыялаў сочыць машыніст Дзмітрый Аляксандравіч Добыш. А вось за тэхнічны стан усяго абсталявання АБЗ, яго рамонт і абслугоўванне адказвае спецыяліст з больш чым 30-гадовым стажам  работы на асфальтабетонным заводзе ДБУ-23 Канстанцін Рыгоравіч Агрынскі. Хапае работы ў электрыка Вячаслава Мікалаевіча Новіка і вагаўшчыцы Алены Валер’еўны Добыш.

На АБЗ створаны ўсе ўмовы для плённай і вытворчай працы: ёсць бытавы вагончык з гарачым душам, халадзільнікам і электрачайнікам, у кожнага з работнікаў – індывідуальныя і зручныя шафы для пераапранання. Немалаважна і тое, што за сваю працу людзі атрымліваюць дастойную заработную плату.

Асфальтабетонны завод ДЭУ-155 не адзіны ў нашым раёне. Па-ранейшаму, вось ужо на працягу 40 гадоў, функцыяніруе АБЗ дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 23. Так што дзве з трох дарожных арганізацый раёна на сённяшні дзень забяспечаны ўласным асфальтабетонам.


На здымках: уважліва сочыць за аперацыямі аператар прыгатавання асфальтабетоннай сумесі А.У. Георгашвілі (злева); стараннасцю і аператыўнасцю ў рабоце вызначаецца варшчык бітуму В.М. Панас (справа).  


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *