Карупцыя — скрытае злачынства

Законнасць і парадак

Карупцыя – сацыяльны феномен, крыніцы якога трэба шукаць у глыбокай старажытнасці. Связаны ён са звычаем рабіць падарункі жрацам з мэтай падтрымкі ў вырашэнні ўзнікаючых праблем. У антычных грамадствах дарагія падарункі выдзялялі дарыцеля з натоўпу, рабілі прыбліжаным. Тады такія паднашэнні былі нормай, сёння ж за гэтыя “дары” пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да пятнаццаці гадоў. Аб некаторых аспектах праблемы, якая ў апошні час актыўна абмяркоўваецца, расказаў следчы следчага аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці па Хойніцкаму раёну Д.І. ЛУКОМСКІ.






Дзмітрый Іванавіч Лукомскі, 1983 года нараджэння, ураджэнец г. Гомеля. Закончыў юрыдычны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці “правазнаўства”. Стажыраваўся ў пракуратурах Светлагорскага і Лельчыцкага раёнаў. У лістападзе 2006 года пачаў сваю працоўную дзейнасць у пракуратуры нашага раёна. Не лічачыся з асабістым часам, займаўся расследаваннем складаных крымінальных спраў, у большасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, звязаных з замахамі на жыццё і здароўе чалавека, карупцыйнымі праяўленнямі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 99 ад 1.03.2010 г. “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці органаў пракуратуры” следчы апарат органаў пракуратуры прайшоў рэфармаванне і з 1 ліпеня ўсе следчыя раённых пракуратур адносяцца да следчага аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці. У нашым раёне пасада следчага пракуратуры захавалася, яе займае Д.І. Лукомскі.

Па прыбыцці на працу яго сям’і выдзелена аднапакаёвая кватэра ў мікрараёне “Юбілейны”. Разам з жонкай, Любоўю Уладзіміраўнай, бухгалтарам па спецыяльнасці, выхоўваюць дачку Яўгенію, якая нарадзілася 10 студзеня сёлета.






– Дзмітрый Іванавіч, скажыце, калі ласка, у якіх сферах нашага грамадства выяўляецца большая колькасць карупцыйных злачынстваў?

– Сумнае лідэрства ўтрымлівае гандаль. Самым простым прыкладам тут могуць служыць хабары, якія прымаюцца ў ходзе праверкі якасці рэалізоўваемых тавараў. Есць выпадкі, калі работнікі гандлёвых аб’ектаў прапаноўваюць правяраючым у якасці хабару пэўную суму грошай і набор прадуктаў, каб пазбегнуць складання пратакола па выяўленых парушэннях і не быць прыцягнутымі да адказнасці. У выніку на прылаўках застаецца прадукцыя, якой там быць не павінна, і ў канчатковым выпадку пакутуюць звычайныя людзі.  На другім месцы па карумпіраванасці следуе прамысловасць, будаўніцтва, затым ахова здароўя, адукацыя і транспарт. Нягледзячы на агульную дынаміку скарачэння выяўлення карупцыйных злачынстваў, іх аналіз, а таксама судова-следчая практыка сведчаць, што карупцыі падвержаны ў большай або меншай ступені ўсе сферы чалавечага жыцця.

– У найбольш агульным сэнсе што азначае карупцыя?

– Гэта выкарыстанне службовай асобай свайго становішча ў мэтах атрымання асабістай выгады. На жаль, ні ў адной дзяржаве не ўдалося вырашыць гэтую праблему поўнасцю. Варта адзначыць, што сёння важную ролю ў барацьбе з гэтай хваробай грамадства адыгрываюць СМІ, тэлефоны даверу і звароты грамадзян у цэлым. Пры гэтым разглядваюцца і ананімныя пісьмы. У большасці выпадкаў факты, выкладзеныя ў ананімках, пацвярджаюцца.

– У чым складанасць у выяўленні карупцыйных злачынстваў, і якія даводзілася Вам расследаваць?

– Складанасць заключаецца ў тым, што яны праходзяць скрыта, часта па ўзаемнай згодзе бакоў, ды і самі хабарнікі з часам выпрацоўваюць пэўныя схемы дзеянняў, каб сябе засцерагчы.

Як адзначаў вышэй, больш фактаў карупцыі назіраецца ў прамысловасці, у тым ліку і сельскагаспадарчай вытворчасці. Так, у КСУП “Агракамбінат “Віць” скажалася  статыстычная справаздачнасць у частцы падзёжу грамадскай жывёлы. Факты карупцыі выяўлены з удзелам супрацоўнікаў КДБ службовай асобай упраўлення капітальнага будаўніцтва, якая курыравала аб’екты Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Расследаваў і злачынны “тандэм” мужа і жонкі, якія працавалі на кіруючых пасадах на торфабрыкетным заводзе “Хойніцкі”, вырашалі свае асабістыя справы праз падстаўную фірму ў г. Мінску. Увогуле, у іх судовай справе быў шэраг учыненых злачынстваў, абодва асуджаны на доўгія тэрміны пазбаўлення волі.

– На Ваш погляд, як трэба змагацца з карупцыяй?

– Сёння барацьба з карупцыяй, а значыць барацьба за кадравую чысціню калектыву – задача нумар адзін. Выпадкаў, калі работнікі прадпрыемства працуюць, напрыклад, на дачы ў цёшчы брыгадзіра, не павінна быць. Роўна як і такога распаўсюджанага, і, здавалася б, бяскрыўднага ўчынка, як службовы падлог. Выпісаць падложную даведку, каб калегу далі  крэдыт на патрэбную суму, па дабрыні душы можа любы бухгалтар. Але не трэба забываць, што гэта з’яўляецца карупцыйным злачынствам, якое цягне за сабой пакаранне.

 Закон аб барацьбе з карупцыяй дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь з 2006 года і ўтрымлівае 14 артыкулаў, разглядваючых падобныя злачынствы. Барацьба ж з карупцыяй будзе эфектыўнай, калі яна будзе весціся сумеснымі намаганнямі органаў пракуратуры, унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і простых грамадзян.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *