Сустрэнем гасцей як мае быць


Спакон вякоў заведзена ў народзе, што рыхтуючыся да сустрэчы гасцей, кожны з нас стараецца навесці парадак у сваім доме. Ад гэтага і сабе на душы прыемна, і людзям жаданым таксама. А зараз усе мы з’яўляемся сведкамі буйнамаштабнага пераўтварэння нашага агульнага дома – роднага горада Хойнікі, якому выпаў вялікі гонар стаць сталіцай вялікага свята – Дня беларускага пісьменства. Гасцей будзе вельмі многа і важна, каб кожны з іх павёз на сваю радзіму самыя добрыя ўспаміны аб нас.
Дзяржава ўкладвае велізарныя сродкі ў добраўпарадкаванне нашага райцэнтра. Дастаткова сказаць, што на сённяшні дзень асвоена звыш 30 мільярдаў рублёў капіталаўкладанняў. Грашовыя сродкі матэрыялізуюцца ў новыя дарогі, аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Паглядзіце, як увачавідкі мяняюць сваё аблічча ў лепшы бок гарадскі парк, як пераўтварыліся магазіны “Дарожны” і кафэ “Надзейка”, як прыгажэюць шматкватэрныя дамы, якія будуць знаходзіцца ў эпіцэнтры свята. Варта прайсціся па вуліцы Савецкай і заўважыць, якімі хуткамі тэмпамі вядзецца рамонт гасцініцы, што будзе мець статус трохзоркавай, гарадской лазні, будынка паштовай і электрасувязі, раённага Дома культуры, а на плошчы з’явіцца Дом грамадзянскіх абрадаў. Усе аб’екты нават цяжка пералічыць.
Так, многае зроблена з дапамогай дзяржавы. Але ў справе добраўпарадкавання многае залежыць і ад нас саміх. У нашым горадзе ёсць многа вуліц, тэрыторый, прылягаючых да прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія вабяць позірк шматквеццем усіх колераў вясёлкі. Усю сваю фантазію накіравалі работнікі ПУП “Палескія сыры”, завода гідраапаратуры, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, каб стварыць кветкавыя кампазіцыі не толькі на тэрыторыі, прылягаючай да прадпрыемстваў, але і да вытворчых цэхаў. Прыгажосцю і дагледжанасцю вызначаюцца цэлыя вуліцы: Берагавога, Садовая, Будзённага, Паркавая…
Прыкладам, дастойным пераймання, лічыцца ўкладзеная праца ў добраўпарадкаванне жыхара горада Барыса Міхайлавіча Шахніцкага. Індывідуальны прадпрымальнік, які ўзводзіць магазін па вул. Карася, за свае ўласныя сродкі вырабіў прыгожую агароджу вакол свайго дома, які знаходзіцца на вуглу вуліцы К.Маркса і Карася (на здымку).
Вялікае свята адбудзецца ў нашым агульным доме, таму заклікаю жыхароў, асабліва прыватных домаўладанняў, навесці парадак каля сваіх дамоў, на прыдамавых тэрыторыях, высадзіць кветкі, пастаянна падкошваць траву. Раўнадушных у гэтай справе людзей не павінна быць. Тым больш, што яна не патрабуе вялікіх грашовых укладанняў, павінна быць толькі жаданне ўпрыгожыць сваё жытло на радасць сабе і праходзячым міма.
Хачу выказаць спадзяванне, што кожны з гасцей, які пабудзе ў Хойніках на свяце беларускага пісьменства, ацэніць вашы старанні па вартасці, ды і самім вам будзе вельмі прыемна ад рукатворнай прыгажосці.
А. МАШЭЎСКІ,
намеснік старшыні райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *