Мясцовыя праблемы не павінны вырашацца «наверсе»


Старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар дзеліцца планамі работы на бліжэйшую перспектыву.

– Галіна Віктараўна, чым будзе займацца Савет новага склікання, яго прэзідыум у першую чаргу?

– На пастановачнай сесіі раённага Савета дэпутатаў зацверджаны перспектыўны план райсавета дэпутатаў ХХVІ склікання і яго органаў  на 2010 год. На сесіях райсавета будуць разгледжаны самыя актуальныя і надзённыя пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва, а таксама тыя, што датычаць выканання Дзяржпраграм па розных сферах соцыуму. У практыку работы ўводзіцца правядзенне Дзён сельсаветаў, такое мерапрыемства праведзена ўжо 26 чэрвеня на базе Велікаборскага сельскага Савета – дэпутаты ўпэўніліся ўвачавідкі, як на тэрыторыі Савета працуе гандаль, наладжана медыцынскае, культурнае  абслугоўванне, якім чынам абстаяць справы па добраўпарадкаванню. Ушанаваны лепшыя з лепшых працаўнікоў мясцовага сельгаспрадпрыемства і тыя, хто ўнёс большы ўклад у агульную справу навядзення парадку на зямлі. Будуць арганізаваны выязныя пасяджэнні камісій райсавета з тым, каб ахапіць максімальную колькасць сельскага насельніцтва, не будуць забыты пры гэтым самыя аддаленыя населеныя пункты раёна.Таму што самае галоўнае  – гэта арганізацыя работы з насельніцтвам.

 Мы максімальна павінны змяніць псіхалогію і свядомасць нашых жыхароў, пераканаць чалавека ў тым, што жыццё будзе цудоўным, калі мы ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння пачнем з сябе.  Бо, як гаворыцца, унутры кожнага з нас храм. А затым навесці парадак на тэрыторыі, дзе жывеш і працуеш. Хаця ў справе добраўпарадкавання ў населеных пунктах нашага раёна зроблена многае, аднак да жадаемага выніку вельмі далёка. Часта можна бачыць, як побач з дагледжаным падворкам знаходзіцца неахайны, гэтае ж датычыць пад’ездаў шматкватэрных дамоў, прыдваравых тэрыторый. Дэпутатам трэба  пачаць з сябе: са свайго двара, пад’езда, падворка, а затым пайсці ў свае акругі і падняць людзей на вырашэнне задачы, каб раён быў чыстым і прыгожым.

У гэтым кантэксце вельмі важна прывіваць людзям павагу да святых мясцін. А вось з могілкамі пакуль парадку мала. На справе імі займаюцца, каму давядзецца. Што датычыць добраўпарадкавання, узвядзення агароджы, то часцей за ўсё гэту работу арганізоўваюць сельсаветы, а таксама прыцягваюцца калектывы гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый. За магіламі даглядаюць родзічы памёршых. А калі такіх няма? І чаму б чалавеку, які прыбраў “сваю” магілку, не ўбраць месца апошняга прытулку чалавека, з якім жыў побач, якога добра ведаў?

Вялікая праблема пустуючых домаўладанняў. Працэдура зносу такіх дамоў вельмі складаная, яна рэгламентавана Указам Прэзідэнта № 70. Бывае так, што пасля зносу дома застаецца недагледжаны ўчастак зямлі, які псуе агульную карціну сельскага побыту. Адным словам, тут край работы.

– Вельмі важнае пытанне – развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі.

– У нашай краіне назіраецца змяншэнне колькасці падсобных гаспадарак. Гэта паказалі праверкі Дзяржкантролю. Вядома, улада павінна ўсяляк спрыяць, каб кожны вясковы жыхар трымаў асабістую гаспадарку, падтрымліваў тым самым сваю сям’ю, а лішкі прадукцыі прадаваў. Асаблівы клопат мясцовай улады ў гэтым сэнсе павінен адрасавацца пажылым людзям. Яны ўсё жыццё працавалі на гэтай зямлі, стваралі дабрабыт свайму роднаму сельгаспрадпрыемству, прыйшоў час дапамагаць ім.

Вядома, вялікае значэнне надаецца цяпер у краіне выкананню праграмы падтрымкі і развіцця асабістых падсобных гаспадарак. І старшынь сельскіх Саветаў, і дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў раённая ўлада будзе настройваць на тое, каб кожны вясковец меў участак зямлі і магчымасць нарыхтаваць кармы для жывёлы. Кіраўнікі павінны ўсвядоміць, што яны адказныя не толькі за грамадскую вытворчасць, але і за людзей, якія на вытворчасці працуюць.

– Многа ўвагі надаецца мясцоваму самакіраванню. Ці бачыце Вы, Галіна Віктараўна, за ім сапраўды вялікія магчымасці?

– Развітая сістэма самакіравання існуе, напрыклад, у Швейцарыі. Гэта калі дзяржава вырашае галоўныя пытанні: абароназдольнасці краіны, выратавання людзей ад прыродных катаклізмаў, будаўніцтва важных аб’ектаў. А што датычыць дробных жыццёвых пытанняў, то яны перакладзены на органы мясцовага самакіравання. Штодзённыя праблемы людзей вырашаюцца на той тэрыторыі, дзе яны ўзнікаюць, а не “наверсе”. Да гэтага нам трэба імкнуцца. Здавалася б, дробязь: напрыклад, засыпаць яму, зрабіць накрыўку для калодзежа. Але без гэтага людзям цяжка жыць. Дзеля гэтага будзе працаваць Указ  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб мясцовым кіраванні і самакіраванні па ўвядзенню самаабкладання – усе сродкі, якія будуць сабраны на тэрыторыі той або іншай вуліцы або вёскі будуць на адказнасці ўпаўнаважаных і накіроўвацца ў першую чаргу на вырашэнне праблем жыхароў гэтай тэрыторыі.

Са сваімі асабістымі пытаннямі людзі звяртаюцца да свайго ўпаўнаважанага. Як правіла, гэта аўтарытэтныя людзі, якія з’яўляюцца звязуючым звяном паміж насельніцтвам і ўладай, сумленна выконваюць свае грамадскія абавязкі.

З 14 па 23 чэрвеня ў нашым горадзе і сельскіх населеных пунктах прайшлі сходы жыхароў па выбранню прадстаўнікоў у органы грамадскага самакіравання. Увогуле, большасць з нашых 82 упаўнаважаных – людзі ад зямлі, якія жывуць у вёсцы і маюць свае падворкі. Бачаць жыццё “сваіх” людзей і ведаюць, як яго зрабіць лепшым.

– А як наконт утрыманства, на якое часта скардзяцца некаторыя кіраўнікі? Маўляў, людзі шмат чаго патрабуюць, а самі нічога не хочуць рабіць.

– Мы дзесяткі гадоў прывучалі людзей да таго, што ўлада прыйдзе і ўсё зробіць. Я не гавару пра нямоглых, старых. Аднак ёсць такія сем’і, дзе людзі фізічна здольныя, але лянуюцца адрамантаваць агароджу і прыбраць смецце.

Дух утрыманства моцны, але і  мы не адступаем. Арганізоўваем, напрыклад, людзей на ўборку свайго населенага пункта, пераконваем: “Тут вы жывеце, няхай усё вакол будзе чыстым, прыгожым, няхай гэтай прыгажосці іншыя пазайздросцяць”. Прыходзяць, робяць, потым кажуць, што ўсё правільна. Радуе тое, што ў сельскіх населеных пунктах многія падворкі вылучаюцца малымі архітэктурнымі формамі, амаль паўсюдна буяюць кветкавыя клумбы.

– Галіна Віктараўна, якія вашы пажаданні дэпутацкаму корпусу, які чакае вялікая праца, а таксама выбаршчыкам, якія чакаюць выканання перадвыбарных абяцанняў?

– Па-першае, быць шчырым перад самім сабой. Можна падмануць каго хочаш, але не самога сябе. Прынцып майго жыцця такі: рабі, што можаш, з тым, што маеш, і ўсё будзе добра ва ўсіх: у мяне, у выбаршчыкаў і дэпутатаў.

Адзначу, што сённяшняму дэпутацкаму корпусу па плячы вырашэнне задач, якія ставіць кіраўніцтва дзяржавы. З 36 абраных дэпутатаў 10 прыйшлі ў другі раз. Многа кіраўнікоў валодаюць каштоўнай жыццёвай і працоўнай практыкай і здольны вырашыць набалелыя праблемы.

З дэпутатамі плануем праводзіць вучобу, яны павінны ўнікаць ва ўсе дробязі жыцця людзей, старацца вырашаць узнікаючыя пытанні. Важна, каб дэпутат  ведаў свае правы, тады ён можа запатрабаваць адказ ад службовай асобы, а галоўнае – дзеянняў, каб да яго меркавання і дэпутацкіх запытаў ставіліся з поўнай ступенню павагі.

Мы павінны працаваць над прыняццем такіх нарматыўных актаў, якія б дазволілі больш эфектыўна працаваць нашай эканоміцы. Каб казна атрымлівала больш грошай у выглядзе падаткаў, што дазволіць вырашыць пытанні рамонту жыллёвага фонду, добраўпарадкавання, іншыя сацыяльныя праблемы, якія ў нас ёсць.

Вось чым у першую чаргу будзе заняты раённы Савет дэпутатаў. А таксама іншымі пытаннямі, якія прадыктуе жыццё.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *