Набліжаемся да экватара

Сельское хозяйство

На палях раёна ў самым разгары жніво. Яно вянчае працу хлебаробаў на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года, і таму, нягледзячы на анамальную ліпеньскую спёку, калі тэрмометры зашкальваюць за +30 градусаў, механізатары і вадзіцелі на адвозцы збожжа прыкладаюць усе намаганні, каб убраць ураджай якасна, у тэрмін і без страт.

Аб тым, як складваюцца справы на хлебнай ніве, расказвае начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Р. ВАРАБЕЙ.

– Аляксандр Рыгоравіч, на якім этапе зараз уборачная кампанія?

– Сёлета збожжавыя культуры ў раёне займаюць плошчу 10780 га, што на 1250 га больш, чым летась. Умовы надвор’я склаліся так, што жніво мы пачалі раней, чым у мінулым годзе – да масавай уборкі прыступілі 12 ліпеня. Сёння  ўборачныя работы ў раёне набліжаюцца да свайго экватара: па стану на 23 ліпеня збожжавыя ўбраны на плошчы 4757 га, што складае 44 працэнты. Сярэдняя ўраджайнасць па раёну пакуль што складае 35,5 ц/га.

Найбольш высокая яна зараз у сельгаспрадпрыемствах “Судкова” (40,5 ц/га), імя Мележа (37,9), “Веляцін” (37,0) . У той жа час нізкая ўраджайнасць атрымана ў эксбазе “Стралічава” – усяго 28,2 ц/га, што стала следствам парушэнняў тэхналогіі вырошчвання збожжавых.

Калі ацэньваць гэты паказчык у разрэзе асобных культур, то пакуль што найбольш радуе азімая пшаніца, якая дае па 36,1 ц/га. Па 35,1 ц/га атрымліваем азімага трыцікале, 34,3 ц/га – ячменю.

У гэтым годзе 3900 тон збожжа мы павінны паставіць па дзяржзаказу: 3000 тон – РУП “Зара” (яго пастаўляем непасрэдна Хойніцкаму ўчастку па вытворчасці камбікармоў) і 900 тон – Рэчыцкаму камбінату хлебапрадуктаў. Гэтым прадпрыемствам сумарна ўжо пастаўлена 2397 тон збожжа, што складае 61% ад агульнага аб’ёму дзяржзаказу.

– Колькі камбайнаў і механізатараў заняты зараз на хлебнай ніве?

– На ўборку збожжавых сёлета выйшлі 50 камбайнаў, 9 з якіх (усе яны вытворчасці ВА “Гомсельмаш”) механізатары гаспадарак атрымалі якраз напярэдадні жніва. Нагрузка на камбайн зараз складае 216 га  (летась  205 га). Уся збожжаўборачная тэхніка поўнасцю забяспечана палівам.У гэтым гаспадаркам раёна добра дапамог ільготны (пад 3% гадавых) крэдыт на суму 2907,2 млн. рублёў.

Адпаведна на 50 камбайнах працуе 100 камбайнераў. Гэта механізатарскія кадры гаспадарак, і толькі 8 чалавек, якія не працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна, дапамагаюць весці ўборку ў якасці камбайнераў

– Як працуе зернесушыльнае абсталяванне?

– І тут асаблівых праблем не ўзнікае. У раёне зараз налічваецца 21 зернесушылка, збожжа сушым у сельгаспрадпрыемствах імя Мележа, “Аравічы”, “Судкова” і “Стралічава”, дапамагае ў дапрацоўцы збожжа і Хойніцкі ўчастак па вытворчасці камбікармоў РУП “Зара”.

А яшчэ ўмовы надвор’я і тэхнічныя магчымасці камбайнаў КЗС дазваляюць гэтым машынам працаваць у рэжыме ачысткі збожжа. На элеватары яно паступае з належным узроўнем вільготнасці.

– Што можна сказаць аб вывазцы саломы?

– На сённяшні дзень ад яе вызвалена амаль 50 працэнтаў убраных плошчаў – 2000 га. Вывезеная салома ідзе як на патрэбы жывёлагадоўлі гаспадарак, так і на продаж насельніцтву.
Акрамя таго, мы здрабняем салому і заворваем яе ў глебу. Пры апрацоўцы яе азотнымі ўгнаеннямі салома служыць у якасці выдатнай арганікі і спрыяе выроўніванню ўрадлівасці глеб. Такі агратэхнічны прыём мы выкарысталі на плошчы 697 га.

– Якія ўмовы працы і быту створаны для механізатараў?

– Усе камбайнеры забяспечаны спецадзеннем, для іх арганізавана двухразовае харчаванне і дадатковы падвоз пітной вады, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах працуюць душавыя. Людзі адказваюць на гэта самаадданай і сумленнай працай. Мяркую, што мы ўкладзёмся ў адведзеныя тэрміны ўборкі і па яе заканчэнні атрымаем усе запланаваныя паказчыкі.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *