Каб адумацца


Усё, што датычыць інтарэсаў дзіцяці, – справа дзяржаўнай важнасці. А якія ў яго інтарэсы? Яно хоча быць з маці дома, нават калі там галадае і з ім нават абыходзяцца жорстка. Але, на вялікі жаль, для часткі сем’яў нашага горада і раёна не дзіця, а гарэлка стала сэнсам жыцця, што пацвердзілі вынікі чарговага рэйду, які праводзіўся ў рамках акцыі “Сям’я без насілля”.

Пры наведванні сям’і ў вёсцы Малішаў маці трохгадовай дзяўчынкі і яе сужыцель знаходзіліся ў непрытомным стане ад п’янства. Не заставалася нічога зрабіць, як забраць дзіця на часовае ўтрыманне ў цэнтральную раённую бальніцу. На шчасце, маці працверазілася, прайшла лячэнне ад алкагалізму, і дачка ёй вернута.

У водпуску па догляду дзіцяці да трох гадоў знаходзіцца маладая хайнічанка, якая жыве ў грамадзянскім шлюбе. Клопаты аб дзіцяці спіхнула на сваю маці, а сама п’янствуе. У такім жа становішчы яшчэ адна непаўналетняя дзяўчынка з другой сям’і. У сувязі з тым, што дзеці пакуль знаходзяцца пад наглядам бабуль, вырашана было дзяцей пакуль не адбіраць, а гора-маці папярэджаны, што калі не пройдуць курс лячэння ад алкагалізму, пяройдуць у разрад абавязаных асоб.

Хачу адзначыць, што пры правядзенні акцыі “Сям’я без насілля” большая ўвага звяртаецца на маладыя сем’і, дзе неспрыяльнасць толькі намячаецца. Тым больш, што Дэкрэт № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь даў права адбіраць дзіця на тэрмін да шасці месяцаў, не даводзячы сітуацыю да суда па пазбаўленню бацькоўскіх правоў. І такая шокатэрапія дзейнічае працверажальна. Пайшла яна на карысць работніцы фабрыкі мастацкіх вырабаў, чый хлопчык-школьнік вернуты ёй пасля шасцімесячнага знаходжання ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку.
Становішча ў сям’і змянілася самым кардынальным чынам – маці пазбавілася ад алкагалізму, дзіця дагледжана.

А. СОДАЛЬ,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *