У святле Вялікай Перамогі


З урачыстага святкавання Дня Рэспублікі і 66-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Мой родны кут, як ты мне мілы!

Азірніцеся. У промнях сонечнага перламутра ўжо 66 год у Беларусі мірна днее, вечарэе і світае. Зіма лебядзіным крылом кружыць завіруху, вясна-нявеста сарамліва прымярае бела-ружовы вэлюм з квецені садоў, лета звонкагалоса адгукаецца зязюляй з-за рэчкі, восень шчодра рассыпае на балоце журавіны. Сінявокая наша Радзіма-Беларусь сёмае дзесяцігоддзе засынае і прачынаецца свабоднай.

Штогод 3 ліпеня адыходзяць на другі план дамашнія справы. Пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы не маем права ў паўсядзённых клопатах, у радасці падзей і горычы няўдач забываць тых, хто даў нам магчымасць жыць пад мірным небам.

Няма ў Беларусі такога кутка, які не стаў бы месцам здзяйснення народнага подзвігу. І няма месца, дзе б не шанавалі гэтыя подзвігі. Вось і сёлета хайнічане прыйшлі на гарадскія могілкі да Брацкай магілы, да Вечнага агню – сімвалу бессмяротнасці салдат. Вітаючы хайнічан на мітынгу, з пачуццём гонару і глыбокай павагі называў старшыня райвыканкома А.В. Бічан імёны землякоў-удзельнікаў баёў па вызваленню рэспублікі. Ва ўнісон працягваў агучваць спіс загінуўшых на вайне салдат старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанка. У іх ліку М. Захаранка, У. Клімянок, В. Гардзеенка, А. Любачка, А. Гардзейчык, А. Дылянок, Р. Макаранка, А. Дзенісенка,  М. Лешчанок, І. Кучараў, С. Скрыпчанка… Успомнілі добрым словам нядаўна пайшоўшага з жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны А.А. Марыновіча.

Мы нізка схіляем галовы перад светлай памяццю герояў. Наша свабода не была атрымана па росчырку пяра. Кожнага трэцяга жыхара аддала Беларусь. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, усклалі вянкі і кветкі да падножжа помніка. У цэрквах і касцёле былі праведзены богаслужэнні з вымаўленнем малітвы за Беларусь.

На шчасце, на мітынгу прысутнічалі паважаныя ветэраны, сціплыя, слабыя здароўем, але моцныя духам, у якіх на грудзях у ордэнах і медалях і цяпер уся Еўропа далёкім водгуллем вайны звініць. І так хочацца немагчымае магчымым зрабіць, каб век іх быў даўжэйшым. Аляксандр Васільевіч пажадаў усім добрага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, веры ў свае сілы.

Нашчадкі Перамогі з транспарантамі,  флагамі і шарамі, кветкамі ў руках  і чырвона-зялёнымі стужкамі, прымацаванымі на адзенні ў знак удзелу ў агульнарэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я помню! Я ганаруся!”, ператварылі вуліцу Калесніка ў рознакаляровую стужку.

На адкрытай пляцоўцы каля ГЦКіС “Меліяратар” разгарнулася святкаванне самай значымай дзяржаўнай даты. Прыемна адзначыць, што  жыхары раёна Дзень Рэспублікі сустракаюць дастойнымі працоўнымі перамогамі. Так, за першы квартал сёлета аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 131,4%, тавараў народнага спажывання – 134,6 пры прагнозе адпаведна 113,6 і 110%. У цяперашні час у раёне функцыяніруюць 40 малых прадпрыемстваў, за бягучы перыяд года створана 77 рабочых месцаў. Толькі дзякуючы сумесным намаганням, стваральнай працы мы зможам у поўнай меры скарыстацца пладамі нашай незалежнасці. Прыемным сюрпрызам для сабраўшыхся стала дэманстрацыя калекцыі жаночага і мужчынскага адзення з ільну, распрацаваная і пашытая на Хойніцкай фабрыцы  мастацкіх вырабаў.

Вялікую і дружную сям’ю хайнічан павіншавала з Днём Рэспублікі, 66-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём горада старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар. Яна падзякавала ветэранам за нязломны патрыятызм, за тое, што адстаялі магчымасць сваё жыццё і будучым пакаленням самім тварыць. Пажадала ўсім здароўя, больш энергіі і сіл на шляху да дасягнення нашай агульнай мэты – дабрабыту роднага краю, кожнага яе грамадзяніна.

Радасць дзяржаўнага свята раздзялілі з жыхарамі раёна госці з Украіны і Расіі. Прадстаўнікі дэлегацыі з г.п. Клімава Бранскай вобласці, з гарадоў Оўруч і Народзічы Жытомірскай вобласці, Іванкава Кіеўскай вобласці абмяняліся падарункамі з кіраўніком раёна А.В. Бічаном, выказалі ўпэўненасць ва ўмацаванні партнёрскіх сувязей, пажадалі, каб пад белымі крыламі буслоў квітнела і развівалася і без таго прыгожая і таленавітая Беларусь Русь.

Пахарашэла дзякуючы цеплыні сэрцаў і залатым рукам жыхароў у апошнія гады Хойнікшчына. Неабыякавыя людзі ператвараюць пад’езды, тэрыторыі  каля сваіх дамоў у астраўкі чысціні і парадку. Па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшае домаўладанне горада-2010 старшыня райвыканкома А.В. Бічан уручыў дыплом і падарунак Анатолію Сяргеевічу і Валянціне Аляксееўне Кірэйчык, якія пражываюць па вул. Будзёнага, 27.


У намінацыі “Лепшы пад’езд горада” пераможцам прызнаны другі пад’езд па вул. Жукава, 9. За яго эстэтычнае афармленне і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі ўзнагароджаны Аляксандр Рыгоравіч Балобан. У намінацыі “Лепшае сельскае падвор’е маладой сям’і” трэцяе месца заняла сям’я Аляксандра і Вольгі Гайко з Глінішч, другое – сям’я  Максіма і Людмілы Чуяшовых з Судкова і першае – сям’я  Сяргея і Наталлі Кавалёвых са Стралічава. Гэтыя маладыя людзі  яшчэ раз даказалі, што ў нас можна добра жыць і працаваць.

Мінулае наша гераічнае, і сведкам таму – спадарожніца-песня. Мы не толькі зберагаем багатую самабытную культуру продкаў, але і прымнажаем яе. У час літаратурна-музычнай кампазіцыі “Беларусь – гэта мы!”, услаўляючай зямлі нашай светлае імя, на сцэне гучалі аўтарскія творы: песня “Салдаты”, тэкст якой напісала Святлана Пятроўна Сакратарова – дачка  ўраджэнца вёскі Карчовае, загінуўшага пры  вызваленні Украіны. Словы песні пакладзены на музыку кампазітара Марка Навасёлава,  пражываючага, як і Святлана Пятроўна, у Рэспубліцы Комі. Прагучала і   песня “Родны горад” у выкананні аўтара, вучня СШ № 3 г. Хойнікі Андрэя Сцешыца. Тэматычныя паказальныя выступленні работнікаў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, ГЦКіС “Меліяратар” на моцным радасным крыле талентаў неслі хвалу сваёй Радзіме. І ўзляцеў у нябёс блакітную раку папяровы бусел.

Рыхтаваліся да свята і гараджане, і вяскоўцы. Выстаўка падворкаў ад сельскіх Саветаў прыцягвала прыемнымі пахамі, вясёлымі спеўкамі, жартамі. Карагоды фантазіі, фантаны  свежых ідэй дапамаглі спаўна адлюстраваць жыццё-быццё і тагачаснага, і цяперашняга селяніна. Дзяўчынкі-рукадзельніцы  ў квяцістых уборах да золку на вячорках ткалі, пралі, вышывалі. Маці і бабулі ежу гатавалі, люльку з дзіцём гайдалі, на справу гожыя гаспадары ў гэты час палявалі, пчолак даглядалі, рыбу лавілі. Словам, працавалі грамадой і не былі з бядой, з  рамяством сябравалі – гора не зналі. Паўсюдна ў госці запрашалі,  смачна частавалі. Было чаму падзівіцца, нават жывыя ваўчаняты у кошыку варушыліся.

Рэхам песні то тут, то там гучалі. Удзельнікі ансамбля “Светлячок” ГЦКіС “Меліяратар” Вераніка Махнавец, Алег і Сяргей Мядзведзевы, Алёша Пюро, Віка Барадуліна, а таксама выхаванцы ДШМ Вольга Героніна, Наталля Бельская, Ксенія Майер чаруючымі галасамі славілі часцінку іх саміх – родную Хойнікшчыну.  Побач з падворкамі  вуснамі мёд разлівалі, радавалі сваім майстэрствам калектывы мастацкай самадзейнасці з Іванкаўскага і Оўруцкага раёнаў. Душой можна было адпачыць каля выстаўкі падзелак Дома рамёстваў. Дзеці бавілі час у цікавых гульнях і конкурсах, прадаўцы райспажыўтаварыства ўсіх нястомна прысмакамі спакушалі. Крыху паводдаль  – на стадыёне ДПТВ-183, у скверы загінуўшых воінаў-афганцаў, у сасонніку за магазінам “Юбілейны” – разгарнуліся спартыўныя баталіі. Футбалістаў, былых выпускнікоў гімназіі, перамагла пераможца першынства раёна па гэтаму віду спорту каманда ПМС. Лепшым у спаборніцтвах па шахматах стаў Уладзімір Казмярчук, па шашках – Дзяніс Яновіч. У кіданні дроцікаў самымі трапнымі прызнаны Ліза Дубоўская, Сяргей Мазырэц, Сяргей Кудрыцкі і Валя Казмярчук. Усе пераможцы атрымалі  ўзнагароды ад арганізатара – аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкома.    



У час святкавання прайшоў гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці раёна і адбылося падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу “Шануйце духоўную спадчыну продкаў”. Сярод узнагароджаных:




  • салісты Вольга Шаўчэнка, Алена Невядомская, Вольга Уласенка, Лілія Пабядзінская, Людміла Карпухіна, Сяргей Швядзюк, Ірына Бабір, Зінаіда Крупадзёр, Ірына Аніскавец, Наталля Шарапава, Марына Краўчанка, Леанід Шут;


  • дуэты Уладзіміра і Людмілы Чарняковых, Ірыны Альпяровіч і Ксеніі Марчанковай, Марыны Валасюк і Наталлі Бычкоўскай, Анастасіі Назаранка і Алены Іванчанка, Дзмітрыя Фядотова і Наталлі Турко, Руслана і Ігара Гаўрыльчыкаў;


  • вакальныя групы ДЭУ-45 і ПДРЭЗ, СШ № 3;


  • танцоры маці і сын Вольга і Мікіта Бяспалавы.

    Усе яны атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.


Яскравай старонкай урачыстасці стаў гала-канцэрт раённага агляду-конкурсу  мастацкай самадзейнасці “Шануйце духоўную спадчыну продкаў!” А ў час вячэрняй праграмы падтанцоўвалі і падпявалі артыстам ўсе жадаючыя. Дэманстраваліся тэматычныя слайды, дакументальны фільм аб Хойніках.  Самадзейныя артысты раёна “запальвалі” на ўсе сто да 22 гадзін 55 мінут. Пасля чаго акрыленыя, натхнёныя на здзяйсненне хайнічане прынялі ўдзел у рэспубліканскай тэматычнай акцыі “Спяём гімн разам!”, якая з’яўляецца сімвалам яднання і агульнай веры ў стабільную і працвітаючую краіну. У каторы раз пацвердзілі – “Мы, беларусы, мірныя людзі!”

І азарылася неба, быццам сотні зорак нехта запаліў.  Святочныя залпы ўзнеслі салют-прыгажун у вышыню начной цемры. Як ніколі шчодра рассыпаўся ў нябёсах рознакаляровы феерверк, выпісваючы неверагодныя зігзагі. На імгненне захапіла дух. Пасля чаго зноў  адгалоскі вясёлых мелодый запаланілі акругу.


На здымках: у час святкавання.


Ірына ЛУКАШЭНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК
і Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *